Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане для Расеі беларускі ВПК заменай украінскаму?


Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

Аляксандр Лукашэнка 1 красавіка сустрэўся з намесьнікам старшыні ўрада Расейскай Фэдэрацыі, старшынёй Ваенна-прамысловай камісіі пры ўрадзе Расеі Дзьмітрыем Рагозіным. Бакі перш за ўсё абмяркоўвалі супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сфэры. Ці ўдасца беларускім прадпрыемствам запоўніць тыя прагалы, якія могуць зьявіцца ў расейскага ВПК пасьля разрыву супрацоўніцтва з Украінай? Наколькі рэалістычна, што ўкраінскія ваенныя заводы цалкам спыняць выконваць ваенныя замовы з Расеі? На гэтыя пытаньні адказвае вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін.

— Відавочна, што зараз Расея шукае магчымасьці не аслабіць свой вайсковы патэнцыял на фоне таго, што могуць быць разарваныя адносіны паміж расейскімі і ўкраінскімі прадпрыемствамі ваенна-прамысловага комплексу. Ці можа беларускі ВПК запоўніць тыя дзіркі з ваеннай тэхнікай, якія могуць узьнікнуць у Расеі?

— Украіна пераняла ад Савецкага Саюзу прыблізна адну траціну саюзнага ВПК. Гэта была вытворчасьць гатовых узораў узбраеньняў і стратэгічныя ракеты, танкі, караблі, электроніка. Карацей, Беларусь ня можа тут зраўняцца з Украінай. Але ў нечым можа дапамагчы Расеі, асабліва ў сфэры радыёэлектроннай тэхнікі, сродкаў радыёэлектроннай выведкі, сродкаў сувязі, оптаэлектроннай тэхнікі.

Тут Беларусь пры пэўным спрыяньні з боку Расеі і пасьля пэўнага часу можа падмяніць Украіну. Але толькі ў нязначнай ступені.

— Ці можна ўжо зараз напэўна сьцьвярджаць, што сувязі паміж украінскім і расейскім ВПК разарвуцца? Ці бакі яшчэ маюць шанцы захаваць сваё супрацоўніцтва, ці на фоне анэксіі Крыму гэта ўжо нерэальна?

— Я думаю, пакуль гэта пераважна слоўная і палітычная вайна. Бо на самой справе Ўкраіна ня менш за Расею зацікаўленая ў захаваньні гэтых сувязяў. У асноўным гэтыя заводы знаходзяцца па поўдні і ўсходзе Ўкраіны. І калі яны будуць пазбаўленыя замоваў, то дзясяткі тысячаў людзей могуць застацца без заробкаў. І на выбарах прэзыдэнта гэтыя людзі стануць яшчэ больш прарасейскімі і супраць кіеўскіх уладаў.

— Але як можна пастаўляць ваенную тэхніку, танкі краіне-агрэсару, якая захапіла частку тваёй тэрыторыі?

— Ну, танкі яны не пастаўляюць. Яны пастаўляюць рухавікі для самалётаў, камплектуючыя для самалётаў, абслугоўваюць расейскія ракеты ды іншае. Але важна зазначыць, што сёньня іншых пакупнікоў, акрамя Расеі, ва ўкраінскіх заводаў ВПК няма. Бо гэта савецкія стандарты, савецкія распрацоўкі. Можа, хіба Кітай нешта купіць. Але ж кітайцы не купляюць, яны скрадуць потым тэхналёгіі.

Так што можна чакаць, што рэзкага і адназначнага разрыву тут ня будзе. І гэтыя прамысловыя сувязі будуць працягвацца — прынамсі да той пары, пакуль Расея сама не пачне вырабляць уласныя аналягі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG