Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФСБ: Затрыманыя 25 украінцаў, якія рыхтавалі тэракты ў Расеі


Расейскі тэлеканал НТВ са спасылкай на крыніцы ў ФСБ паведамляе аб затрыманьні 25 украінцаў, якія нібыта рыхтавалі тэракты на тэрыторыі сямі расейскіх рэгіёнаў.

Некалькі гадзін афіцыйнай інфармацыі з гэтай нагоды не было, пакуль пацьвярджэньне ад ФСБ не зьявілася ў РІА «Навіны».

«У выніку прынятых мер у сувязі з інфармацыяй аб намерах прадстаўнікоў так званага «Правага сэктару» кіеўскага «Майдана» ажыцьцявіць на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі дывэрсійна-тэрарыстычныя акты ў пэрыяд з 14 па 16 сакавіка 2014 году ў 7 рэгіёнах Расеі (Растоўская, Валгаградзкая, Цьвярская, Арлоўская, Белгародзкая вобласьці, Рэспубліка Калмыкія і Рэспубліка Татарстан) былі выяўленыя і затрыманыя 25 грамадзян Украіны», – цытуе агенцтва паведамленьне спэцслужбаў РФ.

У прэс-службе СБУ, як перадае Reuters, гэтую інфармацыю назвалі «глупствам».

Затрыманыя, паводле крыніц НТВ, распавялі, што ім перадавалі інструкцыі прадстаўнікі СБУ. Тэлеканал падкрэсьлівае, што сярод затрыманых было трое членаў радыкальнай групоўкі «Правы сэктар». У задачы затрыманых нібыта ўваходзіла фотаздымка месцаў дысьлякацыі і перамяшчэньня расейскай вайсковай тэхнікі ў памежных з Украінай рэгіёнах.

Радыёстанцыя «Эхо Москвы» перадае, што ва ўкраінскім МЗС пра інфармацыю тэлеканалу ведаюць і правяраюць гэтыя дадзеныя.

Раней у СМІ таксама зьяўляліся паведамленьні пра затрыманых украінцаў, якія рыхтавалі розныя антырасейскія акцыі, аднак празь некаторы час аказвалася, што падазраваныя ня маюць грамадзянства Ўкраіны, заўважае партал Newsru.com.

Тым часам ва Ўкраіне сілавікі затрымліваюць грамадзян Расеі, якія, паводле зьвестак праваахоўнікаў, рыхтавалі ўзброеныя напады. Напрыклад, 3 красавіка Служба бясьпекі Ўкраіны затрымала ў Львоўскай вобласьці двух расейцаў, якіх падазраюць у падрыхтоўцы замаху на аднаго з прэтэндэнтаў на пасаду ўкраінскага прэзыдэнта. Зламысьнікі, імёны якіх не называюцца, як адзначылі ў СБУ, зьбіраліся ліквідаваць кандыдата, асоба якога таксама не ўдакладняецца, пры дапамозе выбухоўкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG