Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Вінаградаў у турме на Акрэсьціна скінуў 10 кіляграмаў


Павал Вінаградаў пасьля 25-суткавага арышту. Фота Юліі Дарашкевіч
Павал Вінаградаў пасьля 25-суткавага арышту. Фота Юліі Дарашкевіч

Сёньня на волю выйшаў актывіст кампаніі «Гавары праўду!» Павал Вінаградаў, які 14 сакавіка быў асуджаны на 25 сутак зьняволеньня нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі і нецэнзурную лаянку.

«Гэтыя 25 сутак былі вельмі насычаныя. Па-першае, вельмі забаўна праходзілі выбары: прыйшла выбарчая камісія, усім прапанавалі галасаваць, нас на некалькі гадзін пасадзілі ўсіх разам, што дало зьняволеным магчымасьць свабодна пакамунікаваць. Аднак галасаваць я адмовіўся, як і астатнія „палітычныя“. Па-другое, разам са мной сядзелі два афраамэрыканцы — футбаліст і грамадзянін Францыі, зь якімі было шмат цікавых размоваў пра тое, як яны трапілі за краты», — распавёў Павал Вінаградаў пра ўражаньні ад амаль месяца ў няволі.

Актывіст адзначыў паляпшэньне ўмоваў утрыманьня ў турме на Акрэсьціна, пажартаваўшы, што кожны раз як ён туды трапляе, адзначае паляпшэньні:

«Адміністрацыя вельмі стараецца. З кожным разам умовы становяцца ўсё лепш і лепш. Зараз добра працуе вэнтыляцыя, з-за чаго ня так надымлена ў камэры. Начальства рэагавала на мае заявы. Я напісаў заяву, каб адраманатавалі лямпу дзённага сьвятла, — адразу ўсё было зроблена. Раней такога не было».
Павал ня еў на працягу 25 дзён, аднак кажа, што гэта не была галадоўка ў знак пратэсту, што ў яго былі свае прычыны ўжываць толькі сокі, якія яму перадавалі родныя і сябры:

«Я ніколі там нічога ня ем. Гэтым разам вырашыў на 24-я суткі адведаць супца і катлету. Суп смачны, а катлета падкачала — такой хлебнай катлеты я ня еў яшчэ ніколі. Я не аб’яўляў галадоўку, проста піў сокі, якія мне перадавалі, і паліў. Я так вырашыў зь некалькіх прычынаў: жаданьня схуднець, а таксама праз тое, што галодны арганізм больш хоча спаць, а калі чалавек сьпіць, то хутчэй ідзе тэрмін. Магу сказаць, што за гэтыя 25 сутак я скінуў 10 кіляграмаў вагі».

Паўла на волі сустрэлі яго жонка, бацька, сябры, журналісты, кіраўнікі кампаніі «Гавары праўду!» — Уладзімер Някляеў і Андрэй Дзьмітрыеў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG