Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайтовіч ня верыць у мадэрнізацыю навукі па-лукашэнскаўску


Аляксандар Вайтовіч
Аляксандар Вайтовіч

31 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў пра чарговую рэформу Нацыянальнай акадэміі навук на нарадзе з навукоўцамі па пытаньні пэрспэктываў разьвіцьця навукі.

Паводле ягоных словаў, у Акадэміі вялікія рэзэрвы для аптымізацыі:

«Працуе там больш за 17 тысяч чалавек, а дасьледчыкаў усяго траціна».

Ад Акадэміі ўлада мяркуе патрабаваць удзелу ў агульнадзяржаўных праектах: «выкарыстаньня сыстэмы дыстанцыйнага зандаваньня Зямлі, будаўніцтва АЭС, разьвіцьця беларускай нанаіндустрыі і іншага».

Акадэмік Анатоль Рубінаў, у сваю чаргу, прапануе рэарганізаваць структуру Акадэміі: на месцы гуманітарных і сацыяльных інстытутаў стварыць тры буйныя дасьледчыя цэнтры. Паводле меркаваньня Рубінава, гэта мусяць быць цэнтры беларускай культуры і літаратуры, гісторыка-сацыяльных праблемаў і стратэгічных дасьледаваньняў.

Члена-карэспандэнта Акадэміі навук Аляксандра Вайтовіча, які быў прэзыдэнтам НАН з 1997 па 2001 гады, на нараду не запрасілі. Пра яе вынікі ён даведаўся з СМІ. Вайтовіч кажа, што гэта далёка ня першая спроба рэфармаваньня, і апасаецца, што яна ізноў апынецца безвыніковай:

«Патрэбная праграма разьвіцьця навукі, якая мусіць быць часткай праграмы разьвіцьця краіны. А ў нас і яе дагэтуль няма. Калі б такая праграма была, дык спробы перайменаваць інстытут ва ўнітарнае прадпрыемства адпалі б самі сабой. Такія перайменаваньні нічога не даюць, толькі займаюць час і клопат ствараюць.

Толькі дзяржава мусіць ствараць навукова-тэхнічную і інавацыйную палітыку. Зьвяртацца да вучоных «ах вы такія-сякія, у вас няма ўкараненьняў, нічога вашага нікому не патрэбна» — бессэнсоўна. Ня нашы «інавацыі» — таму што няма інавацыйнай сыстэмы. Гэтыя закіды чыноўнікаў да вучоных ні да чаго не прывядуць.

Тое, што трэба пэрспэктыўныя напрамкі вызначаць, — гэта штодзённая праца, тут няма ніякай навіны. У навуцы гэта робіцца само сабой. На жаль, у нас з гэтым усё горш і горш.
Моладзь у навуку не ідзе, бо гэта не прэстыжна. Матывацыі ў яе няма ніякай

Трэба ўрэшце вырашыць кадравыя праблемы. Моладзь у навуку не ідзе, бо гэта не прэстыжна. Матывацыі ў яе няма ніякай. Пакуль ня створым такую матывацыю, нічога з навукай ня будзе.

Але кадравае пытаньне складанае ня толькі на ўзроўні маладых, але і на ўзроўні дырэктараў інстытутаў. У некаторых інстытутах дырэктары робяцца баронамі: што хочуць, тое і робяць. Сыстэма кантрактная, хто ня згодны — звальняюць. Робяцца гэтыя дырэктары суаўтарамі ў 3-5 тэмах, нібыта ён «сямі пядзяў у ілбе». А вынік такі: дырэктар атрымлівае ў месяц 40-50 мільёнаў, а старэйшы навуковы супрацоўнік атрымлівае пяць ці сем мільёнаў максымум. Вось такая праблема, якую сама дзяржава стварыла.

У нас праблемаў процьма, але гэтыя праблемы не разглядаюцца належным чынам. І баюся, што гэта кампанія ня дасьць добрага выніку. Была такая кампанія на пачатку 2000-х гадоў, калі ў Акадэмію прыйшоў Міхаіл Мясьніковіч. Тады разглядалі ў акадэміі канцэпцыю разьвіцьця навукі. І што з таго? Два гады патрацілі — і нічога не зрабілі, стала толькі горш. Праблемаў процьма, а накірункі, як іх вырашаць, ня вызначаныя.

Ёсьць праграма па ўдасканаленьні навуковай сфэры. Яна шмат у чым добрая, нармальныя там рэчы напісаныя. Дык давайце яе рэалізоўваць бяз шуму і гоману».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG