Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў прапануе Крамлю зрабіць украінскую мову другой дзяржаўнай


Арсень Яцанюк

Арсень Яцанюк

Украіна прапануе Расеі ўвесьці ўкраінскую ў якасьці другой дзяржаўнай мовы, паведаміў прэм’ер-міністар Украіны Арсень Яцанюк.

«МЗС Украіны зрабіла з гэтай нагоды заяву. Украінскамоўная супольнасьць зьяўляецца найбуйнейшай на тэрыторыі Расеі, і будзе цалкам натуральна, калі ўкраінская мова будзе другой дзяржаўнай у Расеі або прынамсі будзе мець спэцыяльны статус», – сказаў ён на 10-й штогадовай інвэстыцыйнай канфэрэнцыі кампаніі Dragon Сарitаl у Кіеве.

Паводле прэм’ера, Украіна таксама зьвяртаецца да расейскіх уладаў аб адкрыцьці ўкраінскіх школ на тэрыторыі Расеі.

«Таксама неабходна ісьці насустрач рэлігійным перакананьням украінцаў у Расеі, каб прынцып свабоды веравызнаньня быў ня проста задэкляраваны, але і выконваўся», – падкрэсьліў Яцанюк.

Пры гэтым Яцанюк зьвярнуў увагу на тое, што Расея «перажывае за ўкраінскую Канстытуцыю і за ўкраінскі дзяржаўны лад».

«І мы, сапраўды, гэтак жа перажываем за нашых расейскіх суседзяў. Мы жадаем ім усяго самага найлепшага, каб у іх усё было добра і каб 65 мільярдаў даляраў за квартал не выцякалі зь іх эканомікі, а таксама, каб у іх працавалі крэдытныя карты Visa і Master Card», – дадаў прэм’ер-міністар Украіны.

У расейскім МЗС неаднаразова заяўлялі, што Ўкраіне для вырашэньня праблем трэба ўхваліць рашэньне аб фэдэралізацыі і ўвядзеньні расейскай мовы як другой дзяржаўнай.

Ва ўкраінскім зьнешнепалітычным ведамстве на гэта адказалі, што гатовыя даць Маскве плян канфэдэралізацыі Расеі з увядзеньнем 5-10 дзяржаўных моў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG