Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

1967 год. Год юбілею кастрычніцкіх падзеяў 1917 году. Год узмацненьня ідэалягічнай барацьбы. Радыё Свабода прымае на ўзбраеньне новую палітыку, якая ва ўнутраных інструкцыях атрымала назоў «госьць у хаце» — быць прыязным да слухача, выступаць да яго добразычлівым прыяцелем, пазьбягаць варожасьці і рэзкіх ацэнак. Савецкія прапагандысты раскусілі гэтую тактыку праз пару гадоў, адчуўшы ў гэтым немалую небясьпеку.

А пакуль што ў прысьвечаных Свабодзе прапагандысцкіх матэрыялах было поўна ранейшага задзёру. Вось, прыкладам, што пісаў нехта Шмыгаў у артыкуле «ХХІІІ зьезд КПСС аб узмацненьні барацьбы з ідэалягічнымі дывэрсіямі імпэрыялізму», надрукаваным ў № 2 часапіса «КОММУНІСТ БЕЛОРУССІІ» за 1967 год:


«Заўзята шчыруюць на службе ў амэрыканскіх, заходнегерманскіх і англійскіх імперыялістаў і здраднікі беларускага народу. У тую цяжкую часіну, калі ўвесь беларускі народ ад малога да старога ўзьняўся на барацьбу з фашысцкімі акупантамі, яны, гэтыя нікчэмныя маральныя вырадкі, здрадзілі Маці-Айчыне. Кулямі, шыбеніцамі і артыкуламі ў фашысцкіх газетках яны дапамагалі акупантам усталёўваць „новы парадак“ на акупаванай тэрыторыі. Сёньня яны зьвілі сваё асінае гняздо пад крылцам заходнегерманскіх рэваншыстаў у Мюнхене і за амерыканскія долары праз зганьбаваныя рупары радыястанцыі з фальшывым імем „Свабода“ штодзённа паклёпнічаюць на беларускі народ, імкнуцца зганьбіць партыю і камсамол, ачарніць савецкую дэмакратыю, распаліць антырускія настроі, фальсіфікуюць гісторыю».

Сёньня ў нас у гасьцях яшчэ адзін колішні супрацоўнік — дакладней кажучы супрацоўніца — нашага радыё — спадарыня Яніна Каханоўская, бабуля майго калегі Данчыка, якая жыве ў Нью-Ёрку. Мы сустракаліся зь ёй у адной з нашых першых перадачаў «На хвалі Свабоды», калі яна распавядала пра сваю працу на фабрыцы, дзе вырабляліся ўсялякія тавары для хатніх жывёлаў. Сёньня яна распавядзе пра пачаткі сваёй працы на радыё — найперш, як яна патрапіла з той фабрыкі на Радыё Свабода? Яніна Каханоўская

Яніна Каханоўская

«Наша фабрыка Gust Mountain, яна зачынілася. Гэта было ў 1960-х гадох, магчыма ў 1965 годзе, я добра не памятаю. Але ў гэтым часе якраз Арсеньнева выйшла на пэнсію і паехала да сына, у якога жонка-нябожчыца Туся Куліковіч, якая памёрла якраз у тым часе, пакінула яму двое малых дзяцей. Арсеньнева вырашыла дапамагаць сыну. Ну і пасьля яе на радыё камітэце засталося пустое месца. Ян Запруднік запрасіў мяне на працу. Так што пасьля працы на фабрыцы я не працавала толькі тры месяцы і адразу паступіла на другую работу. Аформілі мяне там як Research Assistant, асыстэнткай, ня ведаю ці так я гавару гэта па-ангельску. Гэта была вясна 1966 году.

На радыё ў тым часе першым быў запрошаны Аўген Каханоўскі [Калубовіч], які рашуча, вельмі рашуча, адмовіўся супраць непрадрашэнскай палітыкі камітэту. Я памятаю, ён нават адказаў тэлеграмай: „Ня згодны з палітыкай амэрыканскага камітэту і таму адмаўляюся“. А так падумаць, калі б ён тады не адмовіўся, зусім інакш ягонае жыцьцё пайшло б. Ён бы можа яшчэ жыў дагэтуль. Бо ён змарнаваў сваё жыцьцё на мэталёвай фабрыцы, з гэтага пылу мэталёвага».

Тут я мушу патлумачыць, што меў на ўвазе ведамы дзяяч эміграцыі гісторык Аўген Каханоўскі-Калубовіч. Непрадрашэнства — палітычная лінія ініцыятараў стварэньня Радыё Свабода, якія прапанавалі ўсім падсавецкім народам разам з расейцамі адзіным фронтам змагацца супраць камунізму, пакінуўшы высьвятленьне міжусобных дачыненьняў — у тым ліку пытаньні незалежнасьці нерасейскіх народаў савецкай імпэрыі на пазьнейшыя, пасьлякамуністычныя часы. З гэтай пазыцыяй былі нязгодныя некаторыя эміграцыйныя дзеячы, у тым ліку Аўген Калубовіч.

Наш архіў. Фрагмэнт адной зь перадачаў 1967 году...



***
Сьвет у 1967 годзе

Палітыка

Біяфра пачынае вайну за незалежнасьць ад Нігерыі. — У выніку шасьцідзённай вайны Ізраіль акупуе Сынайскі паўвостраў, Галянскія вышыні, Паласу Газа і Заходні бераг Ярдану. — Ваенны пераварот у Грэцыі, цар Канстантын ІІ адхілены ад улады. — Кітай абвяшчае пра першае выпрабаваньне вадароднай бомбы. ЗША і СССР выступаюць зь ініцыятывай падпісаньня дамовы аб непашырэньні ядзернай зброі. — Дачка Сталіна Сьвятлана Алілуева просіць палітычнага прытулку ў Швэйцарыі. — Баксёр Мухамад Алі пазбаўляецца тытулу чэмпіёна сьвету за адмову служыць у амэрыканскім войску. ¬ У Балівіі пакараны сьмерцю Эрнэста Чэ Гевара.

Навука

Брытанскія астраномы Х’юіш і Бэрнэл адкрываюць пульсары. — Амэрыканцы Фрыдман, Кендэл і Тэйлар выяўляюць, што пратоны і электроны складаюцца з драбнейшых часьцінак — кваркаў.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная гватэмальскаму пісьменьніку Мігелю Анхелу Астурыясу. Выходзіць раман Габрыэля Гарсіі Маркеса «Сто гадоў адзіноты».

Папулярная музыка

Beatles выпускаюць альбом «Аркестар клюбу самотных сэрцаў сяржанта Пэпэра».

Песьні году — All You Need Is Love / Beatles, A Whiter Shade Of Pale / Procol Harum

***

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Хто працаваў у канцы 1960-х у Нью-Ёркскім бюро Радыё Свабода? Яніна Каханоўская працягвае. Натальля Арсеньнева і Яніна Каханоўская. 1963

Натальля Арсеньнева і Яніна Каханоўская. 1963

«У той час у камітэце працавалі Ян Запруднік (старшыня), Антон Адамовіч (рэдактар). З Францыі на той час прыехаў вельмі сымпатычны такі чалавек Браніслаў Міркоўскі. Мы ўсе яго называлі Броня. Скрыптапісец. Ён скончыў Варшаўскі ўнівэрсытэт, літаратуру, і ніяк ня мог пазбыцца польскага акцэнту, колькі б зь ім не працавалі. Добра, чыста гаворыць па-беларуску, але з такім польскім акцэнтам, што не маглі ніяк адчапіцца. Так яно і засталося. Потым Анатоль Цярэшка. Гэта быў інжынэр зь Менску, пісьменьнік, вельмі цікавы. Яго паслалі ў Індыю будаваць там нейкія аб’екты. Ён быў інжынэрам-будаўніком. Адтуль у часе сваіх вакацыяў ён уцёк у Амэрыку. Распавядаў нам тут усім, што за жыцьцё ён меў. Вельмі цікавы, вельмі добры працаўнік, вельмі добры чалавек. Ну і мая асоба. Гэта быў такі наш склад работнікаў».

Наш архіў. Слухаем далей фрагмэнты аўтэнтычнага эфіру 1967 году:


***
1967 ГОД У БЕЛАРУСІ

• БССР падпісала міжнародную шматбаковую дамову аб космасе.
• Адбыліся сьвяткаваньні 900-годзьдзя Менску і Воршы і 700-годзьдзя Магілеву.
• У Мікалаеўшчыне адкрыты філіял літаратурнага музэю Якуба Коласа.
• Уведзеная ў дзеяньне Бярозаўская ГРЭС.
• Выйшаў першы нумар газэты «Вячэрні Менск».
• У Менску адкрыты Дзяржаўны музэй Беларусі.
• Заснаваная Гомельская абласная фільгармонія.

Ненскі эфір 1967 году. З нагоды 50-годзьдзя бурлівых падзеяў кастрычніка 1917-га перад мікрафонам беларускага радыё выступаюць непасрэдныя ўдзельнікі бальшавіцкага перавароту:


***

Нагадаю, сёньня госьць нашай перадачы — колішняя супрацоўніца нашага радыё Яніна Каханоўская. Яна распавядае далей, з кім ёй давялося працаваць у нью-ёркскім бюро ў канцы 60-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Яніна Каханоўская і Натальля Арсеньнева

Яніна Каханоўская і Натальля Арсеньнева

«Былі яшчэ гэтак званыя фрылэнсы. Гэта Стась Станкевіч, Юры Бальшухін. Гэты Юры Бальшухін пісаў вельмі добрыя фэльетоны, а начытвала я і Адамовіч у такім гумарыстычным стылі. Потым прыходзіў раз на тыдзень уладыка Васіль, які вёў рэлігійную перадачу. А часам дасылалі скрыпты проста людзі, знаёмыя літаратары. Юрка Віцьбіч быў такі вельмі добры і іншыя беларускія пісьменьнікі. І тут я мушу шчыра адзначыць, што Янка Запруднік быў надзвычайным дырэктарам. Яго ўсе любілі. Ветлівы, дэлікатны, гатовы кожнаму дапамагчы. На высокім узроўні трымаў усе перадачы. Яго вельмі паважалі ня толькі ў нашым беларускім аддзеле, але і ў іншых».

На заканчэньне — зноў наш архіў. Паслухайце яшчэ адзін фрагмэнт аўтэнтычнага эфіру 1967 году.
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
XS
SM
MD
LG