Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька пра выбары 2015 году: Яны будуць больш суворымі


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

31 сакавіка з турмы на Акрэсьціна пасьля 15 сутак арышту выйшаў лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

Анатоля Лябедзьку каля турэмнай брамы сустракалі жонка з сынам, калегі па партыі і апазыцыйнай барацьбе, журналісты, а таксама актывісты Ўладзімер Раманоўскі і Аляксандар Арастовіч, зь якімі Анатоль Лябедзька апынуўся ў адной камэры 23 сакавіка, калі праходзілі выбары ў мясцовыя саветы. Як мяркуе Анатоль Лябедзька, апазыцыянэраў сабралі ў адной камэры, каб не агітавалі іншых вязьняў байкатаваць выбары. Палітычныя ўдзельнічаць у выбарах адмовіліся. Анатоль Лябедзька згадаў, што адказаў міліцыянтам на гэтую прапанову.

«Нас „мякка“ прымусілі прыйсьці на выбарчы ўчастак, дзе сядзелі два смурныя чалавекі ў цывільным і стаялі чалавек 12 міліцыянтаў у форме, афіцэры, у тым ліку палкоўнікі. Калі мне прапанавалі прагаласаваць, я ў адказ спытаў, ці гуляюць яны ў напарсткі. Сказаў: бачу па вас, што вы не гуляеце, а чаму тады прапаноўваеце мне? Адзін зь іх сказаў, што ня трэба тут мітынгаў... Назаўтра ў звычайнай камэры запытаў у вязьняў, ці яны галасавалі. Адказваюць, што так. А за каго? Ня памятаюць. Мяркую, што такіх пераважная большасьць была на гэтых выбарах, якія ў нядзелю прагаласавалі, а ў панядзелак ужо ня памятаюць, за каго яны галасавалі».

Анатоль Лябедзька паведаміў, што цягам 15 дзён яму не дазвалялі скарыстацца тэлефонам, хоць права на тэлефанаваньні з Акрэсьціна нібыта ёсьць, а таксама на волю не прапусьцілі ніводнага ліста. «Пісаў лісты, але складаў іх у сябе. Яшчэ некалькі такіх арыштаў, і можна будзе чарговую кніжку напісаць», — пажартаваў палітык.
Мяркую, што такіх пераважная большасьць была на гэтых выбарах, якія ў нядзелю прагаласавалі, а ў панядзелак ужо ня памятаюць, за каго яны галасавалі

15 сакавіка Анатоля Лябедзьку затрымалі на дазволеным выбарчым пікеце каля Камароўскага рынку. Актывісты БРСМ Марозік, Шакуля і Мулярчык сьведчылі на судзе, што лідэр АГП нібыта штурхаўся і крычаў, не даваў ім праводзіць сваю агітацыю. Гэтыя паказаньні Анатоль Лябедзька назваў хлусьлівымі. Разам зь Лябедзькам у тым жа Савецкім судзе былі асуджаныя да арышту яшчэ 4 актывісты АГП, а дзьве актывісткі атрымалі грашовыя штрафы. Што думае Анатоль Лябедзька пра вынікі выбарчай кампаніі? Ці варта было ў ёй удзельнічаць, калі ніводзін сябар партыі ня быў абраны, а некаторых за актыўнасьць пакаралі? Анатоль Лябедзька мяркуе, што змаганьне не было дарэмным.

«Вядома, 15 дзён знаходжаньня тут — больш мінусаў, чым плюсаў. Але ёсьць і відавочныя плюсы. Тое, што ўлада правяла адносна мяне, маіх паплечнікаў па АГП і аднадумцаў, — гэта такая спэцапэрацыя. Але яна дазваляе зрабіць выснову, што абраныя намі тактыка і стратэгія выбарчай кампаніі былі правільнымі. Гэта ўжо другая кампанія, калі мы спрабуем прапаноўваць свой сцэнар, а не прымаць той, які прапануе ўлада. Гэта спрацоўвае, бо мы былі бадай што галоўнымі інвэстарамі доказаў абсурднасьці і нават шызафрэнічнасьці гэтай кампаніі. Калі, паводле маіх падлікаў да пасадкі, 18 кандыдатаў у дэпутаты, давераных асобаў, сяброў ініцыятыўных групаў кандыдатаў ад АГП былі затрыманыя незаконна. Іх прапусьцілі праз суды, палова зь іх сядзелі. Дык пра якія выбары можна гаварыць? У Беларусі гэта поўны абсурд. Тут, на Акрэсьціна, я падумаў, што гэта была генэральная рэпэтыцыя прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году. У лічбавых парамэтрах і ў тым, што будзе з тымі, хто возьме ўдзел у гэтай кампаніі. Цяпер зразумела, што ніякіх правілаў няма. У параўнаньні зь мінулымі выбарамі кампанія 2015 году будзе яшчэ больш жорсткай і суворай».
XS
SM
MD
LG