Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія тэлеканалы: тэхналёгія замбаваньня


Дзьмітры Кісялёў

Дзьмітры Кісялёў

У сацыяльных сетках Facebook і Вконтакте зьявіўся рэсурс «Антыпрапаганда – аналіз выпускаў навінаў», аўтары якога робяць маніторынг інфармацыйных выпускаў фэдэральных тэлеканалаў. Прапануем вам фрагмэнт аналізу «Вестей недели с Дмитрием Киселевым», перадача выйшла ў эфір тэлеканалу «Россия-1» 30.03.2014 у 20:00.

Перамовы Джона Керы і Сяргея Лаўрова ў Парыжы


У пачатку выпуску прыводзіцца тэрміновае паведамленьне аб сустрэчы Джона Керы і Сяргея Лаўрова.

Выкарыстаныя мэтады:

Лінгвапрапаганда. «Рашэньне ўбачыцца было прынятае вокамгненна». Аднак інфармацыя аб маючай адбыцца сустрэчы была атрыманая яшчэ ў суботу.

Крым перайшоў на маскоўскі час


Дзьмітры Кісялёў паведаміў, што Крым у ноч з суботы на нядзелю перайшоў на маскоўскі час.

Мэтадаў прапаганды ня выяўлена.

Крым – першы гатунак


Перад рэпартажам Дзьмітры Кісялёў прамовіў эмацыйны камэнтар, у якім выкарыстаў такія мэтады прапаганды, як «падмена факту меркаваньнем» і «лягічныя памылкі». Сам рэпартаж падаваў сытуацыю ў Крыме аднабакова. Сьцьвярджалася, што на працягу тых гадоў, пакуль Крым быў тэрыторыяй Украіны, яна не ўкладала грошы ў яго разьвіцьцё таму, што лічыла Крым «тэрыторыяй другога гатунку», прадугледжвала, што «ўсё роўна Крым калі-небудзь сплыве».

Выкарыстаныя мэтады:

Падмена факту меркаваньнем. «Людзі ў Крыме цяпер шчыра радыя, таму што яны перасталі быць людзьмі другога гатунку на тэрыторыі другога гатунку», «ды ўвогуле ня трэба нічога разьвіваць. Усё роўна Крым калі-небудзь сплыве», «як засьвечаная кінастужка аднаўленьню не падлягаюць і кілямэтры ўзьбярэжжа», «навука канчаткова не развалілася толькі таму, што савецкага запасу трываласьці хапіла». Усе гэтыя сьцьвярджэньні засноўваюцца на асабістым меркаваньні Дзьмітрыя Кісялёва і аўтара рэпартажу, аднак падаюцца як факт.

Воінскія часткі ў Крыме паднялі расейскі сьцяг


Дзьмітры Кісялёў распавядае пра тое, што ўсе вайсковыя часткі на тэрыторыі Крыму паднялі расейскі сьцяг. Кажа, што вялікая частка вайскоўцаў у Крыме вырашыла застацца і прыняць расейскую прысягу або сысьці з вайсковай службы. Далей Дзьмітры Кісялёў разважае, чаму так адбылося. Падчас усёй сваёй прамовы ён выкарыстоўвае прыёмы прапаганды. Усе яго развагі і здагадкі будуюцца толькі на яго асабістым меркаваньні і не падмацоўваюцца ніякімі фактамі.

Выкарыстаныя мэтады:

Падмена факту меркаваньнем. «Пагарджаючы войскам, кіеўскія путчысты пагарджаюць самой дзяржавай». Нельга сказаць, што цяперашняя ўлада пагарджае войскам. Наадварот, многія палітыкі заяўляюць аб павелічэньні вайсковых выдаткаў.

Лінгвапрапаганда. «Дзе амэрыканцы бамбуюць і страляюць, Расея дзейнічае бяз зброі». Параўноўваюцца абсалютна розныя сытуацыі. «Украінскія ўлады здрадзілі ўкраінскаму войску». Украінская ўлада не змагла прыняць своечасовых рашэньняў у пытаньні арміі і Крыму, але гэта не значыць, што войску здрадзілі.

Хлусьня. «Ніякіх ствалоў журналісты, якія кінуліся ў Крым, ня бачылі». У вялікай колькасьці розных крыніцаў паведамляецца аб вайсковай прысутнасьці Расеі ў Крыме.

Свой чалавек. «Ролікі па тэліку круцяць», «усю вайсковую тэхніку мы грузім». Вядучы стварае ў гледача адчуваньне дачыненьня да таго, што адбываецца ў Крыме.

Наўмысная нявызначанасьць. «Вы думаеце, не было процідзеяньня? Было. Не хацелі правакацый? Хацелі». Не ўдакладняецца, хто менавіта хацеў правакацый і якога роду супрацьдзеяньне было.

Культ асобы. «Пуцін дзякуе? Так, але і сам ён варты падзякі». Асабістае меркаваньне Дзьмітрыя Кісялёва, якое стварае ўражаньне, што Пуцін – герой, якому народ павінен быць удзячны.

Прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне


Сюжэт распавядае аб маючых адбыцца выбарах прэзыдэнта Ўкраіны і раскладзе палітычных сілаў. Згадваецца апытаньне, па выніках якога лідзіруе Пётар Парашэнка. Аднак Дзьмітры Кісялёў мяркуе, што ня варта давяраць вынікам гэтага апытаньня. Сам аўтар сюжэту таксама часта падмяняе факты уласным меркаваньнем, распавядаючы пра тое, як праходзіць падрыхтоўка да выбараў.

Выкарыстаныя мэтады:

Страх, няяснасьць, сумневы. «Па рэйтынгах Парашэнка лідзіруе, але лічбы апытаньня хутчэй за ўсё нерэальныя і надзьмутымі грашыма». Нягледзячы на тое, што апытаньне праводзілася вядучымі ўкраінскімі сацыялягічнымі службамі, Дзьмітры Кісялёў правакуе недавер да вынікаў апытаньня.

Дэзінфармацыя. «Ды яшчэ ня верыцца, што ў праваслаўнай краіне лідэрам можа быць той, для каго праваслаўе зьяўляецца лаянкай». Дэманструюцца кадры, дзе Пётар Парашэнка кажа чалавеку: «Крыжа на табе няма! Праваслаўны, ***». З кадраў зразумела, што Парашэнка абвінавачвае чалавека ў крывадушнасьці. Але гэта ня значыць, што праваслаўе для Пятра зьяўляецца лаянкай.

Падмена факту меркаваньнем. «Праблема ў тым, што выбары рыхтуюцца ў абстаноўцы няспыннага гвалту і таму вынік непрадказальны», «для Юліі Цімашэнкі значна важней не што сказаць, а як», «відавочна, ход узгоднены з Захадам» – гаворка ідзе аб зьняцьці Віталя Клічка з прэзыдэнцкай гонкі.

Паўпраўда. «А вось каралева Майдану (Юлія Цімашэнка) сапраўднасьць прызнала». Гаворка ідзе пра выкладзеныя ў Сеціве запісы размовы Юліі Цімашэнкі з былым намесьнікам сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Нестарам Шуфрычам. Юлія Цімашэнка сапраўды прызнала сапраўднасьць размовы, аднак удакладніла, што запіс быў змантажаваны.

Правакаваньне незадаволенасьці. «Каб не забывалі, на чыіх штыхах прыйшла да ўлады сёньняшняя хунта» – гаворка пра акцыю «Правага сэктару» каля будынку Вярхоўнай Рады. У падзеях, якія прывялі да зьмены ўлады, удзельнічалі ня толькі прадстаўнікі «Правага сэктару», таму такі выраз некарэктны.

Лягічныя памылкі. «Зьезд Партыі рэгіёнаў прайшоў у Кіеве, на левым беразе Дняпра. І ў гэтым ёсьць сэнс: большасьць людзей, якія падтрымліваюць Партыю рэгіёнаў, жывуць якраз на левым беразе Дняпра». Месца правядзеньня зьезду партыі зьвязваецца з тым, дзе гэтая партыя мае найбольшую падтрымку.

Лінгвапрапаганда. «Беглі так, што давялося пераскокваць праз стойкі гардэробу». Гаворка ідзе пра дэпутатаў Рады, якім давялося пакінуць будынак праз падземны ход, паколькі ў галоўнага ўваходу праходзіла акцыя «Правага сэктару».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG