Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША прыпыняюць супрацоўніцтва з Расіяй у касьмічнай галіне, за выключэньнем праекта Міжнароднай касьмічнай станцыі.

Як паведамілі ў NASA, такое рашэньне прынятае з-за дзеяньняў Расіі ў дачыненьні да Ўкраіны.

«З улікам працяглага парушэньня Расеяй сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны NASA прыпыняе большую частку кантактаў з Расейскай Фэдэрацыяй», — гаворыцца ў заяве касьмічнага ведамства ЗША.

«Аднак, NASA і Раскосмас прадоўжаць узаемадзеяньне па забесьпячэньні бясьпечнай і бесьперапыннай працы Міжнароднай касьмічнай станцыі», — адзначаецца ў заяве.

Раней у Пэнтагоне паведамілі, што ЗША прыпынілі кансультацыі з Расеяй у галіне супрацьракетнай абароны з-за сытуацыі вакол Украіны. Пэнтагон мае намер яшчэ раз вывучыць пытаньне аб маючых адбыцца кантактах з Расеяй, каб пераканацца, што яны адпавядаюць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі ЗША і саюзьнікаў.

У заяве NASA выказана таксама жаданьне хутчэй завяршыць будаўніцтва ўласнага пілятуемага карабля і пазбавіцца ад залежнасьці ад Расеі пры адпраўцы амэрыканскіх астранаўтаў на МКС.
XS
SM
MD
LG