Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У разгоне Майдана ўдзельнічалі супрацоўнікі ФСБ Расеі, — кіраўнік СБУ


У Кіеве кіраўнікі СБУ, МУС і Генпракуратуры Ўкраіны распавялі журналістам падрабязнасьці расьсьледаваньня спраў аб масавых забойствах на Майдане незалежнасьці Кіева 18-20 лютага гэтага году.

Кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Валянцін Налівайчанка заявіў, што антытэрарыстычная апэрацыя, якая была абвешчаная былым кіраўніцтвам Украіны ў лютым, фактычна стала арганізацыяй масавых забойстваў людзей падчас акцыяў пратэсту.

Усю віну за тыя падзеі ў СБУ ўскладаюць на былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча, заявіў Налівайчанка:

«Сплянаваныя ў выглядзе антытэрарыстычнай апэрацыі, а фактычна — арганізацыі масавых забойстваў людзей адбываліся непасрэдна і пад прамым кіраўніцтвам былога прэзыдэнта Януковіча », — сказаў Валянцін Налівайчанка ў чацьвер на прэс-канфэрэнцыі па папярэдніх выніках расьсьледаваньня масавых забойстваў у цэнтры Кіева 18-20 лютага.

Налівайчанка таксама заявіў, што ёсьць усе падставы лічыць, што групы супрацоўнікаў ФСБ Расеі прымалі ўдзел у плянаваньні і ажыцьцяўленьні захадаў па так званай антытэрарыстычнай апэрацыі ў Кіеве падчас масавых акцыяў пратэсту ў лютым 2014 году:

«У нас ёсьць сур’ёзныя падставы лічыць, што менавіта гэтыя групы, якія знаходзіліся на адным з палігонаў СБУ, прымалі ўдзел у плянаваньні і ажыцьцяўленьні мерапрыемстваў па так званай антытэрарыстычнай апэрацыі.

Для нас вельмі важны адказ Сьледчага камітэту Расейскай Фэдэрацыі. Нас цікавяць два пытаньні. Першае — 20-ыя чыслы сьнежня 2013 году: палігон СБУ, 26 супрацоўнікаў ФСБ Расейскай Фэдэрацыі. Просім даць адказ, што рабілі, іх званьні і пасады. Сярэдзіна студзеня 2014 — 6 супрацоўнікаў, грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі — што рабілі, зь якімі задачамі і плянамі?» — сказаў Налівайчанка.

Ад стрэлаў байцоў спэцпадразьдзяленьня «Беркут» на вуліцы Інстытуцкай у Кіеве загінулі 17 мітынгоўцаў, заявіў міністар унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў:

«Загінула 17 чалавек... Гэта падразьдзяленьне адкрыла стральбу па пратэстантах, у тым ліку прыцэльную».

Пры гэтым, паводле яго словаў, толькі з аднаго аўтамата былі забітыя 8 чалавек.
Міністар адзначыў, што 3 падазраваныя, у тым ліку камандзір спэцроты, затрыманыя афіцыйна; усяго затрымана 12 байцоў. «Зь імі праводзяцца сьледчыя мерапрыемствы», — сказаў міністар унутраных спраў Украіны.

Авакаў таксама заявіў, што сьледзтва выявіла, што дзеяньні «цітушак» і бандфармаваньняў, якія ажыцьцяўлялі рэпрэсіўныя дзеяньні супраць мірных пратэстоўцаў 18-20 лютага, каардынаваў кіраўнік мэдыя-холдынгу «Кантакт» Віктар Зубрыцкі.

У прыватнасьці, ён падкрэсьліў, што Зубрыцкі каардынаваў дзейнасьць усіх групаў — пачынаючы ад Антымайдану і заканчваючы тымі групамі, якія дзейнічалі ў раёне Міхайлаўскай плошчы, Марыінскага парку «у самыя вострыя моманты 19-20 лютага», а таксама на працягу папярэдніх двух месяцаў.

Падчас масавых пратэстаў 18-20 лютага з боку сілавікоў у пратэстоўцаў быў адкрыты агонь. Загінулі больш за 100 чалавек. Загінулых актывістаў называюць «Нябеснай сотняй».
XS
SM
MD
LG