Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Януковіч: захоп Крыму – трагедыя


Віктар Януковіч

Віктар Януковіч

Віктар Януковіч у Растове-на-Доне сёньня даў інтэрвію агенцтву Associated Press. Інтэрвію трансьлявалася тэлеканалам «Дождж» і некаторымі іншымі сродкамі масавай інфармацыі.

Януковіч заявіў, што ў аддзяленьні Крыму ад Украіны вінаватыя цяперашнія ўлады ў Кіеве. У той жа час ён лічыць, што захоп Крыму Расеяй зрабіўся «трагедыяй» і запэўніў, што не дазволіў бы аддзяленьня Крыму.

Януковіч прызнаўся, што ён не губляе надзеі абмеркаваць з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным умовы, пры якіх Крым вернецца ў склад Украіны.

Таксама, паводле Віктара Януковіча, у яго «рука не падымалася» ўжыць рашучыя захады ў дачыненьні да Майдану.

«Я досыць часта чуў на свой адрас папрок з боку нашых прыхільнікаў пра тое, што час ужываць рашучыя дзеяньні ў дачыненьні да Майдану. Я вам скажу, у мяне рука не падымалася гэта зрабіць», — сказаў ён.

Тым ня менш, Януковіч пацьвердзіў, што сапраўды зьвяртаўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай выкарыстаць войскі для абароны жыцьця ўкраінскіх грамадзян.

21 лютага Януковіч падпісаў пагадненьне з апазыцыяй аб урэгуляваньні крызысу ва Ўкраіне. Аднак празь некалькі гадзін пасьля падпісаньня пагадненьня ён пакінуў Кіеў. З тых часоў, знаходзячыся ў Расеі, ён некалькі разоў выступаў публічна з тлумачэньнем сваёй пазыцыі. У першым інтэрвію ён, у прыватнасьці, заявіў, што лічыць рашэньні Вярхоўнай рады супрацьзаконнымі і працягвае заставацца «законным прэзыдэнтам» Украіны.
XS
SM
MD
LG