Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ляпіс Трубяцкі» як сымбаль украінскага супраціву


Сяргей Міхалок

Сяргей Міхалок

Культавы беларускі гурт «Ляпіс Трубяцкі» працягвае гастрольны тур па Ўкраіне з новым альбомам «Матрошка», нязьменна зьбіраючы поўныя залі прыхільнікаў. Практычна ўсе канцэрты пачынаюцца з выкананьня публікай дзяржаўнага гімну Ўкраіны, пасьля чаго ў справу ўступае Сяргей Міхалок і ягоная каманда.

Тур па Ўкраіне пачаўся 29 сакавіка і агулам ахопіць восем гарадоў: Палтаву, Харкаў, Луганск, Данецк, Днепрапятроўск, Адэсу, Хмяльніцкі і Львоў. Пасьля гэтага 7 красавіка музыкі павінны выправіцца ў Маскву, але экспэрты не выключаюць, што на фоне расейска-ўкраінскага супрацьстаяньня выступ у расейскай сталіцы можа не адбыцца.

У сярэдзіне сакавіка ўжо быў адменены канцэрт «Ляпісаў» у Пскове — мясцовыя камуністы прыгадалі беларусам паездку на кіеўскі Майдан, абазваўшы іх «прыхлябальнікамі фашыстаў». Неўзабаве з аналягічных прычынаў быў скасаваны канцэрт у Цюмені. Аднак, як спадзяецца прэс-аташэ калектыву ў Расеі Аляксандар Бергер, наўрад ці ў маскоўскіх нядобразычліўцаў на гэта хопіць імпэту:

«Справа ў тым, што 7 красавіка плянуецца ня сольны канцэрт. Гэта іншы крыху фармат — зборная „салянка“, у якой „Ляпіс Трубяцкі“ ўдзельнічае разам зь іншымі калектывамі. Мерапрыемства ня мае абсалютнага ніякага дачыненьня ні да палітыкі, ні да канкрэтных падзеяў, якія можна было б неяк неадназначна расцаніць. Нас туды паклікалі ўжо даўно. Шчыра кажучы, канешне, нам ня ўсё роўна — сыграем мы там ці не, але гэта, што называецца, ня наша зона адказнасьці. Нас проста паклікалі выступіць на канцэрце, і я ня думаю, што з-за ўдзелу „Ляпісаў“ будуць адмяняць цэлае мерапрыемства, прымеркаванае да 20-годзьдзя Рунэту, штосьці там у гэтым духу. То бок, гэта ня сольнік „Ляпісаў“ — мы проста адны са шматлікіх удзельнікаў».

Напрыканцы мінулага году «Ляпіс Трубяцкі» прыехаў на кіеўскі Майдан, дзе выканаў свае самыя вядомыя хіты — «Ня быць скотам», «Грай!», «Belarus Freedom» і г.д. У наступныя месяцы іх песьні сталі сапраўдным сымбалем супраціву расейскай акупацыі: так, матросы заблякаванага ў бухце Данузлаў караблю «Чаркасы» перад расейскім штурмам хорам сьпявалі ляпісаўскіх «Воінаў сьвятла». Гэта ж кампазыцыя скалынала трыбуны фанацкага сэктару футбольнай каманды «Днепр» з Днепрапятроўску.

Як кажа колішні дырэктар менскага «Альфа Радыё», а цяпер папулярны кіеўскі шоўмэн і сябра Рады дырэктараў холдынгу «Таўр-мэдыя» Сяргей Кузін, гурт «Ляпіс Трубяцкі» быў папулярны ва Ўкраіне ва ўсе часы, а іх пасьлядоўная пазыцыя ў справе падтрымкі ўкраінцаў толькі пашырыла шэрагі прыхільнікаў:
Сяргей Кузін

Сяргей Кузін

«Усе рокавыя станцыі „Ляпісаў“ раціруюць. Праўда, іх у нас ня так шмат. У Кіеве — тры, і мы ў першую чаргу — „Радыё Рокс“. Карацей, з ратацыямі ў іх і да гэтага быў поўны парадак; яны зьбіраюць залі, незалежна ад палітычнай кан’юнктуры — і да Майдану зьбіралі ў клюбах па 5-6 тысяч чалавек. Тут іх проста любяць! Ну, канечне, з-за пазыцыі, зьвязанай з Майданам і ўсімі яго вытворнымі, іх папулярнасьць, мякка кажучы, не зьмяншаецца. Якраз на мінулым тыдні мы гралі ў Данецку, а яны гралі ў Палтаве. У іх там быў, як кажуць, „перабіток“ — поўны аншляг, а на наступны дзень у Харкаве было яшчэ больш крута: забілі залю і рабілі яшчэ адзін канцэрт дадатковы, проста па ходу. Гэта ў горадзе, які ва ўсіх СМІ нашых заклятых „сяброў“ апісваецца як максымальна прарасейскі і г.д. Ня толькі сабралі бітком залю, а далі яшчэ адзін канцэрт звыш нормы».

Карэспандэнт: «Разам з гуртом „Акіян Эльзы“, удзельнікі якога сталі фактычна пэрсонамі нон-грата ў Расеі, там усё часьцей забараняюць і „Ляпісаў“ — толькі за тое, што тыя прыяжджалі на Майдан...»

«Я, шчыра кажучы, ня ў курсе, што адбываецца ў Расеі. Ведаю толькі, што ў „Ляпісаў“ былі дзьве адмены. Натуральна, яны ў першую чаргу зьвязаныя зь іх сацыяльнай пазыцыяй, бо, па-мойму, яны не займаюцца палітыкай, а проста спрабуюць быць свабоднымі людзьмі ў гэтай краіне, і ўсё. У гэтым сьвеце, дакладней, — нават не ў краіне. Справа не ў Расеі ў рэшце рэшт, бо яны паводзяць сябе аднолькава што ў Расеі, што ва Ўкраіне. А маразм — ён жа ня ў „Ляпісах“. Ён — маразм увогуле, што тут можна яшчэ сказаць?..» — кажа Сяргей Кузін.

11 красавіка Сяргей Міхалок і кампанія возьмуць удзел у супольным канцэрце «Салідарныя зь Беларусьсю» ў Варшаве. Выступ адбудзецца ў Кракаўскім прадмесьці на пляцоўцы каля гатэлю «Брысталь». Канцэрты ў суседніх краінах і гарадах — адзіная магчымасьць для беларускіх прыхільнікаў творчасьці «Ляпіса Трубяцкога» паслухаць і пабачыць куміраў ужывую. З-за сваёй прынцыповай грамадзянскай пазыцыі і крытычных выказваньняў Міхалка некалькі апошніх гадоў «Ляпісы» выведзеныя з ратацыі на тэлебачаньні і радыё, іх канцэрты ў Беларусі забароненыя.
XS
SM
MD
LG