Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Зісер: Нічога лепшага за электронную пошту не прыдумана


Юры Зісер

Юры Зісер

1 красавіка спаўняецца 10 гадоў з утварэньня папулярнага паштовага сэрвэру — gmail.com.

Радыё Свабода пагутарыла з заснавальнікам і саўладальнікам інтэрнэт-рэсурса Tut.by Юрыем Зісерам. У 2008 годзе ён заключыў пагадненьні з кампаніяй Google, якая на бясплатных умовах перавяла папулярную пошту Tut.by на свой рухавік.

— Юры Анатольевіч, сёньня, у час фэйсбука і вялікай колькасьці мэсэнджэраў ці застаецца электронная пошта патрэбнай?

— Пакуль яшчэ электронная пошта папулярная. Нічога лепшага для калектыўнага абмену інфармацыяй не прыдумана. У пошце можна ўказаць адразу шмат адрасатаў — і гэта перавага ў параўнаньні з мэсэнджэрамі. Папулярная праграма скайп, напрыклад, не дапускае перадачы паведамленьня, калі абодва суразмоўцы не знаходзяцца адначасова онлайн. У пошце гэта ня мае значэньня. Таксама ў пошце вельмі зручна шукаць інфармацыю, у той час, як у сацыяльных сетках няма інструмэнтаў пошуку. Таму, нягледзячы на тое, што ўплыў сацыяльных мэсэнджэраў будзе расьці, я ня думаю, што яны змогуць паўнавартасна замяніць электронную пошту.

— У беларускай дамэннай зоне пошта на tut.by самая папулярная?

— Статыстыкі дакладнай няма. Але паводле маіх адчуваньняў, сярод самых папулярных паштовых сэрвісаў у беларусаў —gmail.com, mail.ru і tut.by. Сярод тых, якія знаходзяцца ў беларускай дамэннай зоне, самая вялікая колькасьць скрыняў на нашым рэсурсе. У нас больш за 2 мільёны акаўнтаў. Кожны дзень ствараецца яшчэ некалькі тысячаў.

— Сёньня спаўняецца 10 гадоў пошце Gmail.com. У сувязі з гэтай датай скажыце, чаму tut.by перайшоў менавіта на гэты рухавік?

— Першыя 8 гадоў існаваньня tut.by мы былі на іншым рухавіку, які мы калісьці купілі. Але пасьля той рухавік перастаў разьвівацца, у ім зьявілася вялікая колькасьць спаму, якому немагчыма было даць рады. Да таго ж той рухавік быў вельмі дарагі. Тады ў 2008 годзе, калі зьявіўся GoogleApps, мы атрымалі прапанову бясплатна перавесьці ў тэставым рэжыме пошту на рухавік Google. Зараз ужо даўно такая паслуга бясплатна ня робіцца, а мы пасьпелі заскочыць у апошні вагон. Цяпер гэтая паслуга платная, аднак кампанія Google ня будзе шкодзіць сваім старым кліентам, таму мы засталі на ўмовах бясплатнага карыстаньня.

— Вашыя карыстальнікі задаволеныя поштай tut.by на рухавіку Google?

— Вельмі па-рознаму. Далёка ня ўсім падабаецца гэтая пошта. Некаторыя сварацца, не разумеючы, што гэта ня наш рухавік і мы там нічога выправіць ці зьмяніць ня можам. Проста ў інтэрнэце часта перамагае ня лепшае, а найбольш папулярнае, тое, вакол чаго шмат шуму. Я ня думаю, што пошта Google на момант нашага пераходу на яе была найлепшай, проста ўсе выданьні пісалі толькі пра Google, да таго ж гэтая кампанія прапанавала добрыя ўмовы.

— Некаторыя палітыкі ўпарта ня хочуць пераходзіць на gmail.com ці tut.by, працягваючы карыстацца поштай на yahoo.com. З чым гэта зьвязана?

— Yahoo.com да гэтага часу мае найбольшую колькасьць электронных скрыняў у сьвеце. Таму, магчыма, тыя людзі абсалютна правільна робяць, ня здраджваючы гэтаму сэрвісу. Yahoo.com мае вельмі добрую пошту, якая дакладна ня горш за пошту Google. Але ў яе ёсьць істотны недахоп — паштовы кліент можна выкарыстоўваць толькі ў платнай вэрсіі. Напрыклад, мая першая электронная скрыня знаходзіцца на Yahoo.com, іншая справа, што я яе амаль што не выкарыстоўваю, таму што гэта нязручна. Yahoo.com не прасоўваецца ў расейскамоўных краінах, ён застаўся амэрыканскім парталам. Я перакананы, што калі б у свой час Yahoo.com зрабіла б стаўку на піяр і ўклала ў раскрутку такія ж грошы, які тое зрабіў Google, то гэтая пошта таксама б выкарыстоўвалася шырока. Google на старце ўклала 50 мільёнаў даляраў толькі ў раскрутку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG