Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Менск ня робіць ніводнага кроку без узгадненьня з Масквою


Аляксандар Лукашэнка заяўляе аб правядзеньні ўзгодненай з расейскім кіраўніцтвам палітыкі па пытаньнях, якія закранаюць інтарэсы Расейскай Фэдэрацыі.

«Але запомніце: што б я ні рабіў цяпер, размаўляючы з Украінай, Захадам, Усходам і гэтак далей, — калі мы закранаем Расею, то я ніводнага кроку не раблю без ўзгадненьня з кіраўніцтвам Расейскай Фэдэрацыі», — заявіў Лукашэнка ў пятніцу ў Менску, сустракаючыся з губэрнатарам Калужскай вобласьці Анатолем Артамонавым.

«Апошнія здагадкі — што нібыта Лукашэнка спрабуе выкарыстаць праблемы, якія ўзьніклі ў Расеі, на сваю карысьць. Даю на гэта пытаньне прамы і выразны адказ: калі трэба будзе Расеі, каб мы за яе працавалі ва Ўкраіне, то мы гэта будзем рабіць; калі трэба будзе Расеі, каб мы ехалі за трыдзевяць зямель і карысьць ёй прыносілі, мы гэта будзем рабіць, — падкрэсьліў Аляксандар Лукашэнка.— Таму што гэта: а) у інтарэсах нашага роднага брата, б) гэта ў інтарэсах Беларусі, гэта не супярэчыць нашым інтарэсам», — растлумачыў ён.

У той жа час прэзыдэнт Беларусі заўважыў, што «ідыётам быў бы той, хто не выкарыстоўвае нейкія магчымасьці».

Лукашэнка называе глупствам і балбатнёй санкцыі Захаду супраць РФ

Аляксандар Лукашэнка заклікае Расею не баяцца санкцыяў з боку Захаду ў сувязі зь яе палітыкай ва Ўкраіне і называе іх глупствам і балбатнёй:

«І наогул не хвалюйцеся. Санкцыі і іншае — усё гэта поўнае трызьненьне і лухта, гэта балбатня. Я ўжо сказаў: Захад сёньня ні на што ня здольны, мы павінны зыходзіць з гэтага. Мы жывем два дзесяцігодзьдзі пад гэтымі санкцыямі. Па-другое, яшчэ не нарадзіўся той вырадак на зямлі, які б не разумеў, што такое Расея і што такое санкцыі, і чым яны абярнуцца. І самае галоўнае: і, дзякуй Богу, будзем займацца ўнутранымі праблемамі, будзем вырашаць свае пытаньні», — дадаў ён.

Лукашэнка таксама заклікаў расейскі бок да актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва ў сытуацыі, якая склалася:

«Давайце будзем працаваць так, каб нас потым не папракалі, што мы не скарысталіся гэтым спрыяльным момантам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG