Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 5 красавіка: 70 гадоў БКА, Танцавальна-сьпеўная вечарына ў Віцебску


На выставе «Дзесяць вякоў мастацтва Беларусі»

На выставе «Дзесяць вякоў мастацтва Беларусі»

Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. У арт-кавярні Нацыянальнага мастацкага музэю ў рамках выставы «Дзесяць вякоў мастацтва Беларусі» адбудзецца лекцыя на тэму «Даваенныя мастацкія аб'яднаньні Беларусі». Пачатак у 16.00.

Менск. Да 15 красавіка праходзяць рэгулярныя фольк-сустрэчы «Дакраніся да вытокаў». Арганізатар Павал Белавус. Уваход вольны. Тэл. (029) 782-88-81

Раўбічы (Менскі раён). Да 2 чэрвеня ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музэю – Музэі беларускага народнага мастацтва – працуе пэрсанальная выстава майстра разьбы па шкарлупіне яек менчука Аляксандра Рыжэўскага.

Віцебск. Студэнцкае этнаграфічнае Таварыства і гурт «Паўночная Сухадроўка» запрашаюць на танцавальна-сьпеўную вечарыну. Пачатак а 16:00. Адрас – вул. Чайкоўскага, 3

Віцебск. Нацыянальны акадэмічны драмтэатар імя Якуба Коласа дае камэдыю «Дажыць да прэм'еры». Пачатак а 19:00. Вул. Замкавая, 2.
ЁСЬЦЬ НАГОДА

Атэны. Заканчэньне нефармальнай сустрэчы міністраў замежных справаў Эўразьвязу.

Аўганістан. Прэзыдэнцкія і мясцовыя выбары.
ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1793 – нарадзіўся Канстанцін Радзівіл, палітычны дзяяч, мэцэнат, адзін зь першых беларускіх фальклярыстаў. Сабраў вялізную бібліятэку, калекцыю твораў мастацтва, запісваў мясцовыя гаворкі і зьбіраў фальклёр.

1896 – у Атэнах адкрыліся першыя сучасныя Алімпійскія гульні.

1923 – у вёсцы Старыя Дзявяткавічы на Слонімшчыне ў сям’і сьвятара нарадзіўся Барыс Данілюк, адзін зь лідэраў беларускай дыяспары ў ЗША.

1942 – у Ракаве пад Менскам нарадзіўся беларускі пісьменьнік і літаратуразнаўца Вячаслаў Рагойша, аўтар «Паэтычнага слоўніка» – унікальнага для Беларусі даведніка ў паэзіі.

1944 – у акупаваным Менску адбылося паседжаньне Беларускай Цэнтральнай Рады, на якім была прынятая пастанова пра ўтварэньне афіцэрскіх і падафіцэрскіх школаў Беларускай Краёвай Абароны. Сярод гісторыкаў існуе думка, што калі б стварыць БКА ў Беларусі дазволілі на год раней, колькасьць ахвяраў сярод мірнага насельніцтва была б нашмат меншай.

1970 – паводле рашэньня савецкага кіраўніцтва парэшткі Адольфа Гітлера і Эвы Браўн былі эксгумаваныя і спаленыя ў Нямеччыне, непадалёк ад Магдэбурга.

1972 – заснаваны дзяржаўны купалаўскі запаведнік «Вязынка».

1989 – у Польшчы легалізаваны прафсаюз «Салідарнасьць».

1990 – Вярхоўны Савет БССР аб’явіў 26 красавіка днём Чарнобыльскай трагедыі.

1992 – Босьнія і Герцагавіна заявілі пра выхад зь Югаславіі.

1996 – КГБ Беларусі арыштаваў паэта Славаміра Адамовіча за ягоны верш «Убей президента», зьмешчаны ў віцебскай газэце «Выбар».

2005 – Аскар Акаеў ад гэтай даты склаў зь сябе паўнамоцтвы прэзыдэнта Кіргізстану. Гэта ён зрабіў у Маскве, куды ўцёк пасьля масавых пратэстаў у краіне. Да ўлады па ім прыйшоў Курманбек Бакіеў, зь ім паўторыцца гэтая ж гісторыя, толькі Бакіеў апынецца ў Беларусі.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Ідуць жаўнёры-беларусы
Празь вёскі, сёлы, гарады
Пераламаць усе прымусы
Што ім нясьлі вякі, гады.

Няхай больш ворагі ня сьмеюць
Сваю нам волю накідаць
Сьцягі Пагоні ўжо ясьнеюць
Іх рукі моцныя дзяржаць.

А песьня льецца над палямі
Вон гадаўё з нашай зямлі,
Вы нашу кроў пілі вякамі
Сьмерць вам, вы век свой аджылі!

Ідуць жаўнёры і сьпяваюць
Дзяўчатам сэрцы б'юць мацней,
Праменьні сонца ў зброі зьзяюць
Яны ідуць далей, далей...

Зь іх не адзін у вёсцы роднай
Пакінуў мілую сваю,
Яе пагляд ў начы халоднай
Яму прыпомніцца ў баю.

Як птушка, думка ўдаль нясецца
Дзе хата родная, дзе плуг.
І ён бясстрашна ўперад рвецца,
Каб біць бандытаў, валацуг.

Ідуць жаўнёры-беларусы
Празь вёскі, сёлы, гарады
Пераламаць усе прымусы,
Што ім нясьлі вякі, гады.

Сьцяг бел-чырвона-белы вольны
У сэрцы кожнага із іх.
Жаўнёр Краёвай Абароны
На варце стаў правоў сваіх.

А песьня льецца над палямі,
Вон гадаўё з нашай зямлі,
Вы нашу кроў пілі вякамі
Сьмерць вам, вы век свой аджылі!

Марш жаўнераў БКА
XS
SM
MD
LG