Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Газпром» захацеў — вакзал зьнішчаюць


З 1 красавіка з Маскоўскага аўтавакзалу сталіцы больш не адпраўляюцца міжгароднія і прыгарадныя аўтобусы.

Узьведзены дзесяць год таму будынак будзе зьнішчаны, бо пляцоўка, на якім ён разьмешчаны, спадабалася гаспадарам «Газпрому». Яны зьбіраюцца пабудаваць тут свой новы офіс.

За арыгінальнае архітэктурнае рашэньне, высокія мастацкія якасьці галоўны архітэктар аўтавакзалу «Маскоўскі» Мікалай Навумаў у 2003 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. А ў 2011 годзе месца, дзе знаходзіцца аўтавакзал, прыглянулася кіраўніку "Газпрому« Аляксею Мілеру. У выніку будынак зьнясуць, а на гэтым месцы зьявіцца офіс «Газпраму», бізнэс-цэнтры, гандлёвыя і забаўляльныя комплексы.

Маскоўскі аўтавакзал грамадзкасьць спрабавала адстаяць. Сабралі больш за 5 тысяч подпісаў на паперы, і 6 тысяч — электронных. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Віктар Талмачоў зьвяртаўся ў дзясяткі інстанцыяў, пачынаючы ад Першамайскага райвыканкаму, Менгарвыканкаму, Менгарсавету. Хадзіў на прыёмы да міністраў, у адміністрацыю прэзыдэнта. Напісаў звароты і ў Маскву:

«Непасрэдна на імя Пуціна адправіў два лісты. Мне адказалі, што адзін ліст перанакіравалі ў расейскае Міністэрства энэргетыкі, а другі — у адміністрацыю Пуціна. То бок адміністрацыя прэзыдэнта — у курсе».

Не дапамаглі ні шматлікія звароты і просьбы грамадзянаў, ні паходы ў высокія інстанцыі. Высокія чыноўнікі Менгарвыканкаму, Менсктрансу, Міністэрства транспарту запэўнівалі, што вакзал нерэнтабэльны, пасажырапаток маленькі, і ўсе маршруты можна без праблем перанесьці на іншыя аўтавакзалы і дыспэтчарскія станцыі.

1 красавіка сам будынак вакзалу быў яшчэ адкрыты, але на ўсіх касах шыльдачкі, што яны не працуюць. Усе дзьверы, дзе мясьцілася адміністрацыя, зачыненыя. На другім паверсе працуе кавярня і пакой адпачынку. Пасажыры па звычцы прыходзяць, абураюцца:

«Цяпер трэба думаць, як дабрацца дадому ў пасёлак Усеж. У пасёлак Усеж — зь дзіцем».

Карэспандэнтка: «А адкуль зараз туды аўтобусы ідуць?»

«Ня ведаю. Я, напрыклад, ня ведаю».

Карэспандэнтка:"Ведаеце, што гэты вакзал закрылі?"

«Абвестка вісіць. Мне казалі, што соты аўтобус туды пойдзе, але аўтобус мяне прывёз сюды, а не на Славінскага. А на Славінскага дрэнна дабірацца. Я ня ведаю, як — я сам з Малінаўкі».

«Змагаліся—змагаліся за гэты вакзал, але нічога не атрымалася».

«Дрэнна. Звычайна адсюль шмат зручных маршрутаў было».

«Вельмі дрэнна, што зачынілі. Вельмі добры і прыгожы вакзал быў. І навошта зачынілі, не разумею. Столькі людзей абураецца, але хто нас слухае? Відаць, грошы дзяржаве спатрэбіліся».

«Я не тутэйшая, я прыежджая. Да гэтага вакзала прызвычаіліся, вельмі любілі яго. А цяпер — я нават ня ведаю, дзе Ўсходні, іншыя станцыі. Як дабрацца? Даводзіцца з прыватнікамі дамаўляцца. Нязручна. Праўда, мы вельмі любілі гэты вакзал, і вельмі шкада, што яго ня стане».

«Гэта самы зручны вакзал у горадзе-героі Менску. І вельмі крыўдна, што яго не адстаялі, хаця зьбіралі подпісы. Нам, маладым, крыху прасьцей, а пэнсіянэраў шкада: сюды было вельмі зручна дабірацца, добрая транспартная структура, усё побач. А цяпер іх параскідалі, як сабак, па будках. Нейкія станцыі зрабілі. На плошчы Бангалор нават навесу няма. Зраніцы, калі шмат народу, дзе бабулям схавацца ад дажджу? Я лічу, што гэта няправільная палітыка дзяржавы».

Прыгарадныя маршруты з «Маскоўскага» перанесьлі на дыспэтчарскія пункты Карастаянавай, Славінскага, Уручча-2, плошчу Бангалор. Дабрацца туды даволі складана. Да Славінскага абяцалі пусьціць соты аўтобус. Але 1 красавіка ён па-ранейшаму хадзіў да аўтавакзалу «Маскоўскі». Больш-менш прыдатная аўтастанцыя для пасажыраў — з заляй чаканьня, буфэтам, прыбіральнямі — пакуль толькі на Карастаянавай.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG