Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пытаньне аб тым, хто будзе кіраваць Садружнасьцю Незалежных Дзяржаў да канца 2014 году, будзе абмяркоўвацца заўтра падчас сустрэчы міністраў замежных спраў СНД у Маскве.

Пра гэта сёньня паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык, адказваючы на пытаньне Свабоды.

Ён сказаў, што пазыцыя Беларусі ў гэтым пытаньні добра вядомая: паколькі Ўкраіна адмовілася старшыняваць у СНД і разглядае пытаньне аб выхадзе з гэтай арганізацыі, Беларусь гатовая да канца гэтага году ўзяць на сябе функцыі па старшынстве ў СНД.

На пытаньне Свабоды, наколькі праўдзівая інфармацыя пра тое, што заўтра ў Менску павінная была адбыцца сустрэча намесьнікаў міністраў замежных спраў Украіны і Расеі, але ў апошні момант расейкі бок адмовіўся ад гэтай сустрэчы, афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі адказаў так: «Рашэньне аб правядзеньні такой сустрэчы — гэта рашэньне Расеі і Ўкраіны. Калі яны абяруць Менск для такіх кантактаў, дык беларускі бок зробіць усё, каб стварыць ім спрыяльныя ўмовы».

Дзьмітры Мірончык падкрэсьліў, што заўтрашняя сустрэча міністраў замежных спраў СНД — заплянаваная раней сустрэча. Падчас яе будзе разглядацца 17 пытаньняў, якія былі загадзя падрыхтаваныя, і бадай адзінае пытаньне, якое ўзьнікла ў апошні момант, — гэта пытаньне пра тое, хто будзе старшыняваць у СНД замест Украіны.
XS
SM
MD
LG