Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску плянуюць мітынг салідарнасьці з Украінай


Ігар Лялькоў

Ігар Лялькоў

Прадстаўнікі Партыі БНФ падалі заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне 6 красавіка мітынгу салідарнасьці з Украінай.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў распавёў карэспандэнту Свабоды, што пра лёс заяўкі будзе вядома 1 красавіка.

«Партыя БНФ ад самага пачатку ўкраінскіх падзеяў заўсёды ў сваіх дакумэнтах і выступах выказвала падтрымку ўкраінскаму народу. Падчас Дня Волі салідарнасьць з Украінай была адной з галоўных тэмаў. Цяпер ёсьць намер правесьці мітынг у падтрымку незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны».

Лялькоў адзначыў, што гэта ўжо другая спроба правесьці мітынг, бо першую заяўку на 30 сакавіка Менгарвыканкам не задаволіў. Тады арганізатары хацелі скарыстаць пляцоўку каля помніка Тарасу Шаўчэнку ў Сьцяпанаўскім садзе на рагу вуліц Кісялёва і Старавіленскай.

«Пакуль захоўваецца пагроза ўварваньня расейскіх войскаў далей на тэрыторыю мацерыковай Украіны, пакуль гэтая пагроза ня зьнікне зусім, наша салідарнасьць заўсёды будзе дарэчы. Таму калі нам не дазволяць на 6-га красавіка, мы маем намер падаваць далей заяўкі на правядзеньне падобных мерапрыемстваў салідарнасьці, пакуль гэтая пагроза для братняй Украіны існуе», — адзначыў Лялькоў.

Паводле намесьніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, узрушыла тое, што прадстаўнік Беларусі прагаласаваў на Генасамблеі ААН супраць цэласнасьці Ўкраіны і падтрымаў акупацыю Крыму. Гэта і стала асноўным штуршком, каб правесьці акцыю салідарнасьці.

«Партыя БНФ — праціўнік анэксіі Крыму Расеяй. Межы павінны быць непарушныя. Менавіта анэксія Крыму парушае ўсе дамовы. А гарантыі, якія даваліся Ўкраіне і Беларусі пасьля вываду ядзернай зброі, атрымліваецца, ня маюць ніякай вагі. БНФ лічыць: калі сьвет ня зьверне ўвагі на падзеі вакол Украіны, то і Беларусь можа стаць ахвярай Расейскай Фэдэрацыі».
XS
SM
MD
LG