Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няправільна лічыць, што Беларусь страчана» — дыскусія ў «Эўранэсьце»


Краіны «Ўсходняга партнэрства»

Краіны «Ўсходняга партнэрства»

1 красавіка ў Брусэлі адбылося паседжаньне рабочай групы па Беларусі ў межах сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Ўсходняга партнэрства «Эўранэст».

Да ўдзелу была запрошана дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сілаў у складзе Партыі БНФ, Руху «За Свабоду», Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кампаніі «Гавары праўду», БХД, партыі левых «Справядлівы сьвет».

Па выніках дыскусіі пра сытуацыю ў Беларусі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў карэспандэнту Свабоды, што прынятае рашэньне падоўжыць фармат, у якім працавала група.

«Была агучана прапанова далучыць да працы групы ў якасьці запрошанага прадстаўнікоў Рады БНР. Гэта прапанова зафіксавана. Прадстаўнікі сакратарыяту сказалі, што вы́вучаць гэтае пытаньне і прымуць рашэньне. Сябры працоўнай групы пазытыўна пра гэта выказаліся».

Паводле Янукевіча, адной з асноўных агульных праблемаў зьяўляецца «пагроза расейскага імпэрыялізму»:
Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Безумоўна, падзеі ва Ўкраіне і тое, якім чынам яны паўплываюць на сытуацыю ў Беларусі, было ў галоўным фокусе. Беларускія ўдзельнікі і прадстаўнікі Эўранэсту пагадзіліся, што вельмі няправільна лічыць, што Беларусь страчана, што яна цалкам кантралюецца Расеяй і знаходзіцца ў яе сфэры ўплыву. Неабходна падзяляць Беларусь і Расею ў падыходах і рабіць усё магчымае, каб умацаваць незалежнасьць Беларусі і праэўрапейскія настроі ў беларускім грамадзтве. І запабегчы тых пагрозаў, якія нясе сёньня Расея для рэгіёну».

Аляксей Янукевіч назваў «абсалюна адэкватнай» прапанову старшыні Руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, які заклікаў Эўразьвяз не ізаляваць Беларусь:

«На сёньняшні момант ізаляцыя Беларусі выключна гуляла б у інтарэсах Крамля, бо працавала б на аслабленьне краіны і на павелічэньне расейскага ўплыву ў Беларусі. Дыялёг паміж краінамі ЭЗ і цяперашнімі ўладамі Беларусі павінен быць абумоўлены. І вызваленьне палітвязьняў павінна стаяць першым на парадку дня. Але гэты дыялёг надзвычай важны».

Падчас дыскусіі гучала пытаньне пра вызваленьне беларускіх палітвязьняў.

«Нечага новага ў гэтым аспэкце няма. Прадстаўнікі ЭЗ адзначылі, што калі яшчэ некалькі месяцаў таму пэрспэктывы вызваленьня палітвязьняў выглядалі больш рэальнымі, то сёньня гэтае пытаньне зноў ёсьць вельмі няпэўным. Сёньня няма адчуваньня, што ёсьць шанец неўзабаве пабачыць палітвязьняў на волі. Аднак падыходы застаюцца ранейшымі: ЭЗ застаецца адкрытым для дыялёгу, але каб ён распачаўся ў поўным фармаце, неабходна вызваленьне палітвязьняў».
Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды адзін зь лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі ня стаў камэнтаваць пазыцыю Аляксандра Мілінкевіча, які заклікаў Эўразьвяз не ізаляваць Беларусь. Пра што спадар Рымашэўскі выказаўся ў Эўранэсьце?

«Тут у Брусэлі таксама размова ішла пра тое, як паўплывала сытуацыя ва Ўкраіне на падзеі ў Беларусі, пра пляны беларускіх дэмсілаў. Што тычыцца плянаў дэміслаў, то ў нас ужо ёсьць пазытыўныя вынікі. Ёсьць першыя прапановы пра вылучэньне адзінага кандыдата, і гэта было сустрэта з радасьцю. Што да падзей ва Ўкраіне, то вайна ва Ўкраіне — гэта ў тым ліку вынік той рэал-палітык, якая праводзілася вялікай часткай эўрапейскіх палітыкаў, эўрапейскіх дзяржаў. Уварваньне ва Ўкраіну Пуціна не нагода апраўдваць іншыя аўтарытарныя рэжымы ў Эўропе. Пазыцыя Захаду адносна Беларусі была надзвычай слабай. І галоўная выснова, якую рэжым Лукашэнкі вынес з падзей у Крыме, гэта слабасьць і бясьсільле Захаду прадпрымаць нешта ўсур’ёз. Таму ў Беларусі было павелічэньне рэпрэсій падчас мясцовых выбараў параўнальна зь мінулымі кампаніямі. Рэжым Лукашэнкі разумее толькі пазыцыю сілы. Безумоўна, павінна быць адкрытая пазыцыя ЭЗ. І найперш гэта адкрытасьць павінна тычыцца беларускага грамадзтва, пазытыўных прапаноў да беларускай дзяржавы ў цэлым. Але разам з тым павінен быць цьвёрды нэгатыўны мэсыдж. Калі апраўдваць тое, што ў Беларусі трэба падтрымліваць аўтарытарны рэжым, каб Беларусь ня страціла незалежнасьць, то з такімі ж аргумэнтамі можна падтрымліваць і Пуціна, каб Расея ня страціла незалежнасьць ад Кітаю. Такім чынам можна апраўдаць усясьветны фашызм і імпэрыялізм. І такая пазыцыя была сустрэта з разуменьнем палітыкамі, дасьведчанымі ў стасунках з рэжымам у Беларусі».

На пасяджэньне, апроч беларускіх апазыцыйных палітыкаў, быў таксама запрошаны міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей. Аднак ён не прыехаў, а даслаў замест сябе пасла.

«Мы не запрашалі пасла, таму яму і было адмоўлена ў магчымасьці ўдзельнічаць у сёньняшняй дыскусіі. Эўрапейскі парлямэнт не прызнае легітымнасьць беларускай Палаты прадстаўнікоў. І гэта наша прынцыповая пазыцыя», — адзначыў падчас пасяджэньня польскі парлямэнтар Яцэк Сарыюш-Вольскі.
Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў прэс-лужбе АГП, што намагаўся пераканаць ЭЗ, што «сёньня нельга падзяляць Беларусь і Ўкраіну»:

«Тут патрэбна адна агульная стратэгія. Акрамя таго, неабходна разуменьне, што без сумленных, свабодных выбараў перамены ў Беларусі немагчымыя. І трэцяя тэма, актуальная на дадзены момант, — кампанія „Сумленная гульня — Fair play — 2014“. Гэта кампанія салідарнасьці з палітвязьнямі, кампанія ціску на беларускія ўлады напярэдадні чэмпіянату сьвету па хакеі, у якой міжнародны складнік мае вельмі важнае значэньне», — адзначыў Анатоль Лябедзька.

«Эўранэст» — парлямэнцкае вымярэньне праграмы «Ўсходняе партнэрства». Гэты орган складаецца з дэпутатаў Эўрапарлямэнту і парлямэнтаў краін-удзельніц ініцыятывы (Украіны, Малдовы, Армэніі, Азэрбайджана і Грузіі), за выключэньнем Палаты прадстаўнікоў Беларусі. Пасьля выбараў у Беларусі ў 2010 годзе, прызнаных неадпаведнымі крытэрам АБСЭ, сяброўства Беларусі ў Эўранэсьце было аўтаматычна прыпыненае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG