Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары прэзыдэнта Літвы: Грыбаўскайце і яшчэ шэсьць кандыдатаў


Даля Грыбаўскайце

Даля Грыбаўскайце

11 траўня ў Літве пройдуць чарговыя прэзыдэнцкія выбары. Мясцовыя экспэрты не сумняваюцца, што перамогу на іх атрымае дзейны кіраўнік дзяржавы Даля Грыбаўскайце.

Пытаньне толькі адно — ці спатрэбіцца для вызначэньня прэзыдэнта другі тур? Калі спатрэбіцца, то паўторнае галасаваньне пройдзе 25 траўня. У гэты ж дзень грамадзяне Літвы абяруць і сваіх дэпутатаў у Эўрапарлямэнт.

Галоўная выбарчая камісія Літвы зарэгістравала сем кандыдатаў. Гэта — Даля Грыбаўскайце, прадстаўнік Партыі працы Артурас Паўлаўскас, лідэр Выбарчай акцыі палякаў Літвы Вальдэмар Тамашэўскі, прадстаўнік сацыял-дэмакратаў Зігмантас Бальчыціс, мэр Вільні Артурас Зуокас, старшыня Літоўскага саюзу сялян і зялёных Броніс Ропэ, парлямэнтар Нагліс Пуцейкіс.

Былі яшчэ пяць патэнцыйных кандыдатаў. Аднак ніхто зь іх не здолеў сабраць мінімальных 20 тысяч подпісаў выбарцаў (у Беларусі, дарэчы, для рэгістрацыі патрэбна мець 100 тысяч).

Сёньня найбуйнейшы партал навінаў краінаў Балтыі DELFI надрукаваў вынікі апытаньня грамадзкай думкі Літвы наконт прэзыдэнцкіх выбараў. Па-ранейшаму найбольш верагодны пераможца — Даля Грабаўскайце. А вось прэтэндэнта на другое месца Зігмантаса Бальчыціса паступова даганяе Артурас Паўлаўскас. Калі на пачатку года іх разьдзялялі 4% падтрымкі, то цяпер — толькі 1%.

Астатнія прэтэндэнты значна саступаюць першай тройцы.

Літоўскі палітоляг,прафэсар унівэрсытэта імя Вітаўта Вялікага ў Коўне Лаўрас Белініс так пракамэнтаваў Свабодзе перадвыбарчую сытуацыю ў сваёй краіне:

«Інтрыга ўсіх выбараў заключаецца найхутчэй ня ў тым, хто пераможа, а ў тым, ці пераможа Даля Грыбаўскайце ў першым туры. І пакуль яе шанцы выглядаюць даволі аптымістычна. Ёй трэба набраць 50% плюс 1 голас выбарцаў. А на папярэдніх выбарах яна здолела атрымаць у першым туры 64%».

На пытаньне Свабоды, ці могуць зьмяніцца беларуска-літоўскія дачыненьні пасьля завяршэньня выбарчай кампаніі, спадар Белініс адказаў так:

«Я думаю, што калі пераможа Даля Грыбаўскайце, то найхутчэй яны застануцца ў тым жа ключы, акцэнты застануцца тыя ж. І мы будзем мець натуральны працяг цяперашніх дачыненьняў. То бок ніякіх рэзкіх паваротаў тут ня будзе. Я ўпэўнены,што Літва і яе будучы прэзыдэнт, нават калі гэта раптам стане не Даля Грыбаўскайце, будуць трымаць іх у тым жа рэчышчы».
XS
SM
MD
LG