Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАТО не пацьвярджае адвод расейскіх войскаў ад мяжы з Украінай


Генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн заявіў, што доказаў адводу расейскіх войскаў ад усходняй мяжы з Украінай няма.

«На жаль я не магу пацвердзіць, што Расія адводзіць свае войскі. Гэта не тое, што мы бачылі. І такая масыўная вайсковая прысутнасьць ня можа ніякім чынам прывесьці да дээскаляцыі сытуацыі, што мы ўсе хочам бачыць», — сказаў Расмусэн, выступаючы перад сустрэчай міністраў замежных спраў краін НАТО, дзе маюць абмяркоўваць пытаньне Ўкраіны.

Ён таксама адзначыў, што Расія сваімі дзеяньнямі падрывае прынцыпы, на якіх грунтуецца яе партнэрства з альянсам. «Дзеяньні Расеі непрымальныя... Мы ня можам працягваць наша супрацоўніцтва з Расеяй як раней», — сказаў Расмусэн.

Учора Міністэрства абароны Расіі заявіла аб адклiканьнi мотастралковага батальёну ад мяжы Расеі з Украінай. Ніякай інфармацыі аб войсках, якія адыходзяць ад мяжы, няма.

У той жа дзень Міністэрства абароны Украіны заявіла, што Расея, як уяўляецца, паменшыла колькасьць сваіх войскаў на мяжы.

Міністар замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў, што такія паведамленьні зьяўляюцца «невялікім сыгналам, што сытуацыя становіцца менш напружанай».

Аб памяншэньні колькасьці расейскіх войскаў на мяжы з Украінай таксама напісаў на сваёй старонцы ў Facebook кіраўнік Цэнтру вайскова-палітычных дасьледаваньняў Дзмітрый Цімчук.

Расея на працягу месяца разгарнула дзесяткі тысяч салдат на мяжы з Украінай.
XS
SM
MD
LG