Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея падымае кошт газу для Ўкраіны да 485 даляраў


Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксей Мілер

Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксей Мілер

Расейскі ўрад пасьля аднабаковай дэнансацыі пагадненьняў з Украінай па Чарнаморскім флёце адмяніў ільготны мытны збор на газ для Ўкраіны. У выніку цана на газ для Ўкраіны з красавіка павялічваецца на 100 даляраў — да 485,5 даляра за тысячу кубамэтраў.

На сустрэчы з кіраўніком «Газпрому» Аляксеем Мілерам прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што цана на газ для Ўкраіны далей будзе бязь зьніжак і прэфэрэнцый.

Да 1 красавіка 2014 цана расейскага газу для Ўкраіны з улікам зьніжак па харкаўскіх пагадненьнях 2010 году і па сьнежаньскім пагадненьні 2013 складала 268,5 даляра за адну тысячу кубамэтраў.

«З улікам зьнікненьня міжнародна-прававых падстаў для існаваньня пагадненьня і дэнансацыі самога пагадненьня я прымаю рашэньне аб адмене пастановы ўраду ад 30 красавіка 2010 № 91», — сказаў Мядзьведзеў.

Паводле Мілера, гэта зьяўляецца падставай для павышэньня цаны на газ.

«Аўтаматычна ў строгай адпаведнасьці зь дзейным кантрактам на пастаўкі газу ва Ўкраіну з 2009 году цана на газ падвышаецца, і з красавіка яна складзе 485 даляраў за тысячу кубамэтраў», — цытуе Інтэрфакс Мілера.

Таксама прэм’ер РФ Дзьмітрый Мядзьведзеў патрабуе ад Украіны неадкладна пагасіць запазычанасьць за атрыманы газ.

2 красавіка міністар фінансаў Украіны Аляксандр Шлапак заявіў, што ўкраінскі бок не прызнае дэнансацыі харкаўскіх пагадненьняў «так, як яны дэнансуюцца». Ён адзначыў, што ў такім выпадку Ўкраіна мае права казаць аб дэнансацыі, напрыклад, газавых пагадненьняў 2009 году.

Раней міністар энэргетыкі і вугальнай прамысловасьці Ўкраіны Юры Продан прагназаваў цану за расейскі газ на ўзроўні 387 даляраў за тысячу кубамэтраў з улікам так званай «харкаўскай» зьніжкі, перадае УНІАН.

31 сакавіка расейская Дзярждума пасьля анэксіі Крыму ў аднабаковым парадку дэнансавала пагадненьне пра базаваньне Чарнаморскага флёту на тэрыторыі Ўкраіны. 28 сакавіка гэты законапраект у Дзярждуму ўнёс прэзыдэнт РФ Уладзімер Пуцін. Ён падпісаў прыняты Дзярждумай закон.

У 2010 годзе ў Харкаве прэзыдэнты Ўкраіны і Расеі падпісалі пагадненьне аб падаўжэньні тэрміну знаходжаньня Чарнаморскага флёту Расеі у Крыме пасьля 2017 году на 25 гадоў (да 2042 году) з магчымай пралянгацыяй яшчэ на пяць гадоў і аб зьніжэньні цаны на расейскі газ для Ўкраіны на 30%, але ня больш як на 100 даляраў за тысячу кубамэтраў.
XS
SM
MD
LG