Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія прапануе шырэй адчыніць браму Шэнгена


Пра гэта паведаміла сёньня эўракамісар унутраных справаў Сэсілія Мальмстром.

Паводле яе, Эўракамісія прапануе ўвесьці некалькі зьменаў у візавы кодэкс Зьвязу.

- скарачэньне тэрміну чаканьня візы з 15 да 10 дзён,

- скасаваньне консульскага збору для непаўнагадовых ва ўзросьце да 18 гадоў,

- увядзеньне новага віду візаў – Touring visa. Атрымальнікі гэтага віду візаў будуць мець магчымасьць падарожнічаць па краінах шэнгенскай зоны на працягу году з магчымасьцю працягу гэтага тэрміну яшчэ на адзін год,

- той, хто атрымаў шэнгенскія візы двойчы на працягу 12 месяцаў, атрымае ўязную візу, сапраўдную на працягу 3-х гадоў.
Сэсілія Мальмстром

Сэсілія Мальмстром

Паводле эўракамісара Мальмстром летась прынамсі 17 мільёнаў чалавек з розных краінаў сьвету падалі заяўкі на атрыманьне шэнгенскай візы. Пры гэтым больш за 6 мільёнаў ахвочых не змаглі патрапіць у Эўразьвяз з прычыны доўгай і дарагой працэдуры візавага афармленьня. Паводле ацэнак Эўракамісіі прапанаваныя зьмены ў візавы кодэкс Зьвязу прывядуць да павелічэньня колькасьці паездак у краіны ЭЗ на 60%, што створыць дадатковых 1.3 мільёна новых працоўных месцаў у Эўропе ў сфэры турызму.

Мэтазгоднасьць выдачы шматразовых візаў на 3 гады сп-ня Мальмстром патлумачыла тым, што калі нехта быў правераны і не парушае законаў, то няма неабходнасьці правяраць яго ці яе зноў і зноў. Гэта вельмі непрыемна для частых і рэгулярных падарожнікаў.

Паводле яе, новая Touring visa дасьць магчымасьць, напрыклад, артыстам арганізоўваць больш працяглыя туры, а студэнтам з трэціх краінаў – падарожнічаць па Эўропе.

Эўракамісар заклікала дэпутатаў Эўрапарлямэнту, сэсія якога пачынаецца заўтра, ухваліць візавыя прапановы Эўракамісіі як мага хутчэй.
XS
SM
MD
LG