Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памяць пра лета


Мне было пяць гадоў, калі бацькі прывезьлі мяне з Забайкальля ў Чарнаўцы. У такім веку жывеш ня ймёнамі краінаў і наагул ня словамі, а адчуваньнямі. Я дагэтуль памятаю гэты пераход зь сьвету дальтонікаў у сьвет сямі колераў, сваё пачуцьцёвае захапленьне, сад белага наліву, вінаградную залеву, абрыкосавую пяшчоту. Мне скажуць, што гэта магло б здарыцца і ў Абхазіі або ў Турцыі. Так, магло б, але здарылася ўсё ж на Букавіне.

Мне было дзесяць. Я вучыўся ў трэцяй клясе. На ўроку ўкраінскай літаратуры мяне выклікалі да дошкі. Але празьвінеў званок. Тры дні запар я рыхтаваўся: чытаў кароценькі тэкст і пераказваў яго. Мяне і сапраўды выклікалі праз тры дні, я прачытаў, пераказаў, але атрымаў толькі чацьвёрку. Я сеў за парту і заплакаў. Я плакаў не з-за адзнакі. Я плакаў ад бясьсільля: гэтая амаль родная, гэтая чужая мова не паддавалася мне. Яна была жывая. Толькі потым я зразумеў, чым можна было яе ўзяць: любоўю. Яшчэ празь дзесяць гадоў у Апалісе паэт Давід Самойлаў сказаў мне: «Я перакладаю Мыколу Бажана. Ні слова не разумею, а мне здавалася, што я ведаю ўкраінскую».

Калісьці Мандэльштам адзначыў «эліністычную прыроду» расейскай мовы, а Набокаў — цудоўную здольнасьць расейскай перадаваць ляндшафты, утомнасьць дрэваў, пахі, дажджы, усё пяшчотна-чалавечае, а таксама мужыцкае, грубае, сакавіта-скаромнае. Абодва паэты, думаю, мелі на ўвазе тое, што паміж гучаньнем і значэньнем расейскіх словаў дыстанцыя імкнецца да нуля. У гэтым сэнсе ўкраінская яшчэ «больш эліністычная» за расейскую. «Крихкий», «ринва», «зеленкуватий», «праля», «карколомний», не, гэтыя словы вылепленыя ня з гукаў, а з матэрыялу. «Ірпэнь» — гэта ня слова, а празрысты згустак смалы.

Упершыню — школа ня лічыцца — я загаварыў па-ўкраінску ў эміграцыі. Усё ж «чацьвёрка» нечага была вартая. Выявілася, што маладыя ўкраінцы, якія вырасьлі ў Амэрыцы або ў Англіі, па-расейску не разумеюць. Гэта праўда, гэта не прыкіданьне і не ідэалягічная дурата. Ня ведаю, можа быць, цяперашнія ўкраінскія немаўляты таксама будуць дрэнна разумець па-расейску. Асабіста мне пра гэта думаць балюча. Але я карысьлівы, я пісьменьнік, і хачу, каб мяне прачытала як мага больш чытачоў. Ну што ж, хай прачытаюць хоць у перакладзе. Я ня вораг тым гуцульскім дзецям, якіх у 1970 годзе вучыў у Карпатах ангельскай і расейскай мовам. Вечарамі я абыходзіў прысадзістыя інтэрнацкія карпусы, у якіх спалі мае вучні. У калідоры на першым паверсе стаялі дзясяткі параў дзіцячых чаравікаў, туфлікаў, галёшаў, сандаляў. Чаму сандаляў, ужо ж стаяла восень? Абутак, зношаны да белаты, абрыўкі шнуркоў, вузел на вузьле, прэлы дух скуры, поту, дажджу. Вы б паспрабавалі, гледзячы на гэтыя чаравікі, туфлікі, галёшы, сандалі — ды чаму ж сандалі, ужо ж стаяла восень? — не абаперціся на парэнчы, не расплакацца...
З кнігі «Паводле шкалы Бафорта».
Пераклаў Сяргей Шупа
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG