Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША ўхваліў дапамогу Ўкраіне і санкцыі супраць Расеі


Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўхваліла ў аўторак законапраект аб прадстаўленьні дапамогі Ўкраіне. За яго прагаласавалі 378 кангрэсмэнаў, супраць — 34.

Дакумэнтам прадугледжваецца прадстаўленьне Ўкраіне крэдытных гарантый на суму ў 1 мільярд даляраў, а таксама наўпростай фінансавай дапамогі ў памеры 50 мільёнаў долараў на фінансаваньне праграм па ўмацаваньні дэмакратычных інстытутаў і падтрымкі ў працэсе падрыхтоўкі свабодных выбараў.

Законапраектам таксама прадугледжваецца выдзяленьне 100 мільёнаў даляраў на захады па ўмацаваньні супрацоўніцтва ЗША і Эўрапейскага зьвязу з краінамі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў галіне бясьпекі.

Прыняцьце гэтага законапраекта таксама адкрывае магчымасьць прыняцьця новых санкцый супраць Расеі ў дадатак да тых, якія ў адказ на анэксію Крыма ўжо ўвяла адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Барака Абамы. Сярод гэтых захадаў — забарона на выдачу віз і замарожваньне актываў грамадзян Расеі і Ўкраіны, якія маюць дачыненьне да парушэньня правоў чалавека ва Ўкраіне і падрыву сувэрэнітэту гэтай краіны.

Раней гэты законапраект быў зацьверджаны Сэнатам ЗША. Цяпер дакумэнт паступіць на подпіс прэзыдэнту Абаме. Чакаецца, што прэзыдэнт ЗША падпіша яго ў найбліжэйшы час.

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», сэнатар ЗША Боб Коркер з камітэту па міжнародных адносінах заявіў, што галасаваньне ў аўторак стала важнай дэманстрацыяй адзінства заканадаўцаў:

«Прыняцьце гэтага законапраекта дазваляе Кангрэсу выказаць адзінадушную падтрымку ўкраінскаму народу і заявіць пратэст супраць расейскай агрэсіі», — гаворыцца ў заяве Коркера .

Белы дом паведаміў, што Абама вітаў канчатковае ўзгадненьне пакета дапамогі Ўкраіне.

У заяве Белага дома паказваецца, што адміністрацыя ЗША выступае за прыняцьце захадаў, якія «гарантавалі б, што МВФ мае рэсурсы, неабходныя для выкананьня сваёй місіі і пашырэньня інструмэнтаў, якія прадстаўляюцца Ўкраіне і іншым краінам».

Некалькі заканадаўцаў заявілі, што хочуць, каб Абама прыняў дадатковыя захады па пакараньні Расеі і прадухіленьні яе далейшай інтэрвэнцыі ва Ўкраіне ці ў іншых краінах Усходняй Эўропы. У прыватнасьці, яны прапануюць увесьці дадатковыя эканамічныя санкцыі, накіраваныя супраць расеійскага энэргетычнага сэктара.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG