Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна запрасіла ў Расеі інфармацыю аб Майдане


Міністэрства замежных спраў Украіны накіравала Расеі ноту з просьбай даць інфармацыю ў рамках расьсьледаваньня падзей студзеня – лютага, якія прывялі да масавай гібелі людзей на Майдане.

«Выказваецца просьба даць інфармацыю аб дамоўных падставах і замоўцах з украінскага боку пастаўкі ва Ўкраіну грузаў спэцсродкаў для выкарыстаньня пры ахове грамадзкага парадку агульнай вагой 2394 кг і 2774 кг, якія прыбылі з Расейскай Фэдэрацыі ва Ўкраіну рэйсамі «Чкалаўск – Кіеў» 21 студзеня і 24 студзеня 2014 адпаведна», – гаворыцца ў паведамленьні МЗС Украіны.

Акрамя таго, МЗС Украіны зьвярнулася да расейскага боку з просьбай дапытаць генэрал-палкоўніка ФСБ Бяседу С.А. пра абставіны яго знаходжаньня ва Ўкраіне з 20 па 21 лютага 2014 году.

Раней у пятніцу расейскі міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў заявіў аб недатычнасьці Расеі да ўкраінскіх падзеяў: «Злачынствы зьдзяйсьняліся на ўкраінскай тэрыторыі. Мы да гэтых злачынстваў ня мелі, дый не маглі мець якога-небудзь дачыненьня», – прыводзіць словы міністра дзяржаўнае агенцтва ІТАР-ТАСС.
XS
SM
MD
LG