Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 7 красавіка: «Мова нанова» ў Горадні, 100-я ўгодкі Кірылы Мазурава


Здымак з курсаў «Мова нанова» ў Менску
Здымак з курсаў «Мова нанова» ў Менску

Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. Экалягічны камітэт імя Івана Нікітчанкі аб'яўляе аб стварэньні аргкамітэту для правядзеньня 26 красавіка акцыі «Чарнобыльскі Шлях-2014». Паседжаньне адбудзецца ў офісе Партыі БНФ. Пачатак а 14.00.

Горадня. Курсы «Мова нанова». Месца правядзеньня – Кірха ў Старым парку (Парку Жылібэра). Пачатак а 19-й гадзіне.

Менск. Форум прадпрымальнікаў «Прадпрымальнікі і дзяржава – разам знойдзем рашэньне праблем». Арганізатар Анатоль Шумчанка. Вул. Мясьнікова, 39. Пачатак у 12.00.
ЁСЬЦЬ НАГОДА

Дабравешчаньне ў праваслаўных беларусаў расейскай традыцыі (РПЦ).

Сусьветны дзень здароўя.
ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1559 – беларускае мястэчка Крэва атрымала магдэбурскае права. У часы сярэднявечча Крэва не аднойчы было месцам самых важных падзеяў эўрапейскай гісторыі. Сёньня гэта вёска Смаргонскага раёну, дзе толькі руіны замку нагадваюць пра былую славу.

1790 – у Жырмунах на Гарадзеншчыне нарадзіўся Караль Падчашынскі, архітэктар, прадстаўнік клясыцызму, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту, які збудаваў і рэканструяваў шмат помнікаў архітэктуры ў Вільні і рэгіёнах Беларусі.

1880 – у Слуцку нарадзіўся Язэп Дыла, беларускі празаік, драматург, грамадзкі, палітычны і культурны дзяяч.

1914 – у вёсцы Рудня-Прыбыткоўская Гомельскага раёну нарадзіўся Кірыла Мазураў, савецкі партыйны і дзяржаўны дзяяч, першы сакратар ЦК КПБ у 1956-65 гадах.

1917 – у Менску адкрыўся Зьезд беларускіх нацыянальных арганізацыяў. 150 дэлегатаў зьезду выпрацавалі праграму беларускага руху. У выніку дэлегаты стварылі Беларускі нацыянальны камітэт на чале з Раманам Скірмунтам, вырашылі заснаваць Беларускі ўнівэрсытэт і перавесьці ўсю пачатковую адукацыю ў Беларусі на родную мову.

1947 – нарадзіўся Валер Славук, беларускі мастак.

1965 – Уладзімер Караткевіч напісаў першыя радкі свайго знакамітага раману «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Працу над творам пісьменьнік пачаў у Чалябінску, дзе гасьцяваў у сваёй сястры.

1973 – памёр Язэп Дыла, беларускі пісьменьнік і культурны дзяяч.

1983 – памерла беларуская паэтка Ларыса Геніюш.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Ў добры час, на ўлоньні вясковым,
дзе вадзіца крынічная б’е,
навучыўся я матчынай мове
І задуманых песьняў яе.

Многа ёсьць недасягнутых скарбаў,
яшчэ болей прываблівых мар.
Я яе ні за што не аддаў бы,
бо яна найвялікшы мой скарб!

Яна гойдае сьпевам калыску,
літасьціва шчабеча ў бядзе,
на ёй песьні складаюць вятрыскі
ў неспакойны, разбуджаны дзень.

Мая мова ня знае зьмярканьняў
ад маленства да старасьці лет,
буду песьціць яе, як каханьне,
разглядаць, як чароўны букет.

Можа мовы чужой навучуся,
каб суседзяў гасьцінна вітаць,
але толькі на ёй, беларускай,
буду людзям аб долі пяяць.

Мая мова, як шчасьце на вуснах,
хваляваньня гарачы прыбой,
можа быць, на чужой засьмяюся,
ўсё ж заплачу з тугі на сваёй.

Ларыса Геніюш, верш «Мая мова»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG