Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загад расстрэльваць мітынгоўцаў аддаваў Януковіч,— Пракуратура Ўкраіны


Расстрэльвалі ўкраінскіх дэманстрантаў байцы так званай «чорнай роты» спэцпадразьдзяленьня міліцыі «Беркут».


Загад на выкарыстаньне зброі супраць мітынгоўцаў у Кіеве 20 лютага аддаваў былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч праз сваю адміністрацыю, МУС і СБУ.

Пра гэта паведамілі ў прэсавай службе Генэральнай пракуратуры Ўкраіны са спасылкай на словы выканаўца абавязкаў генпракурора Алега Махніцкага.

Як адзначылі ў прэсавай службе, у цяперашні час ўстаноўлена, што па мітынгоўцам «працавалі» супрацоўнікі спэцатрада «Беркут», якія з дня стварэньня гэтага спэцпадразьдзяленьня (1992 год), мелі магчымасьць і паўнамоцтвы ўжываць агнястрэльную зброю, уключаючы аўтаматы і снайпэрскія вінтоўкі.


Як паведамілі ў ГПУ, расьсьледаваньнем устаноўлена, што прыцэльны агонь са снайпэрскай вінтоўкі СКС (самазарадны карабін Сіманава) вёўся з будынку гатэлю «Ўкраіна». Што датычыцца наяўнасьці снайпэраў ў іншых будынках, у прыватнасьці ў Кастрычніцкім палацы, гатэлі «Казацкі», Доме прафсаюзаў, зьвесткі правяраюцца.

Таксама ў Генпракуратуры адзначылі, што сярод некалькіх супрацоўнікаў «Беркута» затрымалі камандзіра асобнага атрада, падначаленыя якога выконвалі задачы па ўжываньні на паразу агнястрэльнай зброі.

У той жа час у ведамстве адзначылі, што зараз правяраецца інфармацыя аб магчымай датычнасьці да расстрэлу на Майдане байцоў іншых украінскіх спэцпадразьдзяленьняў сілавых структур, у прыватнасьці байцоў «Альфы», якія ўваходзяць у склад СБУ.

У прэсавай службе адзначылі, што супрацоўнікам ГПУ прыйшлося аднаўляць усю карціну і абставіны, зьвязаныя з расстрэлам людзей у цэнтры Кіева, паколькі ўсе дакумэнты і іншая матэрыяльна-доказная база былі зьнішчаныя папярэднім кіраўніцтвам Генпракуратуры. Сьледзтва працягваецца, паведамляе агенцтва «УНІАН».

Учора Віктар Януковіч, адказваючы ў Расеі на пытаньні журналістаў НТВ і АР, заявіў, што ён не даваў загаду страляць у мітынгоўца, што ў той момант, калі пачуліся стрэлы, ён вёў перамовы з міністрамі замежных спраў «вэймарскай групы»:

"Стральба вялася з тых будынкаў, якія кантраляваліся апазыцыяй, пасьля падпісаньня пагадненьня я даў указаньне міліцыі пачаць адыход ад Майдана і адправіцца ў месца пастаяннай дысьлякацыі. Майдан адказаў агнём. Я ніколі не даваў ўказаньне страляць. Зброя ніколі не выдавалася падразьдзяленьням, якія абаранялі будынкі дзяржаўнай улады. Я заўсёды спавядаў прынцып, што ніякая ўлада не варта пралітай кроплі крыві",— падкрэсьліў Януковіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG