Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Мікалая Аўтуховіча будзе чакаць яго пад турмой


Лідзія Юльянаўна Аўтуховіч

Лідзія Юльянаўна Аўтуховіч

8 красавіка заканчваецца тэрмін зьняволеньня прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча, якога ў 2009 годзе Вярхоўны суд прызнаў вінаватым ў незаконным захоўваньні некалькіх патронаў ды асудзіў за гэта на 5 гадоў зьняволеньня.

Яшчэ два месяцы дадаліся да тэрміну Аўтуховіча за кошт раней неадбытага часу паводле прысуду за нясплату падаткаў. Спачатку Мікалай Аўтуховіча адбываў пакараньне ў калёніі пад Івацэвічамі, але больш за 2 гады таму яго прызналі «злосным парушальнікам рэжыму і перавялі ў гарадзенскую турму. І пасьля вызваленьня Мікалай Аўтуховіч не пазбавіцца надзвычайнага кантролю з боку міліцыі — на год і 4 месяцы яму прызначылі прэвэнтыўны нагляд. Спроба палітвязьня аспрэчыць пакараньні, якія наклалі на яго гарадзенскія турэмшчыкі, аказаліся марнымі — суд усе скаргі Аўтуховіча адхіліў і пакінуў прэвэнтыўны нагляд бяз зьменаў.

5 красавіка Лідзія Юльянаўна Аўтуховіч сказала «Свабодзе», што пэўна будзе чакаць сына каля ўваходу у турму ўжо пачынаючы з нуля гадзінаў 8 красавіка.

«Бо я ня ведаю, калі яго выпусьцяць, у які час. Ніхто мне пра гэта не кажа. Мікалай у лістах пра гэта ня напісаў таксама. Відаць, і сам ня ведае, ці не бярэцца нешта казаць пэўна. Ён жа разумее, што там могуць усё зрабіць іначай, як спачатку меркавалі. Магчыма ноччу выпусьцяць, магчыма — раніцай. Будзем стаяць і чакаць».

Жонка Мікалая Аўтуховіча Алена прызналася, што адчувае радасьць ад таго, што набліжаецца час вызваленьня яе мужа.

«Канешне, мяне перапаўняе радасьць. Нарэшце! Дай толькі Бог, каб у яго было здароўе, каб ён аднавіў сваё здароўе, бо апошнім часам было бачна, што яму стала горш.»

Алена Аўтуховіч шчыра прызналася, што мінулыя 5 гадоў былі для яе вельмі складанымі:

«Гэта такі прабел ў жыцьці, які нічым немагчыма было запоўніць. Але і што будзе далей, не магу прадказаць. Вось сустрэнемся з Мікалаем і ўсё абгаворым, як будзе далей».

Апошнім разам Мікалай Аўтуховіч і Алена бачыліся ў сьнежні мінулага году, на кароткатэрміновым спатканьні. Іх сустрэча праходзіла, як звычайна ў гарадзенскай турме, пад наглядам ахоўнікаў. Асабліва Алену занепакоіла тое, што яе муж выглядаў як ніколі раней стомленым:

«Цень ад чалавека засталася. Што вы хочаце, калі чалавек столькі часу не бачыў сонца, а да яго яшчэ такое перадузятае стаўленьне? Ён быў у вельмі
Цень ад чалавека засталася. Што вы хочаце, калі чалавек столькі часу не бачыў сонца....
складаным стане. Казаў, што напярэдадні трымалі фактычна на холадзе, на скразьняку, а зь ягоным хрыбетнікам ды суставамі — гэта жах. Казаў, што зусім не адчувае суставаў. Але пры гэтым ўсьміхаецца, што ўсё добра, што ён здаровы! Вось такі ён аптыміст. Праз усё жыцьцё захоўвае і дэманструе гэты свой аптымізм», — згадала Алена Аўтуховіч.

На пытаньне, ці не зьбіраецца Мікалай Аўтуховіч пасьля вызваленьня аднавіць свой бізнэс, жонка прадпрымальніка адказала пытаньнем:

«Пра які бізнэс можа быць гаворка, калі на ім паўтара мільярду доўгу вісіць і ён нявыязны?»

Жонка Аўтуховіч нагадала пра тое, што за яе мужам будзе прэвэнтыўны нагляд:

«Яго гэтак проста не адпусьцяць, будуць «ахоўваць».

Алена Аўтуховіч не адказала на пытаньне, ці зьбіраецца яна прыехаць у Горадню 8 красавіка. Адносна плянаў дачкі Кацярыны Алена сказала:

«Зь ёй усё добра... Прабачце, не магу больш гаварыць».
XS
SM
MD
LG