Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дон Жуан – не Астап Бэндар


«Дон Жуан», фота з сайта Купалаўскага тэатра

«Дон Жуан», фота з сайта Купалаўскага тэатра

Купалаўскі тэатар наганяе ўпушчанае, страчанае за час рэканструкцыі будынку. Я сказаў бы, што ён цяпер у стадыі пагоні за рэпэртуарам. Некалькі гадоў, бадзяючыся па чужых сцэнах, купалаўцы зараблялі грошы забаўляльнымі спэктаклямі, сярод якіх былі і зусім выпадковыя, і тыя, якія хоць і не шэдэўры, але і ў нейкай ступені годныя першай драматычнай сцэны краіны, нават з гледзішча асьветніцкага.

Рэпэртуарная пустэльня паміж тэатрам пяцігадовай даўніны і сёньняшнім – відавочная. Запоўніць яе пры адсутнасьці якаснай сучаснай драматургіі, улучна зь беларускай, можна толькі ўсясьветнай клясыкай. Менавіта гэта робяць сур'ёзныя, рэпэртуарныя, акадэмічныя сцэны ў Эўропе. Такі шлях маніфэстуюць і першыя ж пастаноўкі на адноўленай і пераабсталяванай купалаўскай сцэне.

Чаму «Дон Жуан» Мальера сёньня?


Выбар «Дон-Жуана» Мальера ў якасьці першай пастаноўкі ўсясьветнай клясыкі пасьля доўгага перапынку вельмі трапны. П'еса зь ліку вечных, мо нават зь ліку самых філязофскіх і драматургічна дасканалых, створаных за ўсю гісторыю чалавецтва. Яна стаіць побач зь вялікімі трагедыямі Шэксьпіра. Высокая камэдыя, у аснове якой канфлікт ідэяў, сьветаглядаў, яна вельмі актуальная сёньня і для Беларусі – краіны, дзе на розных узроўнях дзяржаўнага, грамадзкага, культурнага і нават рэлігійнага жыцьця парушаецца спрадвеку заведзены маральны парадак, дзе падмяняюцца паняцьці, дзе зло абвяшчаецца дабром, а дабро злом, дзе двудушнасьць стала нормай, і хлусьня абвяшчаецца дабрадзейнасьцю.

Менавіта калі тэатар хоча гаварыць на такім узроўні, калі хоча ўвязацца ў спрэчку пра больш высокія рэчы, чым пра блудніцтва і пра магчымыя пакараньні за яго, тады трэба ставіць «Дон Жуана» Мальера. Тут і грэх, і пакараньне за яго найвялікшага маштабу. Дзеля іншага ёсьць інтэрпрэтацыі Тырса дэ Маліны, Гофмана, Байрана, Мюсэ, Пушкіна і менш таленавітых аўтараў.

Якога Дон Жуана атрымаў нарэшце беларускі тэатар?


Скажу адразу: у пастаноўцы запрошанага з Расеі рэжысэра Анатоля Праўдзіна – палегчанага і нуднага. Дон Жуан артыста Паўла Харланчука – не філёзаф, не ідэоляг, не ўладар зла, і ён не ахоплены моцнымі і непадуладнымі яму жарсьцямі. Ён – ад пачатку і да канца спэктакля аднолькава вельмі сымпатычны, абаяльны, безумоўна, легкадумны лавелас, авантурыст, які без асаблівых намаганьняў спакушае маральна няўстойлівых і ня вельмі разумных жанчынаў, да таго ж якія і ня вельмі пакутуюць ад таго, што іх спакусілі.

Зло гэтага Дон Жуана – дробнае, лякальнага, так бы мовіць, характару, яно ня кідае выклік спрадвечнаму разуменьню маральнай упарадкаванасьці сьвету. І таму яно ніякім чынам не магло падняць з магілы Камандора, а ад пастаноўшчыкаў запатрабаваць магутных пастановачных, тэатральных высілкаў. Праўда, пекла і гэты Дон Жуан заслужыў, бо за любы грэх, як кажуць, туды дарога. Але ўладаром і філёзафам зла, яго ідэолягам ён тут ня ёсьць. Аблегчана, натуральна, з падачы рэжысэра, прамаўляе актор і апошні, клясычны, хрэстаматыйны маналёг Дон Жуана пра двудушнасьць і дабрадзейнасьць. Інтанацыі і плястыка актора нібы з эстрады ці з савецкага фільма пра Астапа Бэндара ў выкананьні Андрэя Міронава. Разыгрываецца ледзь ня кожнае слова, і ўсе яны ня складваюцца ў дэклярацыю зла. «Дон Жуан», фота з сайта Купалаўскага тэатра

«Дон Жуан», фота з сайта Купалаўскага тэатра


Размова сёньня пра двудушнасьць, якім апраўдваецца зло, у сьвеце вядзецца ўжо не танцавальнымі па і не намёкамі. Толькі акупацыя Крыму чаго вартая! А ўвогуле рыторыка дыктатараў? І ўсё пад маскай дабрадзейнасьці! Гэта трывожыла Мальера яшчэ ў 17-м стагодзьдзі! І таму п'еса такая жывучая, вечная, таму і называюць яе «высокай». Крыўдна, што спэктакль не сягнуў у такія глыбіні, чаму спрыяў і цікавы пераклад п'есы на беларускую мову Андрэя Хадановіча, у якім відавочная актуалізацыя тэксту. Перакладчык напоўніў яго зразумелай сучаснаму беларусу мэтафарычнасьцю, асацыятыўнасьцю, якая ня стрэліла ў дзясятку.

А які Сганарэль?


Адэкватны Дон Жуану. Разбуральнасьць зла такога маштабу пад шчыльнай і хітрай маскай дабрадзейнасьці ў Мальера выяўляецца ў філязофскай дыскусіі паміж Дон Жуанам і Сганарэлем, якая фармуе скразное дзеяньне твору і ў якое арганічна ўплятаюцца сцэны прыгодаў Дон Жуана. Палегчаны гаспадар ураўнаважваецца і палегчаным слугою. Сганарэль Віктара Манаева таксама не зьяўляецца ідэолягам ні народнага разуменьня маралі, дабра і зла, ні хрысьціянскага. Я не сказаў бы, што ён нават носьбіт іх. Хутчэй – двудушны саўдзельнік хітрыкаў свайго гаспадара.

Віктар Манаеў, зь якога відавочна рэжысэр саскрабаў напрацаваныя і шмат разоў паўтараныя прыёмы гратэску і ў плястыцы, і ў інтанацыях, і ў жэстах, гэтым разам вельмі сьціплы ў сродках сцэнічнай выразнасьці – то нарокам адвернецца, адскочыць ад свайго гаспадара, то маляўніча схопіцца за галаву, адмахнецца рукой. Маўляў, ну, зноў грашыць. Ай-яй-яй. І што з таго? Дзе вострая нязгода з учынкамі і апраўданьнямі гаспадара, дзе спробы зразумець грэх, зло і спробы супрацьпаставіць ім разуменьне дабра, якое, хай нават на ўзроўні інтуіцыі ці генэтычнага досьведу, у ім усё ж ёсьць? А дзе барацьба з самім сабою, калі з аднаго боку асуджаеш, а з другога – даруеш, патакаеш, бо насамрэч – служыш злу за грошы? Вострая праблема і сёньня…

Менскі «Дон Жуан» – прыгожы, але нудны і халодны спэктакль


Я ўжо і ня памятаю, калі апошнім разам бачыў у купалаўскім тэатры, каб прэм'ерная публіка пакідала залю пасьля першай дзеі, а тыя, хто засталіся, у фінале апладзіравалі вельмі стрымана. І каб не было ніводнага воклічу «брава!»

Я таксама ніколі і нідзе ня бачыў, каб на спэктаклі паводле і займальнай, і зьмястоўнай, і актуальнай камэдыі «Дон Жуан» Мальера гледачы аж так нудзіліся. Публіка – дурная? Не дарасла? Іншае.

Мастацтва ўвогуле ня мае права быць нудным. У сучасным сьвеце асабліва. Яго спажывае чалавек, які прывык да імклівых рытмаў, дынамічнага разьвіцьця падзеяў і вострага разьвязаньня канфліктаў. Тэатар ня можа і ня мае права, калі ён хоча дайсьці думкамі да гледача, быць снатворным. Нудную тэлепраграму чалавек выключае адной кнопкай. Нудны спэктакль ён пакіне і наступным разам падумае, ці купляць квіток.

Няма нудных жанраў і нудных гісторыяў, ёсьць няўменьне іх жыва, эмацыйна расказаць са сцэны ці з экрану. Апраўданьне філязафічнасьцю твору не вытрымлівае ніякай крытыкі. Любы канфлікт, у тым ліку і той, які паўстае са змаганьня ідэяў, калі ён напаўняецца глыбокімі эмоцыямі, паўстае з рэальных сытуацыяў і нораваў, характараў герояў, выклікае і глыбокую эмацыйную рэакцыю ў адказ.

Праблемай менскага «Дон Жуана» акурат і сталася ненапоўненасьць канфлікту дынамізмам, эмоцыямі, супярэчнасьцямі, варожасьцю і любоўю, змаганьнем і прымірэньнем. Калі актор сядае на тэкст, імітуе псыхалёгію, глядач пазяхае, і ніякай традыцыяй расейскага псыхалягічнага тэатру гэта не апраўдаеш. Зрэшты, пры сцэнічным увасабленьні гэтай п'есы прыёмы таго тэатру ўвогуле не падыходзяць. Я бачыў у розных краінах некалькі пастановак гэтай п'есы. Ніводная зь іх не была нуднай. А пастаноўка ў Маскве «Дон Жуана» Анатолем Эфрасам зь Мікалаем Волкавым і Львом Дуравым была ўвогуле ашаламляльнай з гледзішча і дынамікі і эмоцыяў. І была яна цэласнай.

Блытае, зьбівае з тропу гледачоў і жанравае вызначэньне спэктакля як містэрыі. Біблейскага, эвангелічнага, духоўнага зьместу ў ім няма. Не было яго і ў Мальера. За аснову ён узяў легенду. Дык пры чым тут містэрыя? У чым яна выяўляецца? У традыцыі вулічнага сярэднявечнага тэатру, калі ў асноўную сюжэтную лінію (духоўную) ўстаўляліся інтэрмэдыі? Але паэтыка твора Мальера зусім не адпавядае містэрыяльнаму вулічнаму відовішчу. І яно ж самім рэжысэрам не ствараецца на сцэне. Мо містэрыя ад містычнага Камандора? Але містэрыяльнай функцыі ён тут не выконвае, зрэшты, як і філязофскай. «Дон Жуан», фота з сайта Купалаўскага тэатра

«Дон Жуан», фота з сайта Купалаўскага тэатра


А вось візуальны шэраг спэктакля, створаны мастаком Аляксеем Папай-Кошыцам, вельмі цікавы і сучасны. Сцэнаграфія ўключае ў сябе архітэктурныя і скульптурныя акцэнты, прыгожае і выразнае сьвятло, якое агрэсіўным чынам удзельнічае ў вобразнай, мэтафарычнай пабудове спэктакля. Візуальны шэраг ствараецца з новых тэхнічных магчымасьцяў купалаўскай сцэны. Аж захацелася, каб на сцэне была яшчэ і натуральная сажалка замест мора ў сцэне зь сялянкамі. Усё так прыгожа, стыльна, вобразна, што нават узгадаліся бачаныя мной знакамітыя пастаноўкі ў Бэрліне і Празе яркага амэрыканскага рэжысэра, мастака, дызайнэра Робэрта Ўілсана.

Зьмена дэкарацыяў пэўны час трымае і ўвагу гледачоў. Але затым яны пачынаюць нудзіцца. Падумалася, што спэктакль, як зьмену дэкарацыяў і сьвятла, дэманстрацыю прыгожых малюнкаў можна было прагнаць і за паўгадзіны. Бо словы, думкі растварыліся і засталіся ў тых самых прыгожых дэкарацыях.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG