Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэнэр тайбаксёраў: У нашых венах — кроў ваяроў ВКЛ


Празь месяц у Малайзіі пройдзе чэмпіянат сьвету па муай-тай, на які выправіцца прадстаўнічая беларуская дэлегацыя. Байцы разьлічваюць істотна папоўніць і без таго багатую скарбонку мэдалёў, яшчэ больш умацаваўшы пазыцыі айчыннага тайбоксу на міжнароднай арэне.

Пра фэномэн сучасных ваяроў, чые перамогі неад’емна павязаныя з гістарычнай і моўнай спадчынай, — старшы трэнэр нацыянальнай зборнай Юрась Булат.

— Юрась, тайбокс — сапраўды ўнікальная зьява для беларускага спорту: ня будзе перабольшаньнем канстатаваць, што па колькасьці дасягненьняў ніводная іншая дысцыпліна і блізка не дацягвае. У чым унікум? Асабліва з улікам, што беларусаў прынята лічыць нацыяй талерантнай, не ваяўнічай...

— На самай справе мы ня раз задавалі сабе такое пытаньне, бо гэта сапраўды пэўны фэномэн. Так, нібыта талерантныя беларусы, але пры гэтым адны з мацнейшых у сьвеце ў сваёй справе: за апошняе дзесяцігодзьдзе фактычна кожны год нашы хлопцы ў тройцы на чэмпіянатах сьвету, Эўропы; ня раз перамагалі ў агульнакамандным заліку. Чаму так? Мо гэта ў крыві нашай? Калі зірнуць на нашу славутую гісторыю, на нашых ваяроў яшчэ ад часоў Вялікага Княства Літоўскага, дык усе вялікія войны праходзілі праз тэрыторыю цяперашняй Беларусі. Нашы гераічныя прашчуры заўсёды былі на перадавой, і некаторая частка ваяўнічага гену, пэўна, перадалася нам, іх нашчадкам. Такая мая думка, бо пра гэта можна толькі разважаць, як кажуць, філязофстваваць на тэму... Выязны майстар-кляс у польскіх калегаў

Выязны майстар-кляс у польскіх калегаў


У кароне чэмпіёну сьвету сярод прафэсіяналаў

У кароне чэмпіёну сьвету сярод прафэсіяналаў




— Можа, гэта такое пакаленьне «Lucky», як амэрыканцы кажуць? За імі нехта стаіць, маладая зьмена падрастае?

— Я сам адношуся да аднаго зь першых пакаленьняў тых, хто пачынаў тайскі бокс у Беларусі. Гэта быў пачатак 1990-х. Як вядома, першым заўжды цяжэй: калі робіш крокі навобмацак, калі рушыш у невядомасьць, ня ведаеш, як зрабіць далікатней, як правільней. Паколькі гэта жорсткі від спорту, адсюль і наступствы: няправільна ставіш тэхніку — можаш траўмавацца, робіш стаўку на жорсткасьць — таксама можа дрэнна скончыцца. На жаль, у той час гэтага нам ніхто падказаць ня мог. А вось зараз другое, трэцяе, чацьвёртае пакаленьні тайбаксёраў трэніруем мы, пачынальнікі. І я ўжо, напрыклад, магу падказаць: не рабі гэтага, ня зрушвай сюды, бо тут ёсьць такая пастка, а там ты рызыкуеш траўмавацца. Дарэчы, калі застаюся сам-насам са сваімі думкамі, ня раз лавіў сябе на такіх развагах: было б так добра, каб на пачатку 1990-х са мной побач быў бы такі дзядзька, як я сам. За прамінулы час сфармавалася беларуская школа тайскага боксу — на нашых шышках, на нашых гематомах, на нашым, як мы кажам, «лайф экспірыенс», жыцьцёвым вопыце. І цяпер перадаём назапашаныя веды нашым вучням, якія дастаткова пасьпяхова падтрымліваюць узровень тайскага боксу на ўсясьветных арэнах, заваёўваюць залатыя мэдалі ўсясьветных першынстваў, паясы чэмпіёнаў сьвету і г.д.

— Беларускі тайбокс адметны ня толькі зайздроснымі дасягненьнямі, але найбольшай колькасьцю спартоўцаў, якія гавораць на роднай мове. Можаце распавесьці сваю гісторыю прыходу да беларускасьці?

— У мяне была вельмі добрая настаўніца ў школе — Кароль Варвара Якаўлеўна, якая прывіла вучням вось гэтую любоў да беларускасьці. Тое, што я ўвесь час зь лёгкай узьнёсласьцю бег на ўрокі беларускай літаратуры і мовы, — гэта толькі дзякуючы, напэўна, гэтаму чалавеку. Ну, і плюс яшчэ ў мяне ўсе бабулі і дзядулі — зрэшты, таксама як мама і тата — яны настаўнікі, кожны ў сваёй сфэры. Прыкладам, па бацькавай лініі бабуля і дзядуля былі настаўнікамі матэматыкі, выкладалі свой прадмет на беларускай мове ў вёсцы. Калі ў нас (бяз жалю нельга казаць) яшчэ хоць у вёсках былі беларускамоўныя школы, а цяпер, на жаль, нават у вёсках ужо беларусаў рэдка сустрэць можна. Мо адтуль гэта таксама ідзе. Я штоканікулы прыяжджаў да іх, з захапленьнем слухаў, як яны размаўляюць на роднай мове. Гэта Слуцкі раён, вёскі Варкавічы, Сярагі. Дарэчы, паўстаньне Кастуся Каліноўскага пачыналася якраз з тых мясьцінаў. Таму вось яны — мае настаўнікі: мае бабулі, дзядулі, мая настаўніца са школы. Выйграваць у Тайляндзе – заўсёды пачэсна

Выйграваць у Тайляндзе – заўсёды пачэсна


Чарговы тытул пераможцы

Чарговы тытул пераможцы





— Нас вас ляжыць яшчэ і пэўная асьветніцкая місія? Бо прыходзяць хлопцы з рабочых раёнаў, якія, магчыма, увогуле першы раз чуюць жыўцом беларускую мову?

— Ведаеце, у мяне займаюцца таксама і беларускамоўныя хлопцы, што, канечне ж, вельмі прыемна. Прычым, такімі ўжо прыходзяць, гэта ня я іх, што называецца, схіляю. Хоць, не выключаю, што спрацоўвае «сарафаннае радыё» — маўляў, ёсьць такі трэнэр, ня толькі чэмпіён, але і з традыцыямі, беларускамоўны, можа і нечаму цікаваму ў дадатак да спорту навучыць. Ня буду ўжо пра сябе асабліва казаць, але факт застаецца фактам: прыходзяць хлопцы, займаемся, часта па-беларуску размаўляем у калектыве...

— То бок, адзін з асяродкаў у сталіцы, дзе гучыць беларуская мова? Я маю на ўвазе асяродак ня творчы, у якім круцяцца мастакі, журналісты, пісьменьнікі, а, скажам так, не зусім тыповы...

— Так, спартовая заля па тайляндзкім боксе — сапраўды ёсьць такое... Калі яшчэ казаць пра асьветніцкую дзейнасьць, магчыма, ня так шмат клюбаў і трэнэраў, якія вучаць ня толькі тайскаму боксу, кікбоксінгу, але і як быць добрым, адукаваным чалавекам. Бо на самай справе ў баявых мастацтвах асноўныя героі — ваяры, таму мы непазьбежна сутыкаемся зь сілай. Як вядома, сіла і грошы правяць гэтым сьветам, так? Таму шмат што залежыць ад трэнэра, які павінен растлумачыць хлопцам, што сіла ёсьць ня ўсё ў гэтым сьвеце, што перш за ўсё ты павінен быць добрым чалавекам, а ўжо па-другое — здолееш ці ня здолееш навучыцца тайскаму боксу. І я за кожнага свайго хлопца з трэніроўкі адкажу пэрсанальна. Як кажуць, зуб даю. Гэта мае людзі, гэта я іх выхоўваю, і выхоўваю перш за ўсё як добрых людзей нашага грамадзтва.
З судзьдзямі ўзгоднена, можна пачынаць біцца

З судзьдзямі ўзгоднена, можна пачынаць біцца


Трыо чэмпіёнаў свету ў адной вазе: Пясецкі, Гуркоў, Булат

Трыо чэмпіёнаў свету ў адной вазе: Пясецкі, Гуркоў, Булат



— Каб была захаваная палітыка пачатку 1990-х, без увядзеньня так званага двухмоўя, нешта ў галовах беларусаў у патрэбным кірунку зрушылася б?

— Як мне падаецца, перш за ўсё павінен быць крыху іншы закон аб мовах, бо сёньняшні закон не дазваляе ў дастатковай ступені разьвіваць роднае слова. Паколькі мы жывём у соцыюме, то ён, безумоўна, накладае адбітак на нашы ўчынкі і думкі. Закон — перадусім, так? Таму, бясспрэчна, ад моўнага закону шмат што ідзе. Магчыма, ня трэба рабіць яго такім жорсткім, як намагаліся ва Ўкраіне: і размаўляць толькі па-ўкраінску, і ўсе справаздачы пераводзіць на ўкраінскую мову. А калі людзі з розных прычынаў не засвоілі мову? Трэба да гэтага ставіцца больш акуратна. Так склалася, што там шмат неўкраінамоўных. І ў нас таксама. Ну што ты зробіш, калі камуністы дзесяцігодзьдзямі выбівалі з нас беларускую мову? Але тое, што адбываецца ў нас цяпер, — я катэгарычна супраць гэтага. Як гэта так? Мы ў Беларусі не размаўляем па-беларуску, вёска ўжо перастае размаўляць на роднай мове. Навіны па-расейску — гэта яшчэ што такое? Уключаеш беларускі канал, дзе павінна гучаць беларуская мова, а там перадачы на расейскай? О’кей у нейкіх выпадках гэта можна, але чаму тады ў Расеі, якая ёсьць часткай саюзнай дзяржавы, навіны не па-беларуску, а толькі па-расейску? Чаму ў Польшчы размаўляюць па-польску? Чаму ў Літве, Латвіі па-літоўску, па-латыску? Чым мы адрозьніваемся, чым мы горшыя? Чаму вечна нейкія забітыя? Не прэтэндую на нейкую ісьціну, проста ўласныя думкі як грамадзяніна краіны.

— Вы часта згадваеце пра часы ВКЛ, калі атрыбутамі дзяржаўнасьці былі герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг. Ці разумна праз паўтысячы гадоў спрабаваць забараняць, крыміналізаваць гістарычную спадчыну?

— Мая пазыцыя такая: быў рэфэрэндум, большасьць людзей прадэманстравала настальгію па Савецкім Саюзе, захацелася ім быць бліжэй да тых часоў, вырашылі, што пад чырвона-зялёным будзе лепш. Спартоўцы зборнай Беларусі выходзяць у рынг пад дзяржаўным чырвона-зялёным сьцягам. Але ў той жа час лічу, што адмаўляць нашы спрадвечныя сымбалі непатрыятычна. Вучу і сваю старэйшую дачку, якой 7 гадоў, што бел-чырвона-белы сьцяг ― наш гістарычны сымбаль, ня трэба ад яго адмаўляцца і тым больш забараняць. Мне здаецца, мы часта сутыкаемся зь няведаньнем гісторыі. А баяцца нашых спрадвечных сымбаляў — несправядліва. Надзейны тыл забясьпечвае жонка Тацьцяна

Надзейны тыл забясьпечвае жонка Тацьцяна


Татавы дачушкі: Кацюша і Маргоша

Татавы дачушкі: Кацюша і Маргоша



— Стэрэатыпная сама трактоўка: калі ты пад бел-чырвона-белым сьцягам — аўтаматычны робісься апазыцыянэрам...

— Ды слухайце, у нас такія рэаліі, што калі ты па-беларуску размаўляеш, то ўжо апазыцыянэр. Я не апазыцыянэр, я проста нармальны прадстаўнік свайго грамадзтва, адукаваны, які ведае сваю мову. А вы спытайце ў каго-небудзь на вуліцы, ці размаўляеце па-беларуску? Увогуле пра гэта сорамна нават казаць, але ў Менску, напэўна, 90% адказалі б, што не. Дурное стаўленьне, скажу адразу. І ўжо зусім невытлумачальнае клішэ: калі ты размаўляеш па-беларуску — ты апазыцыянэр, калі ты за бел-чырвона-белы сьцяг — ты апазыцыянэр. Гэта наша гісторыя! На гэтай мове размаўлялі нашы дзядулі, прадзеды. Як можна ад гэтага адмаўляцца, нэгатыўна ставіцца — ня ведаю. Гэта ідзе не з маім сэрцам, мне з гэтым ня поруч. Вялікае Княства Літоўскае ў свой час было адным з геапалітычных цэнтраў. І беларуская мова была ў ВКЛ дзяржаўнай. Таму адмаўляцца ад гэтай выбітнай гісторыі для нас няправільна і нявыгадна.

— Юрась, раскажыце пра свой байцоўскі клюб, пра сваіх выхаванцаў.

— Так, я сапраўды маю свой джым, ён называецца «Булат-джым». У мяне насамрэч гэткае «сталёвае» прозьвішча, і тут, як кажуць, забітыя адразу дзьве рэчы. Тое, што ўвогуле мяне ведаюць па-за межамі краіны як Булата, неаднаразовага чэмпіёна сьвету, бязь лішняй сьціпласьці, як асобу ў гэтым відзе праграмы. Зь іншага боку, гэта такі добры знак — як булатная сталь, загартаваная, моцная, якую не зламіць. Насамрэч вельмі блізка да самога сымбалю моцнага, жорсткага хлопца, які займаецца муай-тай. Таму мы доўга ня думалі і вырашылі назваць «Булат-джым». І калі нехта думае, што гэта толькі маё прозьвішча, дык на самай справе тут двайны падтэкст. Так, можа крыху і прозьвішча, але сымбаль нашага клюбу — ня я (сьмяецца), а два перакрыжаваныя мячы з булатнай сталі. Ужо 8 гадоў нашаму джыму, ёсьць свае і чэмпіёны сьвету, і Эўропы, і пераможцы Кубкаў сьвету, а тых, хто перамог у чэмпіянатах краіны, нават не падлічваем. "Вадапой": з цяжкавагавіком Дзянісам Ганчаронкам (з архіву)

"Вадапой": з цяжкавагавіком Дзянісам Ганчаронкам (з архіву)


Эмоцыі: з галоўным трэнэрам зборнай Міхаілам Сьцяпанавым

Эмоцыі: з галоўным трэнэрам зборнай Міхаілам Сьцяпанавым


Новая фармацыя пераможцаў – Зьміцер Варац

Новая фармацыя пераможцаў – Зьміцер Варац



— То бок, каб тайскі бокс быў алімпійскім відам спорту, найперш былі б задаволеныя спартовыя функцыянэры — мэдалёвае плянаваньне было б выкананае. Дарэчы, у чым праблема, чаму тайбокс па-за Алімпіядай?

— На самай справе цяжка нават патлумачыць. Надзвычай шмат краінаў удзельнічае ў чэмпіянатах сьвету — прыкладам, на апошнім былі прадстаўнікі больш за 90 дзяржаў. Дзе яшчэ такое прадстаўніцтва? У некаторых алімпійскіх праграмах і блізка няма столькі краінаў на першынствах і чэмпіянатах сьвету. Ня ведаю, ад чаго гэта залежыць, але, безумоўна, ёсьць моцныя краіны ў гэтым сьвеце — такія, як Злучаныя Штаты. Якія пры дапамозе грошай, пры дапамозе ўплываў, пры дапамозе ўлады лабіруюць свае інтарэсы. Узяць такія віды спорту як кёрлінг: у колькіх краінах распаўсюджаны гэты спорт? Думаю, разумна задаць такое пытаньне. Ці бэйсбол — краінаў восем, ня болей. Але быў алімпійскім відам. І вось такіх дысцыплінаў можна пералічваць шмат. А наш від спорту вельмі папулярны ва ўсім сьвеце. Гэта на самай справе рэальны спорт для сапраўдных мужчынаў, спорт, які патрабуе і ўважлівасьці, і моцы характару, які выхоўвае цябе як чалавека, як грамадзяніна, як абаронцу сваёй краіны. Тут можна шмат пералічваць яго плюсаў. Але хтосьці лабіруе сваё, а хтосьці спрабуе прасоўваць сваё. Мы так спадзяёмся, што ў бліжэйшай будучыні нешта зрушыцца, не пакладаем ні рук ні ног, робім усё дзеля таго, каб наш від спорту быў алімпійскім.

— То бок, пакуль Амэрыка не заўважыць тайбокс, шанцаў няшмат...

— Ня ведаю (сьмяецца), не хачу варушыць нейкую палітыку. Мы проста паціху робім сваю справу і стараемся рабіць яе як мага лепей. Ёсьць ужо і свае ўсясьветныя трыюмфатары, якіх, з гонарам магу сказаць, я навучыў быць чэмпіёнамі. Калі дакладней, трох хлопцаў зрабіў чэмпіёнамі сьвету: гэта Малчанаў Андрэй, гэта Талкачоў Іван, гэта Краўчанка Сяргей. Перамагалі яны і на чэмпіянатах Эўропы. Таксама мой добры сябра па жыцьці і вучань Дзіма Варац: ён чэмпіён сьвету і трохразовы чэмпіён Эўропы запар — на працягу 4 гадоў на нашым кантынэнце нікому да сябе не дае падысьці. А вось на чэмпіянатах сьвету не зусім атрымліваецца з-за той жа палітыкі. Мы ўжо некалькі разоў пісалі пратэсты, дадаючы да іх відэа, і пра грошы казалі, якія патрабуюць у галоўным судзейскім камітэце. Але ўсё марна. Зрэшты, ня буду шмат казаць, хай гэта застанецца на іх сумленьні. Проста верым у сумленную гульню і спадзяемся, што на чэмпіянаце сьвету ў Малайзіі, які пройдзе з 1 па 10 траўня, штосьці зрушыцца. Зрушым мы гэтую гару!

___________________________________
У Тайляндзе, на радзіме тайбоксу

У Тайляндзе, на радзіме тайбоксу



Юрась Булат нарадзіўся ў 1975 годзе ў Менску. З маленства захапіўся баявымі мастацтвамі, а з 11 гадоў пачаў займацца адзінаборствамі — каратэ, рукапашным боем. Але «бескантактнае» скалынаньне паветра надакучыла і прыйшоў да кікбоксінгу і муай-тай. Тут сябе праявіў ва ўсёй красе, стаўшы шматразовым чэмпіёнам сьвету як сярод аматараў, так і прафэсіяналаў, чэмпіёнам Эўропы, неаднаразовым чэмпіёнам Беларусі — больш за 10 гадоў не даваў нікому наблізіцца да вяршыні подыюму ў сваёй вагавай катэгорыі (71 кг). Пасьля завяршэньня кар’еры байца перайшоў на трэнэрскую працу — цяпер старэйшы трэнэр нацыянальнай зборнай у тайбоксе. Заснавальнік клюбу «Булат джым». Мае дзьве вышэйшыя адукацыі: скончыў энэргетычны факультэт Дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі (інжынэр-электрык), а таксама Беларускі ўнівэрсытэт фізкультуры па спэцыялізацыі «тайляндзкі бокс». Жанаты, мае двух дачок.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG