Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія заступнікі Пуціна


Эўрапейскія лідэры, калі зьбіраюцца разам, спрабуюць выступаць адзіным фронтам, асуджаючы дзеяньні Расеі ва Ўкраіне. Але ў сябе дома ім даводзіцца змагацца з галасамі некаторых шырока вядомых асобаў, якія сымпатызуюць прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну.

Былы прэм’ер-міністар Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі кажа, што ізаляцыя Расеі «ідзе супраць гісторыі». Найбольш значнаму папулісту Вялікабрытаніі Пуцін явіцца як мужчына сярод хлопчыкаў. У Нямеччыне, дзе спачуваньне Маскве, як здаецца, мацнейшае і больш распаўсюджанае, чым у іншых краінах, СМІ прыдумалі новую мянушку: «пуцінаразуменьнік» (Putin-Versteher).

Пра гэта піша The Wall Street Journal. Прапануем вам пераклад артыкулу.


Сымпатыя для Крамля часта прыходзіць з адценьнем антыамэрыканізму, варожасьці да Эўразьвязу, павагі да рашучага кіраўніцтва і боязі пашкодзіць бізнэсовыя інтарэсы ў Расіі.

У многіх краінах абаронцы спадара Пуціна зьяўляюцца прыкметнымі, але антыўрадавымі фігурамі, якія разыходзяцца ў меркаваньнях з больш шырокім грамадзтвам. Але ў Нямеччыне яны ўключаюць у сябе двух былых канцлераў, дыпляматаў, заканадаўцаў і бізнэс-лідэраў.

Гэтыя галасы разуменьня праліваюць сьвятло на далікатныя палітычныя манэўры, якія трэба праводзіць некаторым эўрапейскім лідэрам, асабліва канцлеру Нямеччыны Ангеле Мэркель, калі яны спрабуюць націснуць на спадара Пуціна, каб ён паступіўся ў пытаньні Ўкраіны.

Вялікабрытанія, Францыя, Італія і Нямеччыны дамовіліся выключыць Расею зь «вялікай васьмёркі». Эўразьвяз увёў санкцыі супраць высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў і пагражае шырокамаштабнымі эканамічнымі санкцыямі, калі Масква пачне вайсковае ўварваньне ва ўсходнюю Ўкраіну. Крытыкі Расеі называюць гэтыя захады ня больш чым плескачом па руцэ, улічваючы сур’ёзнасьць расейскай анэксіі Крыму, які міжнароднай супольнасьцю прызнаецца тэрыторыяй Украіны.

Але прыхільнікі, нават калі яны ня цалкам ўхваляюць анэксію, бачыць некаторыя станоўчыя якасьці ў аўтарытарным кіраўніку Расеі.

«Я не люблю яго, я не давяраю яму і я не хацеў бы жыць у яго краіне» – заявіў у Лёндане на гэтым тыдні Найджэл Фарадж, лідэр брытанскай Партыі незалежнасьці, вядомай сваім эўраскэптыцызмам. «Але калі параўноўваць зь дзецьмі, якія кіруюць зьнешняй палітыкай ў нашай краіне, дык у мяне больш павагі да яго, чым да нашай кампаніі». Раней сёлета ў інтэрвію для часопісу «GQ» спадар Фарадж назваў спадара Пуціна сусьветным лідэрам, якім ён найбольш захапляецца, «апэратарам, але не чалавечай істотай».

У Італіі на мінулым тыдні спадар Бэрлюсконі – які ў настолькі блізкіх адносінах з Пуцінам, што нават адпачываў разам зь ім – назваў выключэньне Расеі зь «вялікай васьмёркі» «неразумным і далёкім ад канструктыўнага духу» яго ўласнай дыпляматыі ў мінулым. Большасьць італьянцаў настолькі паглынутая ўнутранымі праблемамі сваёй краіны, што прамаскоўскія выказваньні Берлюсконі прайшлі амаль бяз водгуку.

У Францыі захапленьне расейскім прэзыдэнтам выказалі некаторыя палітыкі як з крайняга левага, так і крайняга правага крыла. «На мой погляд, спадар Пуцін не зрабіў ні адной памылкі, а яго апанэнты, амэрыканцы і Эўразьвяз, робяць грубыя памылкі амаль увесь час» – сказаў францускай тэлевізіі Жан-Мары Ле Пэн, заснавальнік крайне правага Нацыянальнага фронту.

Франсуа Фіён, былы правацэнтрысцкі прэм’ер-міністар Францыі, заклікаў сваю краіну прызнаць прэтэнзіі Расеі на Крым як гістарычна законныя. Патрапляючы ў тон шмат якім незадаволеным галасам у Эўропе, ён нядаўна сказаў на францускім радыё, што «чым менш ЗША ўмешваюцца ў гэтую справу, тым лепш». Апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, аднак, што большасьць францускіх выбаршчыкаў мае цьмянае ўяўленьне пра Пуціна.

Сытуацыя прыкметна адрозьніваецца ў Нямеччыне, дзе галасы, якія заклікаюць прызнаць расейскія інтарэсы, больш шматлікія. Нямецкі грамадзкі дыскурс аб Расеі ўсё яшчэ знаходзіцца пад уплывам адчуваньня віны з нацысцкай эпохі ды глыбокіх бізнэсовых сувязяў.

Апазыцыя супраць эканамічных санкцый як спосабу пакараць Расею складае 36% у Нямеччыне, 23% у Вялікабрытаніі ды 15% у Даніі, Швэцыі і Нарвэгіі, паводле апытаньня сацыялягічнай службы YouGov, праведзенага у Эўропе 21-27 сакавіка.

У інтэрвію газэце Die Zeit былы канцлер Нямеччыны Гельмут Шміт сказаў, што дзеяньні Пуціна падаюцца яму «абсалютна зразумелымі», і заклікаў немцаў падумаць аб гісторыі, перш чым асуджаць Крэмль.

«Важней, чым апэляваць да міжнароднага права, паглядзець на гістарычнае разьвіцьцё Крыму» – сказаў спадар Шміт. «Гісторыкі разыходзяцца ў меркаваньнях, ці ёсьць нават такое паняцьце, як ўкраінская нацыя».

Герхард Шродэр, які на пасадзе канцлера да 2005 году ўсталяваў цесныя сяброўскія адносіны з Пуцінам, выказаў разуменьне для расейскага «страху акружэньня» з боку Захаду.

Прарасейскія схільнасьці Шродэра добра вядомыя ў Нямэччыне. Экс-канцлер, цяпер старшыня газаправоднай кампаніі, большая частка якой належыць расейскаму Газпраму, некалі лічыў Пуціна «бездакорным дэмакратам».

Не апраўдваючы анэксію Крыму, спадар Шродэр адначасова не прыдаў вялікага значэньня парушэньню Расеяй міжнароднага права, кажучы, што Нямеччына і НАТО таксама парушылі міжнароднае права, калі бамбавалі Сэрбію без санкцыі ААН – гэты прэцэдэнт прыводзіць і сам Пуцін.

Спадарыня Мэркель ужывае жорсткую рыторыку ў дачыненьні да спадара Пуціна і папярэджвае, што крызыс можа нанесьці Расеі «агромністыя страты». Большая частка нямецкай прэсы востра раскрытыкавала Шродэра, Шміта і іншых «пуцінаразуменьнікаў» і «расеяразуменьнікаў», якія знаходзяць апраўданьне для ўзброенай агрэсіі ў стылі ХІХ стагодзьдзя.

Але галасы спачуваньня знаходзяць водгук сярод нямецкай грамадзкасьці і некаторых элітаў. Галоўны выканаўчы дырэктар канцэрну Siemens AG Джо Кёзэр прывёў выказваньні двух былых канцлераў, каб апраўдаць свой візыт у Пуціна на мінулым тыдні.

Сярод немцаў, апытаных 31 сакавіка і 1 красавіка, 49% сказалі, што зьнешняя палітыка краіны павінна займаць «сярэдняе становішча паміж Захадам і Расеяй», у той час як 46% лічаць, што Нямеччына павінна быць у блізкім саюзе з Захадам (апытаньне праводзіла кампанія infratest dimap). У іншым апытаньні, праведзеным ў сярэдзіне сакавіка, палова немцаў заявіла, што Эўразьвяз павінен папросту пагадзіцца з анэксіяй Крыму Расеяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG