Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

18 зьнішчальнікаў і эсьмінец у Чорным моры. NATO перакідвае войскі


Мэры Харф: «Адзін з краевугольных камянёў NATO— імкненьне да адзінага, свабоднага і мірнага эўраатлянтычнага рэгіёну. Дзеяньні Расеі пагражаюць гэтаму».

Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Мэры Харф выказала заклапочанасьць канцэнтрацыяй расейскіх войскаў на мяжы з Украінай. Яна таксама сказала, што ня можа пацьвердзіць паведамленьні аб вывадзе невялікай колькасьці войскаў. Харф таксама назвала «добрай прыкметай» тое, што Расея не нарошчвае колькасьць сваёй групоўкі блізу Ўкраіны, аднак заклікала Маскву неадкладна адвесьці іх ад межаў.

Акрамя таго, яна распавяла аб некаторых дзеяньнях NATO, выкліканых дзеяньнямі Расіі ў дачыненьні да Ўкраіны: у краіны Балтыі дадаткова перакінутыя шэсьць зьнішчальнікаў F-15; 12 амэрыканскіх зьнішчальнікаў F-16 накіраваныя ў Польшчу, іх пілёты будуць трэніравацца сумесна з польскімі лётнікамі; у Чорнае мора — на зьмену амэрыканскага эсьмінца Truxtun — накіраваны іншы баявы карабель. Харф не змагла ўдакладніць — якога ён тыпу або клясы.

Харф падкрэсьліла, што гэта адказ на раней прынятыя дзеяньні Расеі і адказ на тое, што Масква «яшчэ не зрабіла крокаў для дээскаляцыі сытуацыі. Адзін з краевугольных камянёў NATO — імкненьне да адзінага, свабоднага і мірнага эўраатлянтычнага рэгіёну. Дзеяньні Расеі пагражаюць гэтаму. І мы ясна сказалі , што, калі расейцы ня будуць дзейнічаць для дээскаляцыі сытуацыі, мы прымем крокі ў адказ. Менавіта гэта мы і робім. Расея паслала войскі ў іншую краіну і паспрабавала анэксаваць яе тэрыторыю. Расея прадпрымае дзеяньні, якія супярэчаць міжнароднаму праву».

Адказваючы на пытаньне пра патрабаваньне Расеі правесьці ва Украіне рэформы для прадастаўленьня вялікіх правоў украінскім рэгіёнам, Харф адзначыла, што будучыню Ўкраіны павінен вызначаць сам народ Украіны, а не Расея.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG