Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці гатовыя беларусы аб'яднацца перад зьнешняй пагрозай


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

«Ляжаць у адным акопе маладафронтавец і бээрэсэмавец... Працягніце сюжэтную лінію», – прапанаваў я чытачам у сваім фэйсбуку. У выніку: пара дасьціпных жартаў, і адно рэзюмэ – гэтага ня можа быць!

Ня можа, маўляў, бо ўсе, хто за Лукашэнку – яны за Расею. Насамрэч, гэты стэрэатып – зь мінулага жыцьця. Тыя, хто за бел-чырвона-белы сьцяг, – тыя за вольную незалежную Беларусь. А тыя, хто за чырвона-зялёны, – за СССР, БССР і ў выніку за Расею.

Vitali Tsyhankou: – «Колькі разоў у кумпаніі новых людзей, пачуўшы зацятыя мацюкі на адрас Лукашэнкі, думаеш «во, наш чалавек». Але потым «наш чалавек» выдасьць што-небудзь накшталт «ды мне ўсё пофіг, хачу зваліць хоць куды-небудзь» ці нават – «ды лепш бы нас Расея захапіла, заробкі былі б большыя».

Зь іншага боку, я асабіста сустракаў людзей, якія не прымаюць ідэалёгію бел-чырвона-белага сьцяга, але яны за незалежную сувэрэнную Беларусь, «ніякія Расеі нам не патрэбныя».

Трэці, магчыма, самы распаўсюджаны, варыянт успрыняцьця беларусамі сусьветных падзеяў – гэта адбываецца ня з намі. Нават калі падзеі насунуліся непасрэдна да межаў краіны.

Вось сцэнка з крамы ў спальным раёне Менску, дзе спрачаюцца пакупнікі, пакуль стаяць у чарзе да касы.

Першы: «Крым – расейская зямля, яго Кацярына ІІ далучыла яшчэ ў канцы 18 стагодзьдзя!». Другі: «Дык Расея тады і землі Беларусі захапіла ў складзе Рэчы Паспалітай». Першы: «Нуууу... Вы яшчэ Цара Гароха ўзгадайце!».

Ад канца 18 ст. і па сёньня беларусы разам з многімі іншымі народамі жывуць у расейскім інфармацыйным полі. Ці наўпроставым, як у Беларусі. Ці ўскосным, як краіны Балтыі ці Закаўказьзя.

І вось на нашых вачох інфармацыйны вулькан, які апошнія 20 гадоў адно пускаў дым, пачаў выкідаць попел і лаву. Інфармацыя-лава цячэ, і назаўжды зьмяняе навакольны краявід, часам абсалютна нечаканым і парадаксальным чынам.

Вось Yury Zisser зьвінавачваецца ў «махровым русафобстве» і залічаецца да ворагаў расейскага народа.

За артыкул, дзе Юры Зісер выказвае сваё непрыняцьце расейскай інтэрвэнцыі ва Ўкраіну.

Той самы Юры Зісер, які часам гіпэртрафавана ўяўляе пагрозу беларускага (і ня толькі беларускага) нацыяналізму, падкрэсьлівае свой інтэрнацыяналізм, і прыналежнасьць да некалькіх культураў.

Там жа ў камэнтах да паста Зісера піша Victor Martinovich: – «Здаецца, час мысьленьня мінуў. Палеміка па гэтым пытаньні (Расея і Крым – С.К.) – гэта такі калейдаскоп з клішэ, цэтлікаў і ярлыкоў».

Перад расейскай пагрозай калейдаскоп складаецца ў нечаканыя раней малюнкі.

Праціўнік Лукашэнкі апынаецца прыхільнікам Расеі; масквіч, які пераехаў жыць у Менск, стае на бок незалежнасьці Беларусі; прыхільнік Лукашэнкі пагаджаецца, што перад пагрозай незалежнасьці краіны ён гатовы стаць плячом да пляча з носьбітам ідэяў нацыянальна-дэмакратычнай дзяржавы.

Як ва Ўкраіне, дзе самаабаронаўцы і ВВэшнікі цяпер харчуюцца ў адной сталоўцы, і завуцца адной назвай – «нацыянальная гвардыя».

Andrey Dzmitryeu: – «Як вы лічыце, калі ў Беларусі ня можа быць мільённага войска, ці варта прынцыпова зьмяніць вайсковую падрыхтоўку?.. У партызанскай вайне ваююць усе, разьмежаваньня паводле полу няма».

Пытаньне толькі ў тым, ці гатовыя людзі пад бел-чырвона-белым сьцягам сесьці ў адзін акоп з ідэйнымі апанэнтамі ўнутры краіны?

Калі мы з калегамі працавалі над анімацыйным фільмам «Будзьма беларусамі!», самыя вялікія спрэчкі вяліся пра зьмест гісторыі Беларусі пасьля Другой сусьветнай вайны.

Ці «нашыя» савецкія касманаўты-беларусы? Ці «наш» савецкі партыйны дзяяч Пётар Машэраў? Што «наша», а што – не?

На мой погляд, сёньня перад імавернай зьнешняй пагрозай «нашы» і «наша» – усе і ўсё, што працуе на незалежнасьць краіны. Мы з часам знойдзем кампрамісы адзін з адным. Пры ўмове, што ўважаем Беларусь за супольны дом.

Я сяду ва ўмоўны акоп з «камуністам-інтэрнацыяналістам». Так ужо было пасьля канстытуцыйнага перавароту 1996-га, калі людзі пад бел-чырвона-белымі і савецкімі сьцягамі адначасова выйшлі на мітынгі пратэсту.

Пасьля ліквідацыі зьнешняй пагрозы нашае ідэйнае спаборніцтва працягнецца. Але гэта будзе наша – беларускае незалежнае спаборніцтва ўнутры нашага супольнага дому.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG