Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі экспэртызы цела Пцічкіна агучаць да 15 красавіка


Ігар Пцічкін

Ігар Пцічкін

Вынікі экспэртызы цела памерлага ў менскім СІЗА менчука Ігара Пцічкіна стануць вядомыя да 15 красавіка.

Пра гэта Свабодзе паведаміла сястра Ігара Пцічкіна Ірына са спасылкай на сьледзтва. Ірына Пцічкіна занепакоеная тым, што абвяшчэньне вынікаў экспэртызы ўвесь час адкладаецца.

«Эксгумацыю цела брата рабілі ў пачатку сьнежня 2013 году. Тады казалі, што ўжо празь месяц будуць дадзеныя, з-за чаго брат памёр. Але абвяшчэньне вынікаў усё адкладаюць. Вось нядаўна маці хадзіла да сьледчых, і ёй сказалі, што цяпер ужо паведамяць да 15 красавіка. Мы баімся, што справу проста замаруджваюць. Паводле нашых дадзеных, вынікі экспэртызы сьледзтва атрымала ўжо ў пачатку сакавіка, але ад нас гэта хаваюць. Чаму? Затое выклікаюць на допыты маіх былых мужоў ды пытаюцца ў іх, ці быў Ігар наркаманам. Навошта гэта? Паводле першай экспэртызы, у яго не знайшлі ніякіх сьлядоў наркотыкаў. Але калі б і быў — гэта нармальна было б, што памёр у СІЗА?» — абураецца Ірына Пцічкіна.

Ігар Пцічкін памёр ў СІЗА на Валадарскага ў жніўні 2013 году, празь некалькі дзён пасьля таго, як прыйшоў у СІЗА для адбыцьця трохмесяцовага арышту за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане. У СІЗА заявілі, што сьмерць стала вынікам сардэчнага прыступу. Між тым сваякі Ігара Пцічкіна падазраюць, што ён памёр ад траўмаў, нанесеных ахоўнікамі ізалятара падчас зьбіцьця вязьня, і спасылаюцца на сьляды пабояў на целе нябожчыка. У верасьні 2013 году, патрабуючы завядзеньня крымінальнай справы, сваякі і сябры Ігара Пцічкіна спрабавалі правесьці каля сьцен ізалятару пікет. Акцыя скончылася затрыманьнямі і пакараньнем удзельнікаў пікету праз суд. Тым ня менш, у кастрычніку 2013 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле факту сьмерці Ігара Пцічкіна. Вядома, што падазроным у справе фігуруе лекар ізалятару, які нібыта не аказаў Пцічкіну неабходнай мэдычнай дапамогі. Пра вынікі сьледзтва афіцыйна нічога не паведамляецца ўжо болей за 5 месяцаў.
XS
SM
MD
LG