Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Засудзілі безь перакладчыка, адваката і безь яго самога


Настаўніка, актывіста руху «За Свабоду», сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, барда Свабоды, журналіста Георгія Станкевіча аштрафавалі за выданьне і распаўсюд самвыдатаўскай газэты «Крывінка».

Падставай для адміністрацыйнай справы, як высьветлілася, стала «ананімка» сумнеўнага паходжаньня, накіраваная ў прэзыдэнцкую адміністрацыю.
Судзьдзя Бешанковіцкага райсуду Натальля Рэут правяла працэс безь перакладчыка, хоць на гэтым настойваў Георгі Станкевіч. Ён ўжо 18 гадоў прынцыпова размаўляе толькі на роднай мове і хваляваўся, што можа не зразумець нейкіх юрыдычных тэрмінаў. Судзьдзя ж апэлявала да таго, што Станкевіч вучыў расейскую мову ў школе, хоць і было гэта 35 гадоў таму:

«Я адхіляю Ваша хадайніцтва наконт перакладчыка, бо Вы можаце размаўляць і па-руску, і па-беларуску. І ў Вашай справе ёсьць дастаткова дакумэнтаў, якія сьведчаць пра гэта. Так што гэтым Вы аказваеце ціск на суд. А я пастанавіла весьці працэс на расейскай мове!»

Судзьдзя не дазволіла спадару Станкевічу і скарыстацца правам на абарону ў судзе. Ён некалькі разоў прасіў перанесьці працэс, каб у Бешанковічы змог прыехаць адвакат зь Менску, рэкамэндаваны сябрамі ГА «БАЖ». У Менску ўжо заключылі дамову на паслугі адваката, заплацілі грошы, але судзьдзя Натальля Рэут чакаць не пагадзілася. Адводы судзьдзі таксама былі адхіленыя. Не дапамаглі ні дзьве скаргі на імя старшыні суду, ні зварот да раённага пракурора. Урэшце ўвечары 2 красавіка судзьдзя выдаліла з залі і самога Георгія Станкевіча, які сваімі хадайніцтвамі наконт адваката і перакладчыка нібыта парушаў правапарадак.
Станкевіч піша скаргу пракурору
Станкевіч піша скаргу пракурору


Такім чынам, нават самастойна бараніць уласныя інтарэсы ён ня мог. І ўжо 3 красавіка спадар Станкевіч атрымаў на рукі пастанову пра штраф памерам у 50 базавых велічынь, або 7 з паловай мільёнаў рублёў. А яшчэ ў Георгія Станкевіча засталіся скапіяваныя матэрыялы справы, зь якіх зразумела, чаму так сьпяшалася судзьдзя і што ўвогуле паклала пачатак усёй справе.

Аказваецца, пачалося ўсё з «ананімкі», напісанай нібыта аднавяскоўцамі Станкевіча і адразу дасланай у прэзыдэнцкую адміністрацыю. Там да гэтага допісу паставіліся сур’ёзна, нягледзячы на досыць своеасаблівы зьмест і выгляд: на невялікім аркушыку напісана, што аднавяскоўцы просяць Аляксандра Лукашэнку «спыніць Станкевіча», які нібыта «палівае брудам» беларускія ўлады. І дададзена: «Няхай і яму будзе падаруначак ад Дзядулі Мароза», а зьнізу яшчэ прымаляваная кветачка.
Ананімка на Станкевіча
Ананімка на Станкевіча

Ананімка на Станкевіча
Ананімка на Станкевіча




У тое, што ліст зь легкадумным малюнкам маглі напісаць ягоныя вучні, настаўнік замежнай мовы Георгі Станкевіч ня верыць. Катэгарычна ня згодны і з тым, што допіс маглі даслаць ягоныя аднавяскоўцы — пераважна бабулі сталага веку:

«Справа была палітычна матываванай. Гэта была замова з мэтай, як напісана ў той „ананімцы“, „спыніць Станкевіча“. Вось яны й спынялі — усімі магчымымі, законнымі і незаконнымі спосабамі. Хацелі выставіць мяне дурнем, пакараць за тое, чаго я не рабіў! Замест таго, каб бараніць мае правы, яны іх з усіх бакоў толькі парушалі!»

Чаму так сьпяшалася судзьдзя, цяпер таксама зразумела: паводле дакумэнтаў са справы Станкевіча, бешанковіцкая міліцыя мусіла даць справаздачу абласному начальству яшчэ да 13 сакавіка. Але не было да чаго прычапіцца: газэту «Крывінка» Георгі Станкевіч выдае на ўласныя сродкі, і таму яна выходзіць нерэгулярна. Апошні нумар і выйшаў толькі напярэдадні мінулых мясцовых выбараў. Тады ж, 22 сакавіка, на бешанковіцкім кірмашы і знайшлі двух сьведак, якія толькі што атрымалі сьвежую газэту.

Паводле судовай пастановы, Георгі Станкевіч парушыў частку 2 артыкула 22.9, які датычыцца дзейнасьці сродкаў масавай інфармацыі. Там указаны цэлы пералік артыкулаў закону аб СМІ, нібыта парушаных заснавальнікам і выдаўцом «Крывінкі». Суд не ўлічыў, што гэта «самвыдат» на 290 асобнікаў, а таму не вымагае ні рэгістрацыі, ні выкананьня іншых патрабаваньняў, якія датычацца выданьняў пэрыядычных.
Міліцэйскі пратакол, складзены на Станкевіча
Міліцэйскі пратакол, складзены на Станкевіча


Для Георгія Станкевіча гэта быў ужо трэці судовы працэс паводле падобных абвінавачваньняў. У 2010 годзе яго ўжо каралі штрафам у 20 базавых велічынь, і справа супраць «Крывінкі» таксама была ініцыяваная падчас выбарчай кампаніі. Тады Георгі Станкевіч таксама, які і сёлета, балятаваўся ў Бешанковіцкі раённы савет. У 2012 годзе штраф быў ужо 40 базавых велічынь. Цяпер ён дасягнуў максымальнага памеру, прадугледжанага адпаведным артыкулам.

Паколькі на настаўніцкі заробак дужа не разжывесься, Георгі Станкевіч трымае вялікую гаспадарку: тры кароўкі, бычка і цялушку. Ён прадае малако, і адміністрацыйную адказнасьць цяпер мусяць «несьці» ягоныя кароўкі:

«Мае кароўкі даюць мне малачко, і гэтыя істоты разумеюць чалавечую ласку, у адрозьненьне ад бешанковіцкіх чыноўнікаў! Каб пагасіць гэты штраф, кароўкі мусяць працаваць два месяцы! Але я не зьбіраюся так проста аддаваць камусьці іхняе малачко! Я яшчэ буду змагацца. Есьць жа і вышэйшыя інстанцыі. Прыкладам, мая заява пра штраф у 2010 годзе чакае разгляду ў ААН, і я думаю, што яе чарга прыйдзе ўжо хутка!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG