Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абрыкосы і грэцкі арэх — ужо звычайныя культуры на Палесьсі


Belarus -- The young man refresh himself and his car in a cloud of spray from the fountain

Belarus -- The young man refresh himself and his car in a cloud of spray from the fountain

Днямі ў японскай Ёкагаме быў абнародаваны пяты даклад экспэртаў міжурадавай камісіі ААН па зьмяненьні клімату.

Над дакладам працавалі 300 ўсясьветна вядомых кліматолягаў. Такія грунтоўныя дасьледаваньні праводзяцца раз на 7 гадоў. Высновы адмыслоўцаў несуцяшальныя: ледніковае покрыва растае, лёд у Арктыцы разбураецца, зьяўляюцца праблемы з водазабесьпячэньнем, сьпёка і заліўныя дажджы ўзмацняюцца, вымірае фаўна. Якія наступствы глябальнага пацяпленьня чакаюць Беларусь?

Загадчык лябараторыі экалёгіі ляндшафтаў геаграфічнага факультэта БДУ прафэсар Валянцін Яцухна тлумачыць:

«Зьменам клімату паддаюцца ў першую чаргу засушлівыя і пустынныя зоны зямнога шару. А Беларусь знаходзіцца ў гуміднай зоне — пераходнай. Па гэтай прычыне ў нас адбываюцца кантрасныя кліматычныя зьмены. Можа быць вельмі холадна, а потым засушна ці, наадварот, вільготна. Гэта тыповы паказьнік зьмяненьня клімату. У паўднёвай частцы Беларусі гэта асабліва адчувальна».

Сёлета зімы амаль не было, надзвычай раньняя вясна, тэмпэратура б’е стогадовыя рэкорды. На пытаньне, ці не застануцца беларусы наагул безь зімы, дацэнт катэдры агульнага землязнаўства і гідрамэтэаралёгіі геаграфічнага факультэта БДУ Павал Каўрыга адказаў так:

«Увогуле, клімат і надвор’е заўжды складаюцца з анамаліяў».

Беларускія кліматолягі даўно вывучаюць узьдзеяньне глябальнага пацяпленьня на краіну. Ужо створаныя новыя кліматычныя, агратэхнічныя мапы, распавёў Павал Каўрыга:

«Агракліматычныя вобласьці Беларусі зрушыліся больш на поўнач, прыкладна на 100 — 150 кілямэтраў. Інакш кажучы, на поўдні ў нас існуе досыць выразная лесастэпавая зона, якая пашырылася з Украіны на Беларусь. На Палесьсі зьявілася шмат новых культураў. Абрыкосы — гэта ўжо звычайная справа, пэрсікі, грэцкі арэх, вінаград растуць паўсюдна ў Палесьсі, і ня горшыя за малдаўскія ці крымскія».
Агракліматычныя вобласьці Беларусі зрушыліся больш на поўнач, прыкладна на 100 — 150 кілямэтраў

Пацяпленьне — гэта вельмі спрыяльны фактар для сельскай гаспадаркі. І адзін з напрамкаў адаптацыі да зьмены клімату — гэта зьмяненьне структуры пасяўных плошчаў і падбор больш цеплалюбівых культураў. Перш за ўсё, гэта тычыцца зерневых, асабліва пшаніцы, проса, кукурузы, тлумачыць дацэнт БДУ Павал Каўрыга:

«У апошнія гады пачалі зьбіраць зерне кукурузы. І гэта добрае зерне, якое ўжо ідзе на насеньне, якім цалкам забясьпечваюцца ўнутраныя патрэбы, а частка прадаецца на зьнешні рынак. Гадоў 10 — 15 таму такога не было, гэта адбылося літаральна на нашых вачах за кошт павышэньня цеплавога рэсурсу. Гэта кліматычная вытворчасьць пры захоўваньні практычна тых жа агратэхнічных умоваў. Энэргетыка клімату паляпшае ўраджай, павышае збор зерня».

А вось што тычыцца таго, што Беларусь — хоць і ў аддаленай будучыні — можа стаць марской дзяржавай, гэта наўрад ці адбудзецца, хаця зьмены ўжо адчуваюць нават эўрапейскія краіны, кажа Павал Каўрыга:

«Марскія прыбярэжныя краіны пацерпяць, і яны ўжо церпяць».

Карэспандэнтка: «Але да Беларусі мора ня дойдзе пакуль?»

«Не, мінімальныя вышыня — больш за 100 мэтраў пад узроўнем мора. Канечне, гэта можа сказацца на падбалочваньні нізкіх мясьцінаў. Таму што будзе падняцьце ўзроўню грунтовых водаў, яны стануць бліжэй да паверхні. Але гэтыя наступствы для Беларусі ня вельмі сур’ёзныя. А што тычыцца Менску, дык мы ж на Менскім узвышшы — больш за 300 мэтраў. Так што нават калі акіян уздымецца на 100 мэтраў, мы застанемся на вяршынях нашых узгоркаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG