Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Алесь Бяляцкі стаў ляўрэатам прэміі швэдзкай праваабарончай арганізацыі Civil Rights Defenders за 2014 год.

«Больш за 30 гадоў Алесь Бяляцкі прысьвяціў бесьперапыннай барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека — спачатку ў СССР, а потым у Беларусі», — адзначаецца ў паведамленьні арганізацыі.

«Алесь ёсьць адным з адзінаццаці беларускіх палітвязьняў. Ён асуджаны да 4,5 году пазбаўленьня волі за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у выніку судовага працэсу з выразным палітычным падтэкстам. Ён быў арыштаваны 4 жніўня 2011 году і з тых часоў знаходзіцца ў турме. Кіраўнік вядучай праваабарончай арганізацыі краіны, Алесь Бяляцкі зьяўляецца цэнтральнай фігурай у беларускай грамадзянскай супольнасьці», — адзначаюць у Civil Rights Defenders.

«Судовы працэс па справе Алеся Бяляцкага быў распачаты, нягледзячы на міжнародныя пратэсты і патрабаваньні яго вызваленьня. Перасьлед Алеся быў наўпрост зьвязаны зь яго праваабарончай дзейнасьцю, а прысуд служыць папярэджаньнем для ўсёй беларускай грамадзянскай супольнасьці», — сказаў дырэктар Civil Rights Defenders Робэрт Хорд.

Уручэньне прэміі пройдзе 4 красавіка ў Стакгольме. Бяляцкі знаходзіцца ў турме, таму прэмію атрымаюць яго жонка Натальля Пінчук і калега-праваабаронца Тацяна Равяка.

Прэмія Civil Rights Defenders была заснаваная ў 2013 годзе. Яе грашовае вымярэньне — 50 тысяч еўра.

Раней Алесь Бяляцкі быў уганараваны некалькімі іншымі ўзнагародамі, у тым ліку швэдзкай прэміяй Per Anger, прэміямі імя Андрэя Сахарава і Homo Homini.
XS
SM
MD
LG