Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква можа ў любы момант «адключыць» комплексы «Тор-М2», якія прадае Беларусі, — вайсковы аглядальнік


Беларусь працягвае закупляць ў Расеі зэнітныя ракетныя комплексы «Тор-М2», якімі ўжо узброены дывізіён ў складзе трох зэнітных батарэй.

«Плянуецца да 2020 году закупіць яшчэ некалькі ўзораў дадзенага віду ўзбраеньня», — паведаміў, паводле БелТА, генэрал-маёр Алег Двігалёў, які камандуе Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі процівапаветранай абароны Ўзброеных Сіл Беларусі. Таксама Алег Двігалёў заявіў пра ўзгадненьне з расейскім бокам паставак ў Беларусь чатырох ракетных зэнітных дывізіёнаў С-300 ды хуткае набыцьцё некалькіх вучэбна-баявых самалётаў Як-130.

Ці не зьвязаныя пастаўкі расейскай зброі з падзеямі ва Ўкраіне?

Кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў гэта абвяргае. Паводле аглядальніка, пастаўкі ў Беларусь зэнітных комплексаў «Тор-М2» і С-300 былі заплянаваныя значна раней за падзеі, вынікам якіх стала абвастрэньне адносін Украіны з Расеяй.

«Упершыню пра тое, што такое узбраеньне будуць закупляць, стала вядома яшчэ ў 2011 годзе. А па другое — партыя вельмі нязначная. Калі адносна С-300 ідзе гаворка пра 4 дывізіёны, і хутчэй за ўсё гэта бэўшныя дывізіёны, бо не паведамляюць пра мадыфікацыю, год вырабу і колькасьці ракет, якія да іх закупляць, то адносна „Тор“, калі захаваецца тая ж дынаміка закупак — адна батарэя ў год — гэта недастаткова. Нам трэба закупаць паводле патрэбаў ня меньш за адзін дывізіён ў год, то бок ў чатыры разы больш. Што да самалётаў Як-130, таксама партыя нязначная, ўсяго 4 штукі. Гэта вучэбныя самалёты, яны адносна танныя, каля 17,5 мільёнаў даляраў за самалёт. То бок гэта ня тыя аб’ёмы, калі можна казаць пра пэўнае ўзмацненьне, зьвязанае з падзеямі ва Ўкраіне. Тады былі б зусім іншыя аб’ёмы паставак ».

Ці не выглядае гэтак, што Расея «сплаўляе» Беларусі зброю не лепшай якасьці? Аглядальнік Андрэй Паротнікаў гэтак ня лічыць, але ўказвае на асаблівасьці продажы Беларусі экспартных варыянтаў расейскага ўзбраеньня.

«Заўважу, што насамрэч з Расеі ў Беларусь пастаўляецца не зэнітны комплекс „Тор-М2“, а „Тор-М2э“. Гэта экспартны варыянт, у якім прадугледжаны ўсечаны агларытм апрацоўкі сыгналу. То бок ён меней эфэктыўны за той варыянт, які ідзе для самой Расеі.»

Чаму афіцыйная крыніца — БЕЛТА — паведамляе усё ж , што закупяць менавіта «Тор-М2»? Гэта робіцца адмыслова?

«Яны пішуць гэтак ўвесь час, але рэальна закупляюцца комплексы з індэксам „э“ — экспартны. Расея ўжо даўно не прадае і не пастаўляе ў Беларусь зброю і вайсковае абсталяваньне нацыянальнай камплектацыі, калі ёсьць экспартная камплектацыя. Не бяруся меркаваць, наколькі экспартны варыянт горшы, але тут ёсьць вось якая асаблівасьць. Трэба разумець, што найперш гэта складаная электронная тэхніка, а зараз ёсьць такая мода, як рабіць ў тэхніку электронныя закладкі. То бок ў пэўны момант гэтая зброя проста можа не спрацаваць. Гэта значыць, што ў тых, хто прадае гэтую зброю, ёсьць рычагі, якія дазваляюць у пэўны момант яе адключыць. Адбудзецца прыкладна тое ж, што з грузінскімі бяспілотнікамі, якія яны набылі ў Ізраіля перад вайной з Расеяй. Тады габрэі проста прадалі, ці перадалі расейцам коды доступу і грузінскія бяспілотнікі аказаліся непатрэбнымі. А яшчэ раней з гэтым сутыкнуўся Ірак падчас вайны 1991 году, калі раптам аказалася, што ў іх не спрацавала супрацьпаветранае абсталяваньне, якое закупілі ў Францыі.»
XS
SM
MD
LG