Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі Амэрыка хоча дапамагчы Ўкраіне, хай уводзяць войскі — беларускі экспэрт


Беларускі экспэрт Павал Вусаў камэнтуе падпісаны Баракам Абамам закон у падтрымку Ўкраіны.

3 красавіка прэзыдэнт ЗША Барак Абама падпісаў Закон 4152, поўная назва якога «Акт у падтрымку сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці, дэмакратыі і эканамічнай стабільнасьці Ўкраіны». Павал Вусаў

Павал Вусаў

На думку палітоляга Паўла Вусава, такія законы, як гэты, у дадзеных умовах абсалютна неэфэктыўныя, у значнай меры запозьненыя. Бо «расейскую агрэсію і факт анэксіі Крыму яны ўжо ня спыняць».

«Злучаныя Штаты Амэрыкі, на мой погляд, хочуць улагодзіць тую хвалю нэгатыўнай рэакцыі, якая ідзе на іх па прычыне пасыўнасьці і абсалютнай абыякавасьці да таго, што рабіла Расея ва Ўкраіне. Таму яны гатовыя адкупіцца ад той пасыўнасьці, тых сваіх памылак, якія яны зрабілі на першым этапе ўкраіна-расейскага канфлікту і абмежавацца пазыкамі ў межах 1-2 мільярдаў даляраў, якія, па-сутнасьці, ня выратуюць і не палепшаць эканамічную сытуацыю ва Ўкраіне.

А таксама пашырэньне фармальных, абсалютна неэфэктыўных санкцыяў, як візавы рэжым, абмежаваньне ўезду расейскіх чыноўнікаў у ЗША. Гэта не паўплывае ніякіх чынам на тыя працэсы, якія зараз разгортваюцца і ва Ўкраіне, і вакол Украіны, бо відавочна, што Масква ня спыніцца на анэксіі Крыму. Яна будзе пашыраць сваю агрэсію, дэстабілізаваць унутраную сытуацыю.

У дадзены момант ЗША і Захад могуць зрабіць толькі адзіную рэч, якая можа захаваць тую тэрыторыю, якая на сёньняшні дзень складае Ўкраіну бяз Крыму — гэта ўвядзеньне войскаў NATO на тэрыторыю Ўкраіны, а таксама ў Чорнае мора. Без вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне Ўкраіну ад Расеі абараніць ня ўдасца».


ГАЛАСАВАНЬНЕ:



***

У «Акце ў падтрымку сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці, дэмакратыі і эканамічнай стабільнасьці Ўкраіны» асуджаюцца неапраўданае ваеннае ўмяшаньне Расеі ў Крым і далейшую акупацыю рэгіёну, а таксама ўсе іншыя формы палітычнай, эканамічнай і ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

ЗША гатовыя дапамагаць Украіне ў перамовах з МВФ, у правядзеньні выбараў 25 траўня, прыцягненьні да адказнасьці ўсіх вінаватых у гвалце супраць мірных пратэстоўцаў, вярнуць актывы, выведзеныя зь бюджэту Ўкраіны Януковічам, яго сям’ёй і іншымі былымі і цяперашнімі чальцамі ўкраінскага ўраду.

Дакумэнт, у прыватнасьці, прадугледжвае выдзяленьне Ўкраіне гарантыяў па крэдытах на 1 мільярд даляраў і наданьне Кіеву дапамогі ў памеры 150 мільёнаў даляраў.

У законе ўтрымліваецца заклік увесьці санкцыі супраць афіцыйных асобаў і грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі, адказных, паводле меркаваньняў кангрэсмэнаў, за парушэньне сувэрэнітэту Ўкраіны і замяшаных у карупцыі ў гэтай краіне.

Таксама прэзыдэнт падпісаў закон S. 2183, які дазваляе павялічыць фінансаваньне дзейнасьці шэрагу мэдыяў, якія вяшчаюць на ўкраінскую тэрыторыю, а таксама на суседнія з Украінай рэгіёны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG