Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявілася відэа, як уцякалі з Украіны паплечнікі Януковіча


Тэлеканал «Інтэр» апублікаваў унікальнае відэа ўцёкаў з данецкага аэрапорта двух набліжаных да былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча чыноўнікаў.

Ахова экс-генэральнага пракурора Ўкраіны Віктара Пшонкі і экс-кіраўніка Міністэрства даходаў і збораў Аляксандра Кліменкі страляла ў памежнікаў ў аэрапорце Данецка.

На апублікаваным тэлеканалам «Інтэр» відэа з камэр назіраньня ў аэрапорце відаць, як Пшонка і Кліменка, зьмятаючы ўсё на сваім шляху, прарываюцца на самалёт.


Памежнікі спрабавалі іх затрымаць, нават стралялі ў паветра — рабілі папераджальныя стрэлы, аднак чыноўнікаў гэта не спыніла. Пры гэтым Кліменка пачаў бойку з памежнікамі. У сваю чаргу Пшонка пад прыкрыцьцём сваёй аховы зьбег з тэрмінала.

Як адзначыў прадстаўнік Дзяржпамежслужбы Ўкраіны Сяргей Астахаў, у залі афіцыйных дэлегацый аэрапорта «ахова гэтых грамадзян чыніла фізычны супраціў памежнаму нараду, што дазволіла ім пакінуць тэрыторыю аэрапорта».

22 лютага Пшонка разам з Кліменкам і яшчэ трыма мужчынамі зь іх суправаджэньня ў Данецкім аэрапорце спрабавалі зарэгістравацца на рэйс. Супрацоўнікі памежнай службы паспрабавалі перашкодзіць ім выляцець. Экс-генпракурору Віктару Пшонку за супраціў памежнікам пагражае да шасьці гадоў турмы.
XS
SM
MD
LG