Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскую сацсетку «Weua.info» хочуць перакласьці на беларускую мову


1 красавіка ўкраінскія праграмісты зьбіраліся прэзэнтаваць новую сацыяльную сетку «Weua.info», якая пазыцыянуецца як альтэрнатыва расейскім сацыяльным сеткам «Вконтакте» і «Одноклассники».

Аднак пачатак працы сайта давялося адкласьці праз тое, што ў ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка ён стаў аб’ектам шырокамаштабнай DDoS-атакі.

Разам з тым стваральнікі «Weua.info» не губляюць надзеі запусьціць рэсурс і кажуць, што маюць сілы супрацьстаяць кампутарнаму нападу з боку расейскіх праграмістаў — паводле іх меркаваньня, атака вядзецца менавіта з боку «старэйшага брата».

Заснавальнік украінскай сацыяльнай сеткі Багдан Аліярчук у інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што ідэя стварэньня сацыяльнай сеткі «Weua.info» ўзьнікла яшчэ да пачатку падзеяў Эўрамайдану, якія выліліся ў глябальны геапалітычны канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай:

«Група праграмістаў вырашыла такім чынам аб’яднаць украінцаў з усяго сьвету і нагадаць, што мы — добры, моцны і годны народ. З улікам таго, што мы маем шмат выдатных праграмістаў і дастаткова магчымасьцяў, каб зрабіць нешта сваё, мы пачалі распрацоўваць гэты рэсурс. Паралельна пачаліся падзеі Эўрамайдану. Мы вельмі актыўна яго падтрымлівалі, але не пакідалі працу над сацыяльнай сеткай».

Яшчэ да адкрыцьця, якое мусіла адбыцца 1 красавіка, праграмісты, якія працавалі над праектам, адзначалі наяўнасьць перашкодаў з боку Расеі. Гэтыя перашкоды ўрэшце выліліся ў масавую DDoS-атаку, што ў выніку не дазволіла запусьціць рэсурс.

«З боку расейцаў на сацыяльную сетку лілося і ліецца вельмі шмат бруду. Нам казалі, што ў нас нічога ня выйдзе, што мы ня зможам канкураваць з „Вконтакте“ і „Одноклассниками“. Пасьля, яшчэ да нашага адкрыцьця, пачаліся DDoS-атакі на рэсурс, у выніку якіх шматлікія ўкраінскія Інтэрнэт-правайдэры адмовіліся з намі працаваць, таму што іх каналы не вытрымліваюць такой нагрузкі», — распавядае Багдан Аліярчук.

Учора каманда «Weua.info» ня спала цэлую ноч, вытрымліваючы DDoS-атакі, і старалася падтрымаць сайт. Але сайт ня быў працаздольны. У выніку вырашылі прыпыніць працу, нягледзячы на расчараваньне некаторых людзей. Заснавальнікі палічылі, што лепш спачатку вырашыць тэхнічныя праблемы, а пасьля запусьціць рэсурс.

«Такім чынам мы вядзем інфармацыйную вайну супраць „старэйшага брата“. І праблема ў тым, што гэтай DDoS-атакай не студэнты нейкія займаюцца, а вельмі прафэсійныя праграмісты. Мы са свайго боку таксама стараемся прафэсійна яе адбіваць, але на баку нашых праціўнікаў сядзяць вельмі дасьведчаныя людзі. І пакуль не было зафіксавана, што DDoS-атакі спыняюцца. Мы і не спадзяемся, што яны спыняцца, проста рыхтуемся да таго, каб іх адбіваць», — кажа заснавальнік сайту.

Тым часам, рэсурс за тыя 5 гадзінаў, калі ня быў заблякаваны DDoS-атакамі, зарэгістраваў больш за 25 000 карыстальнікаў.

«Гэта вельмі вялікі посьпех, мы нават не чакалі такога. У сучасным сьвеце вельмі важна мець сваю сацыяльную сетку. Я думаю, што і беларусы таксама мусілі б стварыць нешта падобнае, каб не карыстацца праектамі нашага агульнага „старэйшага брата“ — „Вконтакте“ і „Одноклассниками“ », — адзначыў Багдан Аліярчук.

Ён таксама засьведчыў, што стваральнікі цяпер шукаюць чалавека, які б мог перакласьці рэсурс на беларускую мову, каб беларусы таксама маглі далучацца да сацыяльнай сеткі — калі яна адаб’е кампутарную атаку і зможа паўнавартасна працаваць:

«Першапачаткова мы далі магчымасьць карыстаньня трыма мовамі — украінскай, расейскай і ангельскай. На гэтым тыдні будзе дададзеная нямецкая і арабская. Гэта ўсё робіцца сіламі нашых валянтэраў, якія перакладаюць рэсурс на гэтыя мовы. Мы вельмі хацелі б, каб знайшоўся чалавек, які на валянтэрскіх умовах зрабіў бы пераклад і на беларускую мову. Мы вельмі хацелі б мець беларускую мову на нашым сайце. У нас дэмакратычная сацыяльная сетка што да выбару мовы. Галоўная задача тут — адлюстраваньне праўдзівай інфармацыі, але ніякага сэпаратызму мы ня будзем дапускаць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG