Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аўтар «Ста гадоў адзіноты» шпіталізаваны


Габрыэль Гарсія Маркес, які лічыцца адным з самых значных пісьменьнікаў сучаснасьці, у пачатку гэтага тыдня апынуўся ў шпіталі ў Мэксыцы.

Паводле паведамленьня Міністэрства аховы здароўя Мэксыкі, Маркеса шпіталізавалі з інфэкцыяй лёгкіх і мачавых шляхоў. Ён таксама пакутуе на абязводжаньне. Міністэрства таксама паведаміла, што арганізм пісьменьніка добра рэагуе на антыбіётыкі, але дата ягонага выпісу са шпіталя пакуль ня вызначаная.

Гарсіі Маркесу 87 гадоў. Ён атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры ў 1982 годзе, паводле афіцыйнага сайту Нобэлеўскай прэміі, «за свае раманы і апавяданьні, у якіх фантастычнае і рэалістычнае аб’яднаныя ў багатым сьвеце ўяўленьня, які адлюстроўвае жыцьцё і канфлікты кантынэнту».

Гарсія Маркес, які пражыў шмат гадоў у Мэксыцы і мае там вялікую колькасьць прыхільнікаў і чытачоў, нарадзіўся ў 1927 годзе ў мястэчку Аракатака ў Калюмбіі, якое паслужыла мадэльлю для мястэчка Маконда ў ягоным найбольш вядомым рамане «Сто гадоў адзіноты».

Прэзыдэнты Мэксыкі і Калюмбіі, Энрыке Пэня і Хуан Мануэл Сантас, пажадалі ў Твітэры ад свайго ўласнага імя і ад імя сваіх краінаў хуткага выздараўленьня Гарсіі Маркесу.

Сярод іншага, Мануэль Гарсія Маркес зьяўляецца аўтарам раманаў «Сто гадоў адзіноты» (1967), «Восень патрыярха» (1975) і «Каханьне падчас халеры» (1985), зборнікаў апавяданьняў і навэлаў «Апалае лісьце» (1955) і «Неверагодная і смутная гісторыя пра наіўную Эрэндыру і яе бессардэчную бабулю» (1978), кнігі ўспамінаў «Жыць, каб апавядаць» (2002).

На беларускую мову Карлас Шэрман пераклаў «Неверагодную і смутную гісторыю пра наіўную Эрэндэру і яе бессардэчную бабулю» (1981). У 1978 годзе ў часопісе «Нёман» у Менску Карлас Шэрман разам з Валянцінам Тарасам апублікавалі пераклад раману «Восень патрыярха» на расейскую мову.
XS
SM
MD
LG