Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

1968 год выдаўся неспакойным. Для Ўсходняй Эўропы гэта — найперш год Праскай вясны, год здушанай надзеі на магчымасьць існаваньня сацыялізму з чалавечым тварам. У Савецкім Саюзе спынілася крытыка Сталіна, пачаўся ўціск толькі што ўзьніклага дысыдэнцкага руху.
Масей Сяднёў, 1990

Масей Сяднёў, 1990

У беларускай рэдакцыі Радыё Свабода адбылася зьмена кіраўніцтва — замест Уладзімера Цьвіркі дырэктарам стаў паэт Масей Сяднёў. У адрозьненьне ад Цьвіркі, ён без праблемаў знайшоў агульную мову з кіраўніцтвам і пачаў праводзіць лінію на далейшае зьмякчэньне тону перадачаў. Пачаліся калізіі на моўным фронце — Сяднёў патрабаваў ад падначаленых ужываньня савецкага варыянту беларускай мовы, як бы сказалі сёньня — наркамаўкі. Калектыў радыё, аднак, у большасьці сваёй застаўся на старых традыцыйных моўных пазыцыях.

У 1968 годзе радыё стала трыбунай палемічных дыялёгаў — дырэктара Масея Сяднёва і кіраўніка Радыё Савецкая Беларусь Анатоля Стука. Стук выступіў з адкрытым лістом да дырэктара «Свабоды», ліст быў зачытаны на «Свабодзе» і адпаведным чынам пракамэнтаваны. Падобная завочная дыскусія адбылася паміж літаратуразнаўцам Станіславам Станкевічам і пісьменьнікам Іванам Пташнікавым.

Гэты год быў, мабыць, самым багатым на прапагандысцкія выступы савецкага друку супраць «Свабоды». Тут варта адзначыць адзін красамоўны факт: у 1968 годзе 30% усіх выступаў супраць Свабоды ў савецкім друку былі скіраваныя супраць Беларускай рэдакцыі. Вось некаторыя загалоўкі:


РАДЫЁДЫВЕРСІІ: СТАЎКА НА БІТУЮ КАРТУ
НА ХВАЛІ ПАКЛЁПУ
А КАРАВАН ІДЗЕ
ХАЛУІ ЛЯ МІКРАФОНА
КАМЕДЫЯНТЫ ЗЬ МЮНХЕНСКАЙ ПАДВАРОТНІ
ТАК ЗАГАДАЛІ ГАСПАДАРЫ

І адна шырэйшая цытата:
Карыкатура Барыса Яфімава

Карыкатура Барыса Яфімава

Міхась Шыманскі. Хлусьня за доларавую поліўку. ЗЬВЯЗДА, 23 лістапада 1968

«Нездарма кажуць: вільнуў языком, як сабака хвастом. Вось так і доларавыя паслугачы, што заселі ў мюнхенскай „Свабодзе“. Яны штодзень плявузгаюць на нашу рэчаіснасьць. Небаракам трэба ж чымсьці адрабляць за тыя аб’едзеныя кавалкі, якія ім кідаюць гаспадары. Вось і нясецца брэх зь мюнхенскай радыёпадваротні.... Зарубіце сабе на носе, падбрэхічы зь мюнхенскіх задворкаў: кожны наш чалавек сьмяецца з вашага гугнявага скогату, з вашага лісьлівага віляньня, бо за ўсім гэтым вельмі ўжо выразна бачыць ваша зьвярынае аблічча».


Сёньня мы працягваем распачатую ў мінулай перадачы гутарку з колішняй супрацоўніцай нашага радыё Янінай Каханоўскай. Тыдзень таму яна распавяла, з кім ёй давялося працаваць у канцы 1960-х гадоў. Слухаем далей.
Натальля Арсеньнева (справа) і Яніна Шабуня-Каханоўская. Нью-Ёрк, лістапад 1991

Натальля Арсеньнева (справа) і Яніна Шабуня-Каханоўская. Нью-Ёрк, лістапад 1991

«Мы сядзелі адной вялікай сям’ёй. Адзін быў вялікі такі пакой. Там былі ўкраінцы, татары, узбэк. Прозьвішча я ягонае запамятала, але помню, што пры нагодзе ён варыў такі вельмі смачны плоў з рыжам і баранінай. Часта запрашаў гасьцей да сябе, у свой куток, калі здаралася нагода. Цікава, што на радыё заўсёды круціліся людзі. Заўсёды! Прыходзілі, прыносілі ўсялякія весткі, дазнаваліся ад нас тое-сёе. Напрыклад, Сьвятлана Алілуева была, быў Галіч са сваёй гітарай, сьпяваў усякія рамансы. Наагул у нас былі такія амэрыканцы расейскамоўныя, якія езьдзілі па даручэньні адміністрацыі, напрыклад, у Менску, на фабрыкі, як там з мовай, ці гавораць па-беларуску, ці па-расейску. Часта прыяжджалі і казалі: адказ адзін — «какая разьніца». Мы пытаемся, чаму вы не гаворыце па-беларуску ў Менску, а яны нам — «какая разьніца». І таму нам доўгі час не давалі месца ў «Голасе Амэрыкі». Казалі: «нашто вам, там жа гэтага не патрабуюць».

Гутарку зь Янінай Каханоўскай мы працягнем крыху пазьней, а зараз — аўтэнтычны эфір 1968 году.


***
Год 1968 у сьвеце

Палітыка

Сілы Паўночнага Віетнаму пераходзяць у наступ, у віетнамскай вайне настае пераломны момант. — Амэрыканскія салдаты забіваюць 347 цывільных жыхароў вёскі Сонгмі. — Праская Вясна, войскі краінаў Варшаўскай дамовы акупуюць Чэхаславаччыну. — У Мэмфісе забіты Марцін Лютэр Кінг. У Францыі адбываюцца студэнцкія хваляваньні. У Лёс-Анджэлесе сьмяротна паранены сэнатар Робэрт Кенэды. Прэзыдэнтам ЗША абраны Рычард Ніксан.

Навука і тэхналёгія

Выпрабаваны першы звышгукавы авіяляйнэр Ту-144. — У пустыні Нэвада адбываецца выпрабаваньне мэгатоннай атамнай бомбы.

Літаратура і культура

Фільмы году — «2001: Касьмічная адысэя», «Рамэо і Джульета», «Сьмешная дзяўчына», «Олівэр», «Плянэта малпаў».

Нобэлеўскую прэмію атрымвае японскі пісьменьнік Ясунары Кавабата. Выходзяць раманы «У сэрцы краіны» Уільяма Гэса, «Міра Брэкенрыдж» Гора Відала.

Папулярная музыка: на экраны выходзіць фільм Beatles «Жоўтая субмарына». Песьні году — Beatles / Hey Jude, Tom Jones / Delilah.

***

А зараз працягнем гутарку зь Янінай Каханоўскай, якая працавала на нашым радыё ў канцы 60-х — пачатку 70-х гадоў. Як выглядала яе праца? Што яна канкрэтна рабіла? Як выглядаў яе дзень?

«Называлі мяне research assistant і announcer. Як трэба было начытаць які скрыпт, так мяне запрашалі чытаць. Тады мы з Адамовічам (ён быў дзядок, а я — бабка) чыталі фельетоны, якія пісаў Бальшухін. Гэта быў такі аўтар скрыптоў, freelancer, які прыходзіў да нас, пісаў фельетоны. Потым што яшчэ? Я набівала матрыцы. У той час не пісалі ж так на машынках. Трэба было матрыцу адбіць, копіі зрабіць. І гэта ўсё пасылалася ў Мюнхен, бо гэта ж быў Камітэт, а не там, дзе стаяць гэтыя вежы-перадатчыкі. Мы пасылалі туды, а яны перадавалі».

Наш архіў: фрагмэнт перадачы, дзе Антон Адамовіч распавядае пра кампазытара Міколу Равенскага.


***
1968 ГОД У БЕЛАРУСІ

• У Берасьці ўведзеная ў дзеяньне панчошная фабрыка.
• У Менску заснаваны архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі Беларусі.
• Аркадзю Куляшову і Максіму Танку прысвоеныя званьні народных паэтаў Беларусі.
• Пачала трансьляцыю Гарадзенская абласная тэлестудыя.
• У Менску адкрылася сталая Выстава дасягненьняў народнай гаспадаркі.

Менскі эфір 1968 году. У сьнежні на ўрачыстасьці з нагоды 50-годзьдзя БССР у Менск прыехаў Леанід Ільіч Брэжнеў.


***
Яніна Каханоўская, Фота: hardzin.livejournal.com

Яніна Каханоўская, Фота: hardzin.livejournal.com

Госьць нашай сёньняшняй перадачы — колішняя супрацоўніца нью-ёркскага бюро Радыё Свабода Яніна Каханоўская. Мы гаворым зь ёй далей. Пад якім псэўданімам яна выступала?

«Можа ня ўсё памятаю, але, здаецца, у мяне не было ніякага псэўданіму. Я ж не была сталай такой супрацоўніцай, якая чытае. Як трэба было, замяняла некаторых. Я лічылася як research assistant і announcer [асыстэнтка-дасьледніца і дыктарка]. Але фактычна я была сакратаркай на той час. Але ж гэта ўжо была найвышэйшая катэгорыя, бо я магла і чытаць, ня ўсе ж сакратары маглі чытаць. Трэба было мову ведаць.

Працавала я сем з паловай год. А далей я яшчэ працавала як freelancer, але гэта я не лічу. А чаму? У мяне скончылася 65 год і не трымалі больш. Толькі да 65 год трымалі...»

I на заканчэньне — зноў наш архіў. Фрагмэнт фэльетону Васіля Крыцкага — на пачатку вы пачуеце голас Яніны Каханоўскай, а тэкст фэльетону чытае Антон Адамовіч...
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
XS
SM
MD
LG