Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Японіі прапанавалі правесьці рэфэрэндум на Курылах


Дзьмітры Мядзьведзеў на Курыльскіх выспах

Дзьмітры Мядзьведзеў на Курыльскіх выспах

Экс-міністар абароны Японіі Юрыка Коікэ расцаніла дзеяньні Масквы ў Крыме як «бандыцкія» і выказала здагадку, што Расея вяртаецца да «безразважных імпэрскіх амбіцыяў».

Выспы Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан і Хабамаі апынуліся пад кантролем СССР пасьля другой сусьветнай вайны, нагадвае яна. «І, як усюды ў Расеі, іх жыхары былі беднякамі, якія пакутавалі ад некампэтэнтнага і карумпаванага ўраду, – сьцьвярджае экс-міністр.

Цяпер Токіо варта лічыць «ілжывымі» абяцаньні прэзыдэнта РФ Уладзімера Пуціна з нагоды перамоваў па Курылах, мяркуе яна.

Большасьць японцаў лічыць, што дзеяньні Расеі па Ўкраіне былі вызначаныя экспансіянісцкім генам, які ад пачатку зьмяшчаецца ў палітычным ДНК Расеі, а не асабістай пазыцыяй Пуціна і характарам ўкраінскага крызісу, піша Коікэ ў Project-syndiate. Японію дадзеная сытуацыя турбуе як адзіную ў G7 краіну, якая мае тэрытарыяльную спрэчку з Расеяй.

Коікэ называе «дзіўнай гістарычнай іроніяй» той факт, што на спрэчных тэрыторыях жыве мноства этнічных украінцаў. «Калі б рэфэрэндум аб незалежнасьці адбыўся на востраве Ітуруп, дзе каля 60% жыхароў маюць карані ва Ўкраіне, ці Пуцін прызнаў бы вынік гэтак жа лёгка, як у Крыме?» – пытаецца палітык.

Коікэ нагадала, што пасьля прыходу да ўлады ў 2012 годзе прэм'ера Сіндза Абэ ўрад Японіі спрабаваў наладзіць адносіны з Пуціным у надзеі на сур'ёзныя перамовы па паўночным тэрыторыях. «Але цяпер, калі Пуцін зрабіў свае пляны імпэрскай рэстаўрацыі крышталёва яснымі, гэтыя надзеі апынуліся мёртванароджанымі», – мяркуе экс-міністр абароны.

Наступствы пераходу Крыму пад расейскую юрысдыкцыю маюць важныя наступствы для адносін паміж азіяцкімі дзяржавамі, асабліва паказальнай, на думку Коікэ, зьяўляецца рэакцыя Кітая. «Кожная краіна ў Азіі павінна зрабіць толькі адну выснову з маўклівае ўхвалы Кітаем захопу Пуціным крымскай зямлі: Кітай таксама лічыць, што моцны заўсёды мае рацыю, і можа так жа дзейнічаць на спрэчных тэрыторыях, будзь то ў Паўднёва-Кітайскім моры або індыйскіх Гімалаях», – гаворыцца ў артыкуле.

Японія, паводле экс-міністра абароны, мае намер працаваць з партнэрамі ў G7, каб «безразважныя амбіцыі Пуціна не паставілі пад пагрозу іншыя часткі Ўкраіны». Пакуль, нагадвае яна, у Токіо прынятае рашэньне даць Кіеву 1,5 млрд даляраў эканамічнай дапамогі.

Тым часам, адзначае экс-міністр, Расея вяртаецца да «стагнацыі позьняй савецкай эпохі», а Пуцін бярэ на ўзбраеньне дэвіз Леаніда Брэжнева «трымацца за тое, што маем». Гэта, на думку Коікэ, азначае, што словы Пуціна аб пагадненьні зь Японіяй па Курыльскіх выспах гэтак жа хлусьлівыя, як і яго запэўніваньні, што расейцы ў Крыме знаходзіліся ў небясьпецы і маюць патрэбу ў абароне расейскіх войскаў.
XS
SM
MD
LG