Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 4 красавіка: «Пятніца з Гедройцам» у Менску; дзень народзінаў НАТО


Ежы Гедройц

Ежы Гедройц

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Беларускі ПЭН-Цэнтар і кнігарня «логвінаЎ» ладзяць сэрыю сустрэчаў з аўтарамі лонг-лісту прэміі Гедройца. Героямі першай «Пятніцы зь Гедройцам» будуць Людміла Рублеўская і Ігар Бабкоў, чые кнігі «Ночы на плябанскіх млынах» і «Хвілінка» прэтэндуюць на сёлетнюю прэмію. Мадэратар сустрэчы — Альгерд Бахарэвіч. Кнігарня «логвінаЎ» (Менск, Незалежнасьці 37а), пачатак а 19.00.

Камітэт салідарнасьці з Украінай праводзіць канфэрэнцыю «Украіна: міты і гістарычная праўда». Падчас канфэрэнцыі заплянаваны разгляд шэрагу пытаньняў украінскай гісторыі, у тым ліку: украінская дзяржаўнасць; Украіна ў складзе ВКЛ; УПА, Бандэра, Шухевіч; УНР і БНР; Майдан-2004, сучаснасьць. Канфэрэнцыя адбудзецца ў Менску па адрасе вуліца Чарнышэўскага 3А, пачатак а 12.00.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1794 — пад Рацлавіцамі, каля Кракава, адбылася першая буйная бітва ў часе паўстаньня Паўстанцкае войска перамагло.

1949 — Бэльгія, Вялікабрытанія, Нідэрлянды, Данія, ЗША, Ісляндыя, Італія, Канада, Люксембург, Нарвэгія, Партугалія і Францыя у Вашынгтоне падпісалі Паўночнаатлянтычную дамову, якая паклала пачатак NATO.

У гэты дзень нарадзіліся:

1557 — Леў Сапега, палітычны, грамадзкі і ваенны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.

1891 — Язэп Варонка, беларускі палітычны дзяяч, першы прэм’ер-міністар БНР. У 1923 эміграваў у ЗША, памёр у Чыкага ў 1952 годзе.

1896 — Мікола Шчаглоў-Куліковіч, беларускі кампазытар.

1967 — Алег Хаменка, беларускі музыка, лідэр гурта «Палац».

У гэты дзень памерлі:

1968 — Марцін Лютэр Кінг, амэрыканскі грамадзкі дзяяч.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Дагаворныя бакі згаджаюцца з тым, што ўзброены напад на адзін або некалькі зь іх у Эўропе або Паўночнай Амэрыцы будзе разглядацца як напад на іх у цэлым і, такім чынам, згаджаюцца з тым, што ў выпадку, калі падобны ўзброены напад будзе мець месца, кожны зь іх, у парадку ажыцьцяўленьня права на індывідуальную або калектыўную самаабарону, якая прызнаецца Артыкулам 51 Статуту Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, акажа дапамогу Дагаворнаму боку або Дагаворным бакам, супраць якіх быў зьдзейсьнены падобны напад, шляхам неадкладнага ажыцьцяўленьня такога індывідуальнага або сумеснага дзеяньня, якое палічыць неабходным, уключаючы выкарыстаньне ўзброенай сілы з мэтай аднаўленьня і захаваньня бясьпекі Паўночнаатлянтычнага рэгіёну».

З Артыкулу 5 Дамовы аб стварэньні НАТО
XS
SM
MD
LG