Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкія выбары ў Афганістане пад кантролем 350 тыс вайскоўцаў


Галасаваньне ў Афганістане

Галасаваньне ў Афганістане

У Афганістане пачалося галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах, якія павінны забясьпечыць першую ў гісторыі краіны дэмакратычную перадачу ўлады. У Кабуле, як распавядаюць відавочцы, ужо з самай раніцы каля ўчасткаў выстраіліся доўгія чэргі выбарнікаў.

Дзейны прэзыдэнт Афганістану Хамід Карзай заклікае грамадзян абавязкова прыняць удзел у галасаваньні, «нягледзячы на дождж, халоднае надвор’е і пагрозы ворагаў».

У выбарчай гонцы ўдзельнічаюць восем кандыдатаў. Асноўнымі прэтэндэнтамі на перамогу зьяўляюцца экс-міністар фінансаў Ашраф Гані, былы міністар замежных справаў Абдула Абдула і дзейны міністар замежных справаў Залмай Расул.

Згодна з Канстытуцыяй Афганістану, Хамід Карзай пасьля двух прэзыдэнцкіх тэрмінаў запар ня можа больш балятавацца на вышэйшую дзяржаўную пасаду.

Улады краіны паведамілі, што ў ахове правапарадку ў дзень выбараў задзейнічаныя 350 тысяч праваахоўнікаў і вайскоўцаў. Патрэба ў такіх захадах бясьпекі выклікана пагрозамі з боку радыкальнага ісламісцкага руху Талібан сарваць выбары.

Да канца 2014-га большасьць ваенных аддзелаў заходніх краінаў, якія дысьлякаваныя на тэрыторыі Афганістану, маюць яго пакінуць.
XS
SM
MD
LG