Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Мы вымушаныя ўмацоўваць мяжу з Украінай па зразумелых прычынах», — заявіў сёньня, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, Леанід Мальцаў.

Затым у размове з журналістамі ён патлумачыў, што цяпер на беларуска-ўкраінскай мяжы задзейнічаныя рэзэрвы памежных сілаў:

«Ніякіх бронетранспартэраў ці іншай тэхнікі мы на мяжы не трымаем. Мы проста пачалі больш уважліва даглядаць пасажыраў, якія едуць у Беларусь, асабліва праз „зялёны“ калідор».

Леанід Мальцаў таксама сказаў, што ў цяперашні момант ніякіх праблемаў на мяжы паміж Беларусьсю і Ўкраінай не ўзьнікае. Больш за тое, цягам апошніх дзён паток як аўтамабіляў, так і пасажыраў на гэтай мяжы зьменшыўся.
«Ніякіх заўвагаў ад жадаючых перасекчы мяжу няма».

Што тычыцца колькасьці парушэньняў, то яна знаходзіцца на тым жа самым узроўні, што і да пачатку падзеяў ва Ўкраіне.

Леанід Мальцаў таксама сказаў, што будзе значна павышаная адказнасьць міжнародных перавозчыкаў за тое, што яны ўвозяць у Беларусь грамадзян іншых краінаў, якія ня маюць на гэта права. Ён прывёў наступны прыклад: кампанія «Белавія» цягам 2013 году ўвезла ў Беларусь 1144 пасажыры, якія альбо ўвогуле ня мелі права на ўезд у Беларусь альбо ня мелі для ўезду візавых дакумэнтаў. Гэта стварала вялікія нязручнасьці, бо часта такія людзі ня мелі грошай для вяртаньня назад, вандравалі зь дзецьмі і былі вымушаныя праводзіць у транзытнай залі ад тыдня да месяца.

Леанід Мальцаў сказаў, што Беларусь пераходзіць на міжнародную практыку, калі адказнасьць за перамяшчэньне такіх асобаў кладзецца на міжнародных перавозчыкаў. Так будзе зроблена і зь «Белавіяй» і нават з таксоўшчыкамі, якія возяць у памежную зону людзей неславянскай зьнешнасьці, добра разумеючы, зь якой мэтай тыя кіруюцца ў памежную зону. Адпаведныя зьмены ў заканадаўства, якія павялічаць адказнасьць міжнародных перавозчыкаў, сёньня былі прынятыя Палатай прадстаўнікоў у першым чытаньні.
Таксама Леанід Мальцаў сказаў, што нягледзячы на канфлікт паміж Украінай і Расеяй, працы па дэмаркацыі беларуска-ўкраінскай мяжы працягваюцца. Трэба абазначыць 1084 кілямэтры мяжы і гэты працэс зойме ад 7 да 10 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG