Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навадворская: Пуцін выявіўся ня злодзеем, а фанатыкам


Валерыя Навадворская

Валерыя Навадворская

У інтэрвію беларускай Свабодзе расейская дысыдэнтка і праваабаронца, заснавальніца партыі «Дэмакратычны саюз» Валерыя Навадворская разважае пра тое, ці пойдзе Пуцін далей, як можна спыніць Расею, ці жадае Крэмль захапіць Беларусь і ці зьяўляецца Лукашэнка марыянэткай Масквы.

— Сёньня ў палітычным і грамадзкім жыцьці Расеі адбываюцца рэчы, якія яшчэ некалькі гадоў таму ўяўляліся кепскім жартам — блякуюцца незалежныя сайты, новыя папраўкі ў закон прадугледжваюць саджаць за правядзеньне мітынгаў, караць за двайное грамадзянства, ідзе цкаваньне тых дзеячаў культуры і мастацтва, якія ня згодныя з лініяй улады. Ці не здаецца нават вам хуткасьць гэтых пераменаў нейкай жахліва-фантастычнай?

— Пуцін аказаўся не злодзеем і жулікам, а фанатыкам. Мы думалі, што ён проста любіць грошы. Лепш бы ён, канешне, проста любіў грошы. Але ягоны характар аказаўся не такім, і ў рабскай краіне пра абыякавасьці Захаду можна рабіць што заўгодна. Пасьля Ўкраіны можна сказаць, што з нахільнай плоскасьці мы перайшлі ў свабоднае падзеньне. Нясемся ўніз, няма каму саломку падаслаць.

Я заўсёды казалі, што Беларусь — гэта палігон, на якім адпрацоўваюцца рэстаўрацыйныя канструкцыі. Усё, адпрацавалі, цяпер у нас ня лепш чым у вас — поўная роўнасьць і братэрства.

— Але «свабоднае падзеньне» Расеі — ядзернай дзяржавы — для сьвету значна больш небясьпечнае, чым дыктатура ў сьціплай Беларусі.

— Так, для сьвету гэта нечаканы шок, і яны не рэагуюць так, як варта было б. Яны ня толькі Ўкраіну не абараняюць, яны не абараняюць устоі сьвету, імі ж створаныя. І сытуацыя можа скончыцца тэрмаядзернай вайной — нават ужо не з-за Пуціна, а іншых зламысьнікаў.

Крым — гэта падарункавы набор для Расеі. А калі Кітай захоча забраць Тайвань, незалежнасьць якога гарантуюць ЗША? Тайвань мае добрую сучасную зброю і будзе абараняцца. Што будзе рабіць Захад, калі Паўночная Карэя, убачыўшы, што пакараньня агрэсару няма, захоча захапіць Паўднёвую Карэю? Устоі сьвету зьнішчаныя ліквідацыяй Будапэшцкай дамовы і маўчаньнем Захаду.

Мы ішлі да гэтага даволі доўга. Спачатку чачэнская вайна. Ну ладна, сьвет не прачнуўся тады, бо гэта свая тэрыторыя, рабіце, што хочаце. Але потым Грузія. І там Джордж Буш спыніў сусьветную вайну. Ён спыніў Пуціна, які ішоў на Тбілісі — і ня словамі, а справай, самалётамі, караблямі, то бок даў зразумець, што будзе абараняць Грузію ўзброеным шляхам.

Але паколькі Барак Абама праяўляў усе прыкметы слабасьці, то ў сьвеце аслабела тая адзіная ўлада, на якой ён трымаўся — моц ЗША. І Пуцін вырашыў ні ў чым сябе на адмаўляць. Ён паспрабаваў — прайшло. ЗША маглі спыніць гэта адразу, як толькі зьявіліся першыя размовы. Можна было ўвесьці ў Крым войскі, можна было б прывесьці некалькі авіяносцаў, Украіна б дэнансавала дамову аб Чарнаморскім флёце — і Пуцін бы туды ня сунуўся. Але паколькі былі толькі заклінаньні, то мы дайшлі да самай страшнай сытуацыі, калі зло застаецца беспакараным. І ў выніку сьвет стаіць на той мяжы, на якой ён стаяў падчас Карыбскага крызісу.

Цалкам інтэрвію з Валерыяй Навадворскай чытайце пазьней на нашым сайце.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG