Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама падпісаў закон аб дапамозе Ўкраіне і санкцыях супраць РФ


Барак Абама

Барак Абама

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама ў чацьвер падпісаў закон аб крэдытных гарантыях Украіне і санкцыях супраць Расеі, гаворыцца ў камюніке Белага дому, цытуе дакумэнт Інтэрфакс.

Гаворка ідзе пра закон «Аб падтрымцы сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці, дэмакратыі і эканамічнай стабільнасьці Ўкраіны», а таксама пра закон, які дазваляе ЗША павялічыць фінансаваньне дзейнасьці шэрагу СМІ, што вяшчаюць на ўкраінскую аўдыторыю, а таксама на суседнія з Украінай раёны.

Раней на гэтым тыдні Кангрэс ЗША прыняў законапраект аб крэдытных гарантыях Украіне аб'ёмам у мільярд даляраў і санкцыях супраць Расеі і накіраваў дакумэнт на подпіс прэзыдэнту ЗША.

У Кангрэсе таксама гучалі патрабаваньні, каб Абама распачаў далейшыя меры, у тым ліку павелічэньне экспарту прыроднага газу ў Эўропу.

Напярэдадні дзяржсакратар ЗША Джон Керы заклікаў Эўропу зьнізіць сваю залежнасьць ад расейскага газу.

«Усё зводзіцца вось да чаго: ні адна краіна не павінна выкарыстоўваць свае энэргарэсурсы, каб прымушаць людзей адмаўляцца ад сваіх памкненьняў», – заявіў у Брусэлі Керы, якога цытуе радыёстанцыя «Голас Амэрыкі».

«Энэргарэсурсы не павінны выкарыстоўвацца ў якасьці зброі. У нашых агульных інтарэсах мець адэкватныя энэргарэсурсы, якія маюць важнае значэньне для эканомік нашых краін, для нашай бясьпекі, для працьвітаньня нашых народаў», – падкрэсьліў дзяржсакратар.
XS
SM
MD
LG